Андрэй Суздальцаў: цалкам давяраю інфармацыі Ігара Макара

Раней былы афіцэр спецназа «Алмаз» Ігар Макар паведаміў, што КДБ планаваў фізічную ліквідацыю Андрэя Суздальцава — расійскага палітолага, вядомага крытыка рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

 

У каментары «Белсату» Андрэй Суздальцаў заявіў, што цалкам давярае інфармацыі Ігара Макара. Паводле расійскага эксперта, пэўныя ўскосныя сігналы ён атрымліваў і раней: у прыватнасці, шэраг праўладных беларускіх палітолагаў публічна ў сацсетках выказваліся наконт таго, што Суздальцава трэба фізічна знішчыць. «Сітуацыя была напружаная. Але ж мы не спецыялісты, нам цяжка заўважыць сачэнне за сабою», — адзначае ён.

Суздальцаў кажа, што ў яго былі добрыя стасункі з Шараметам і ён не здзівіўся, што яны абодва былі ў спісе патэнцыйных мэтаў спецслужбаў. «Павел быў, канешне, больш небяспечны, бо ён свой, з Беларусі».

«Чаму гэта не было зроблена ў Маскве ў дачыненні Паўла, у дачыненні мяне? Я магу меркаваць, што ўсё ж паляванне за грамадзянамі Расіі ў Маскве замежнай спецслужбай — гэта ледзь не вайна. Думаю, што на пэўным этапе дзеянні беларускіх спецслужбаў прыцягнулі ўвагу спецслужбаў расійскіх і яны былі вымушаныя адмовіцца ад гэтых планаў. Аднак Павел усё роўна загінуў — у Кіеве. Я не ведаю, ці ёсць там «беларускі след», я палітолаг, а не следчы. Але тое, што агучаны на нарадзе, варыянт знішчэння Паўла цалкам супаў з тым, што адбылося, прымушае задумацца».

Суздальцаў падкрэслівае, што апублікаваныя запісы, якія імаверна былі зроблены на нарадзе КДБ, — гэта вельмі сур’ёзнае абвінавачванне супраць рэжыму Лукашэнкі.

«Фактычна беларускія ўлады займаюцца тэрарыстычнай дзейнасцю на міжнародным узроўні, у іншых краінах. Гэта ўжо варыянт Кадафі», — дадае палітолаг.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: