Апазіцыя падала ў суд на ГУУС Мінгарвыканкама

Арганізатары святкавання Дня Волі ў мінскім Кіеўскім скверы падалі іск у суд Маскоўскага раёна сталіцы з патрабаваннем скасавання дамовы з ГУУС Мінгарвыканкама на аказанне паслуг па ахове правапарадку падчас мітынгу 24 сакавіка.
Фота pyx.by

Фота pyx.by

Пра гэта паведаміў кіраўнік руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

Іскавую заяву падалі сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Вольга Кавалькова, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў, кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў і Губарэвіч.

Абгрунтаваннем іску паказана затрыманне палітыкаў Змітра Дашкевіча і Віталя Рымашэўскага людзьмі ў цывільным на ахоўнай пляцоўцы. Пазоўнікі не змаглі дамагчыся ад супрацоўнікаў ГУУС тлумачэння прычын іх дзеянняў, а таксама кантактаў старэйшага супрацоўніка міліцыі, які адказвае за бяспеку мерапрыемствы. Акрамя таго, арганізатары ў пазове згадваюць забарону з боку супрацоўнікаў міліцыі для ўдзельнікаў мітынгу пакідаць мерапрыемства з бел-чырвона-белымі сцягамі пад пагрозай затрымання.

«Падобныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі нанеслі іміджавыя страты заяўнікам мерапрыемства, так як сваімі дзеяннямі яны паказалі, што знаходзіцца на пляцоўцы, дзе праходзіла масавае мерапрыемства, небяспечна і яны не могуць гарантаваць бяспеку як прысутным грамадзянам, так і выступоўцам са сцэны, актывістам і арганізатарам масавага мерапрыемства. Лічым, што супрацоўнікі міліцыі сваімі дзеяннямі спрабавалі знізіць колькасць патэнцыйных удзельнікаў пры правядзенні падобных масавых мерапрыемстваў у будучыні», — адзначылі заяўнікі ў іску.

«Мы перакананыя, што ні адзін суд у Беларусі не пойдзе супраць пазіцыі дзяржаўнага органа, у нас няма практыкі, каб грамадзяне ў спрэчках з дзяржорганамі дамагаліся перамогі. Акрамя таго, гэта пазіцыя не МУС, а тых, хто адказвае ў дзяржапараце за бяспеку вышэйшага кіраўніцтва. Відавочна, што для іх легальныя ці нелегальныя пратэсты не з'яўляюцца прымальнымі, і таму яны шукаюць магчымасці ўвядзення аплаты, што змушае адмовіцца ад правядзення легальных масавых мерапрыемстваў», — сказаў Губарэвіч.

У выпадку адмовы ў судзе арганізатары маюць намер звярнуцца са скаргай у Камітэт ААН па правах чалавека.

У акце на аплату паслуг міліцыі па ахове правапарадку на мітынгу паказаная сума — 6375 рублёў.

29 красавіка суд Цэнтральнага раёна Мінска аштрафаваў Губарэвіча, Казлова і Кавалькову на 30 базавых велічыняў (765 рублёў) кожнага. У дачыненні да іх былі складзены пратаколы на падставе ч. 2 арт. 23.34 КаАП за неаплату на працягу 10 дзён паслуг міліцыі па ахове грамадскага парадку на святкаванні Дня Волі 24 сакавіка ў Кіеўскім скверы. 11 чэрвеня Мінскі гарадскі суд пакінуў у сіле рашэнне суда Цэнтральнага раёна ў дачыненні да Казлова і Губарэвіча.

Паводле палажэння аб парадку аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку, што аказваюцца органамі ўнутраных спраў, расходаў, звязаных з медыцынскім абслугоўваннем, уборкай тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства, зацверджаным урадам у студзені, урэгуляванне рознагалоссяў паміж арганізатарам масавага мерапрыемства і органамі ўнутраных спраў «ажыццяўляецца ў адпаведнасці з умовамі заключаных дагавораў шляхам правядзення перамоў або ў судовым парадку».

naviny.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: