АНТ пра «вагнераўцаў»: Вылет у Турцыю — прыкрыццё, загадзя планавалі застацца пад Мінскам

Дзяржаўны тэлеканал АНТ вечарам 2 жніўня паведаміў, што атрыманыя звесткі аб затрыманых 33 мужчынах, якіх называюць баевікамі ПВК «Вагнера», сведчаць: вылет у Турцыю — адцягвальны манеўр, спланаваны загадзя, піша svaboda.org.
Кадр з рэпартажу дзяржаўнай тэлевізіі пра затрыманне меркаваных баевікоў

Кадр з рэпартажу дзяржаўнай тэлевізіі пра затрыманне меркаваных баевікоў


Заяву амбасадара Расіі Дзмітрыя Мезенцава пра Турцыю АНТ назвала «канспіралагічнай версіяй».

Тэлеканал паказаў фрагменты сустрэчаў Лукашэнкі з сілавікамі: з шырокім складам Савету бяспекі 29 ліпеня, а таксама сустрэчы 1 жніўня са старшынём Следчага камітэту Іванам Наскевічам і старшынём Камітэту дзяржаўнай бяспекі Валерам Вакульчыкам.

«Я гляджу, прымоўклі іншыя „старэйшыя браты“, ужо не крычаць, што яны пасылалі гэтых хлопцаў у Стамбул, ніякага Стамбулу не было і быць не магло, як выявілася напраўду, — казаў Лукашэнка на другой сустрэчы. — Зразумела, што ў гэтай групы былі іншыя мэты, і задача сьледства — высветліць гэтыя мэты. Я так разумею, гэта толькі першая група са 180 ці 200 чалавек, якую планавалася перакінуць у Беларусь».

Голас за кадрам (імаверна, Вакульчык) пагадзіўся: гэта дакументальна пацверджаныя звесткі.

Лукашэнка дадаў: заявы пра тое, што расійскі бок узгадніў з беларускім прыезд гэтай групы — «гэта поўная лухта».

Падставы для падазрэння ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, паводле АНТ, былі такія:

  • разыходжанні ў паказаннях затрыманых;
  • «цяжка паверыць, што добра арганізаваная група без шкодных звычак магла раптам не арганізавацца настолькі, што не паспела на рэйс»;
  • «нават калі спазніліся, была магчымасць паляцець у наступныя дні»;
  • «ёсць дакументальныя пацверджанні і броні ў мінскім гатэлі, і перапіскі з санаторыем «Беларусачка», калі група знаходзілася яшчэ ў Маскве»;
  • пра тое, што група мела намер паляцець у Стамбул, гавораць менш за палову затрыманых, дадаў Наскевіч, астатнія кажуць пра іншыя месцы;
  • раней у рэпартажы АНТ згадваліся «нехарактэрныя паводзіны і дакладная арганізацыя дзеянняў» групы, баявы досвед мужчынаў.
Наяўнасць або «магчымасць наяўнасці» зброі ў затрыманых цяпер з'яўляецца прадметам расследавання, дадаў Наскевіч. З улікам таго, што ў краіне «магчымае» з'яўленне і іншых асобаў, пра якіх затрыманыя пісалі ў сваіх чатах — да 200 чалавек — праваахоўнікі прымаюць усе магчымыя захады, адзначыў старшыня СК. Іншыя групы баевікоў, кажа дыктар, «на нашай тэрыторыі знаходзіліся або рыхтаваліся прыбыць».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: