Анатоля Мышкевіча аштрафавалі на 14 базавых

14 базавых адзінак адміністрацыйнага штрафу прысудзіў суддзя Юры Біч гарадзенцу Анатолю Мышкевічу, паведамляе Радыё Рацыя.
Суд над грамадскім актывістам, каардынатарам цывільнай ініцыятывы «Гародня» Анатолем Мышкевічам прайшоў у гарадзенскім Ленінскім раённым судзе. Разглядалася яго адміністрацыйная справа паводле артыкула 23.34 частка 1 — «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства». Сваёй віны Анатоль не прызнаў.

Я раздаваў улёткі. Змест іх быў такі ж самы, як і на плакаце. Гэта надпіс: «Мы помнім, не дазволім паўтарыць». Былі выявы гэтых чатырох чалавек. Людзям, калі даваў улёткі, нагадваў, казаў, што ў гэты дзень адбылося. Калі я пачынаў расказваць, то ўсе помняць пра гэтых людзей, і ўсе былі абураныя. Усе добра разумеюць, што людзі, якія былі ва ўладзе, каб утрымаць уладу, былі гатовая пайсці на любое злачынства.

16-га верасня сёлета Анатоль правёў адзіночную акцыю. На муры аднаго з дамоў з’явіўся плакат са здымкамі зніклых беларусаў: Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Змітра Завадскага. Праваабаронцы ўважаюць падобныя судовыя працэсы ціскам на правы грамадзянаў у магчымасці публічнага выказвання ўласнай думкі. У суд, падтрымаць Анатоля Мышкевіча, прыйшлі сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі ды Партыі БНФ.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: