Апошні піск беларускіх інвестыцый

Арышты бізнесоўцаў прывядуць да таго, што бізнесу ў краіне не застанецца. Ніякага бізнесу. І каго потым пачнуць трэсці, як вы думаеце?


У заснавальніка і дырэктара кампаніі «Сармат-Тэрма-Інжынірынг» Аляксандра Кныровіча, затрыманага КДБ і былога ўладальніка ААТ «Мотавела», старшыні назіральнага савета шклозавода «Ялізава» Аляксандра Мураўёва, асуджанага да 11 гадоў з канфіскацыяй, шмат агульнага.

Абодва паспяховыя бізнесоўцы. Абодва спадзяваліся, што можна мець справу з дзяржавай. Абодва думалі, што чыноўнікі зразумеюць: законы бізнесу немагчыма рэгуляваць адміністрацыйна. Розніць іх тое, што Кныровіч казаў пра гэта адкрыта, а Мураўёў асабліва на публіку не лез.

Зараз абодва за кратамі. Мураўёву прысуд вынесены першай інстанцыяй — судом Фрунзенскага раёна Мінска, у Кныровіча ідзе следства па абвінавачванні яго ў нявыплаце падаткаў.

Кныровіча абвінавачваюць у нейкіх «падстаўных тэндэрах» у сістэме ЖКГ. Аляксандр Лукашэнка звыкла праігнараваў і следства, і суд, і прэзумпцыю невінаватасці, выказаўшыся наконт бізнесоўца адназначна: «На ім кляйма ставіць няма дзе, разам з тым дзясяткам, каго арыштавалі... Прабачэння жулікам ніякага не будзе. Злодзей павінен сядзець у турме — вось такую рэзалюцыю я наклаў на даклад старшыні Камітэта дзяржбяспекі. Усе, хто да гэтага датычны, будуць сядзець».

Між тым, блогер Віктар Малішэўскі прасачыў адкрытую інфармацыю па тэндэрах, у якіх удзельнічала кампанія Кныровіча. І не знайшоў там нічога крымінальнага ці падстаўнога. Там, дзе «Сармат-Тэрма-Інжынірынг» даваў лепшыя ўмовы — ён і выйграваў. Дзе горшыя — прайграваў. Мабыць, у следства ёсць іншая інфармацыя, але што гэта тады за «закрытыя» тэндэры дзяржаўных кампаній ЖКГ?

І яшчэ маленькі штрых да справы. Згодна з інфармацыяй, распаўсюджанай КДБ, «Сармат-Тэрма-Інжынірынг» недаплаціў дзяржаве не менш за 2,8 млн рублёў падаткаў. Бацька бізнесоўца, Станіслаў Кныровіч, сказаў журналістам: «ЖКГ застаецца вінная СТІ, то бок Аляксандру, $1,5 млн. за пастаўленую прадукцыю. Калі вы памножыце гэта на курс долара, вы будзеце мець «нясплачаныя» падаткі».

А што можна казаць наконт Мураўёва? Сапраўды, інвестыцыйныя ўмовы «да літары» ён не выканаў. Але немагчыма ўзняць прадпрыемства, якое 10 гадоў знаходзілася ў заняпадзе, імгненна. Проста зазначым, што па дадзеных Мінфіна за 2013 год, калі кіраваў Мураўёў, выручка ААТ «Мотавела» складала 340 млрд. рублёў, чысты прыбытак — 2,9 млрд. Мураўёва арыштавалі ў 2015-м, і ў тым жа годзе чыстыя страты «Мотавела» склалі амаль 123 млрд. рублёў. А прыйшоўшы на замену Мураўёву экс-мэр Мікалай Ладуцька, паабяцаўшы «залатыя горы», пазней раптам прапанаваў пачаць працэдуру банкруцтва…

Арышт Кныровіча і амаль адначасовы прысуд Мураўёву можа паставіць крыж на ўнутраных інвестыцыях. Беларускія бізнесоўцы больш не будуць звязвацца з дзяржавай і ўкладаць грошы ў яе праекты.

Можа, урад і завабіць у Беларусь замежных інвестараў, якія не разумеюць, у якой краіне ім давядзецца весці прадпрымальніцкую дзейнасць. Але такіх будзе ўсё менш і менш.

І не кажыце, што «справа Мураўёва» не паўплывала на інвестыцыйную прывабнасць краіны. За апошнія часы ў Беларусі згарнулі свой бізнес такія монстры, як літоўскі холдынг па перапрацоўцы рыбы і морапрадуктаў Viciunai (уладальнік брэнда Vici) «Вічунай Бел». Скараціў бізнес «Хоум Крэдыт Банк» з чэшска-галандскім капіталам. У 2016-м годзе Мінюст пазбавіў ліцэнзіі агенцтва нерухомасці «Пакадан» — па адной скарзе кліенткі была знішчана фірма, якая працавала 20 гадоў і мела 22 офіса па ўсёй краіне. З беларускага рынку апошнім часам сышлі «Росдзяржстрах», эстонскі Olympic Entertainment Group (казіно і гульнявы бізнес)… І гэта далёка не поўны спіс.

Не ўсе скарачэнні і сыходы наўпрост выкліканыя пасадкамі бізнесоўцаў. Але ўсё гэта кажа пра інвестыцыйны клімат Беларусі і бізнес-клімат увогуле. І ў гэтай сітуацыі рэзанансныя арышты ніяк не спрыяюць паляпшэнню дзелавога іміджу. На аднаго пасаджанага бізнесмена прыйдзецца дзесяць тых, хто згорне сваю актыўнасць у Беларусі.

Канешне, на прыкладзе Чыжа, Баскіна, Паўлоўскага (усе яны «кампенсавалі шкоду дзяржаве» на буйныя сумы) дзяржава зразумела, як можна патрэсці бізнес. Але з Мураўёвым гэтая тэма ўжо не прайшла. Калі так пойдзе далей, бізнесу ў краіне проста не будзе. Ніякага.

І каго потым пачнуць трэсці?

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: