Антырэферэндальная Ярмошына

Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына не перастае здзіўляць сваімі заявамі.
© RIA/Scanpix

© RIA/Scanpix


У сваім інтэрв’ю дзяржаўнаму тэлеканалу «Беларусь-24» кіраўніца ЦВК выказалася наконт мэтазгоднасці і выніковасці правядзення плебісцытаў у Беларусі. Ярмошына сказала, што мае дваістае стаўленне да рэферэндумаў. «У пэўныя моманты ён (рэферэндум — аўт.) неабходны, каб зняць нейкі спрэчны момант. З іншага боку, гэта пытанне традыцыі. У Швейцарыі гэта традыцыя, якая прымяняецца штогод, і ніякай драмы не адбываецца. У нас гэта заўжды звязана з нейкім лёсавызначальным выбарам, і таму ў нас кожны рэферэндум абвастрае палітычныя жарсці. Пытанне можна выцягнуць, прыняць рашэнне, а далей што з гэтым рабіць? Гісторыя з Brexit — гэта гісторыя безадказнасці тых палітыкаў, якія ўвогуле выцягнулі гэтае пытанне на народнае абмеркаванне. Тут не можа быць стопрацэнтнай ісціны, гэта мусіла быць палітычнае рашэнне», — заявіла Ярмошына.

Такім чынам, са словаў кіраўніцы ЦВК вынікае, што і папярэднія плебісцыты, якія ладзіліся ў Беларусі, не вартыя даверу, бо нават у самой Ярмошынай паняцце плебісцыту выклікае «дваістае» пачуцце. Тым не менш, менавіта яна арганізоўвала, а потым зацвярджала вынікі рэферэндумаў, якія змянілі лёс краіны, істотна, нават вырашальна паўплывалі на яе далейшае развіццё, выклікалі абурэнне і нязгоду ва ўсім цывілізаваным свеце.

Нагадайма, што гэта былі за плебісцыты.

У 1995 годзе Беларусь пазбавілася нацыянальнай гістарычнай сімволікі — бел-чырвона-белага сцягу і герба «Пагоня», якія ў 1991 годзе сталі дзяржаўнымі атрыбутамі нашай дзяржавы. Да таго ж, беларуская мова страціла статус адзінай дзяржаўнай.

У 1996 годзе пасля рэферэндуму, вынікі якога зацвярджала Ярмошына, прызначаная на пасаду старшыні ЦВК не законным Вярхоўным Саветам, а насуперак Канстытуцыі кіраўніком дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка набыў сапраўды «царскія паўнамоцтвы», у выніку чаго разагнаў законны парламент, пазвальняў суддзяў Канстытуцыйнага суда (праўда, не ўсіх) і гэтак далей. Дарэчы, на тым рэферэндуме, калі верыць яго вынікам, большасць грамадзян выказаліся за захаванне ў Беларусі смяротнага пакарання.

І, нарэшце, пасля трэцяга плебісцыту ў 2004 годзе Лукашэнка праз змены ў Асноўны закон атрымаў права кіраваць Беларуссю незлічоную колькасць разоў. Раней Канстытуцыя прадугледжвала, што адна і тая ж асоба не можа быць абраная прэзідэнтам больш за два разы. І вынік таго плебісцыту зноўку зацвярджала Ярмошына. Прычым, без усялякіх сумневаў.

І вось цяпер прагучалі яе словы пра тое, што яна не асабліва давярае рэферэндумам. Пра недавер створанай у Беларусі сістэме выбараў і правядзення рэферэндумаў не выказваўся толькі лянівы. Вынікі аніводнай электаральнай кампаніі, пачынаючы з 1996 году, не прызнала аніводная міжнародная арганізацыя, за выключэннем «інтэграцыйных» утварэнняў на постсавецкай прасторы кшталту СНД, ці асобных краінаў — Венэсуэлы ды некаторых іншых.

Гэта што? Ярмошына прызнае, што тыя плебысцыты маглі мець сумнеўныя вынікі, іх правядзенне было не зусім мэтазгодным? А як тады быць са шматлікімі спасылкамі Лукашэнкі на вынікі рэферэндума 1996 года ў пытанні пра смяротнае пакаранне? Бо афіцыйны кіраўнік дзяржавы дагэтуль спасылаецца на тое, што тады абсалютная большасць беларусаў прагаласавала супраць адмены расстрэлаў, а сам ён «не можа пайсці супраць волі народа»? Як гэта ўсё спалучаецца са словамі Ярмошынай, якую на пасаду старшыні ЦВК прызначае менавіта Лукашэнка і якая сёння выказвае сумневы наконт мэтазгоднасці саміх плебісцытаў?

Сваімі словамі кіраўнічка ЦВК, да ўсяго іншага, яшчэ раз абразіла выбарцаў. Узгадайма яе словы ў 2010 годзе, калі яна пасля дэманстрацыі пратэсту супраць фальшавання вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня накіроўвала жанчын на кухні гатаваць борш замест таго, каб «шастаць па плошчах», абзывала ўдзельніц вулічных акцыяў пратэсту «дурнымі маці»і таму падобнае. І вось цяпер яна кажа пра тое, што на рэферэндуме кожнае рашэнне «можна выцягнуць». То-бок, «плебс» амаль нічога не вырашае.

А хто ж, калі не тыя, хто ладзіць плебісцыты і падлічвае галасы, «можа выцягнуць» любое пытанне? Гэтыя словы Ярмошынай можна разглядаць і як камень ва ўласны гарод, і як, магчыма, не зусім асэнаваны засядзелай на сваёй пасадзе чыноўніцай плявок у бок больш высокіх уладатрымцаў, што наўпрост стаяць за плебысцытамі і вельмі зацікаўленыя ў іх выніках. Хоць, трэба прызнацца, галасы беларусаў не ўплываюць на сітуацыю і на выбарах, і на рэферэндумах. Бо ўсё вырашае не той, хто галасуе, а той, хто лічыць галасы — завядзёнка, яшчэ прыдуманая Сталіным. «Такая традыцыя», сказала б Ярмошына і мела б рацыю.

Застаецца патынне, што ўсё ж азначалі выказванні старшыні ЦВК у згаданым вышэй інтэрвью. Магчыма, тое, што ўлада больш не будзе ладзіць рэферэндумы, нават калі давядзецца мяняць Асноўны закон, пра што зусім нядаўна сказаў гарант. А гэта значыць, што ўлада праз сваю палітыку больш не ўпэўненая ва ўласным народзе. Сацыяльны кантракт з электаратам выконваць ужо немагчыма, ад Расіі дапамогі, прынамсі, у ранейшых памерах, больш не будзе, а гэта, хочаш ці не хочаш, вымагае перамен.

Улада ведае, што вымушаныя перамены, будуць не даспадобы простым людзям, звыклым да патэрналісцкай сістэмы, калі пра іх ва ўсіх пытаннях «клапоціцца» дзяржава. Таму давяраць людзям вырашэнне ці нават проста зацвярджэнне нейкіх пытанняў праз рэферэндум становіцца небяспечным.  
   

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!