Андрэй Дзмітрыеў заявіў аб вылучэнні на пасаду прэзідэнта

Сустаршыня грамадскага аб'яднання «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў заявіў пра свой намер вылучацца кандыдатам на пасаду прэзідэнта.
Андрэй Дзмітрыеў

Андрэй Дзмітрыеў

«Я, Андрэй Дзмітрыеў, збіраюся вылучацца кандыдатам у прэзідэнты», — заявіў Дзмітрыеў падчас анлайн-трансляцыі ў Facebook на старонцы аб'яднання.

Ён адзначыў, што шмат разоў дапамагаў людзям, якія трапілі ў бяду. «Умею дамагацца, каб дзяржава чула людзей. Цяпер у бядзе апынуліся мы ўсе разам. Апошнія два месяцы каманда «Гавары праўду», як і тысячы беларусаў па ўсёй краіне, шылі маскі, збіралі шчыткі, дапамагалі ўрачам, дапамагалі людзям, робячы тое, што павінна была рабіць улада. Гэта вар'яцка злуе. Гэта абурае, але і дае мне надзею. Нашы людзі, беларусы, разумныя, дзейныя і спагадлівыя. Мы ведаем, як трэба, і ўмеем дзейнічаць разам», — сказаў Дзмітрыеў.

На яго думку, «улада хворая сардэчнай недастатковасцю, а яе метады зусім састарэлі, і мы з гэтай бядой яшчэ пяць гадоў дакладна не хочам».

Сустаршыня арганізацыі Таццяна Караткевіч, якая балатавалася ў прэзідэнты ў 2015 годзе, стане кіраўніком ініцыятыўнай групы Дзмітрыева.

Як паведамлялася, прэзідэнцкія выбары ў Беларусі адбудуцца 9 жніўня, рашэнне прынята на пазачарговым пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў пятніцу.

Папярэднія прэзідэнцкія выбары ў Беларусі адбылася 11 кастрычніка 2015 года. Яўка выбаршчыкаў на прэзідэнцкіх выбарах склала 86,75%. Перамог Аляксандр Лукашэнка, набраўшы 83,5% галасоў. Лукашэнка застаецца кіраўніком Беларусі з 1994 года.

interfax.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: