Апошняе слова анархістаў

11 лютага ў судзе Савецкага раёну адбыліся спрэчкі бакоў і прагучала апошняе слова абвінавачаных па сучаснай "справе анархістаў" — Мікіты Емяльянава і Івана Комара.


Справаздача пра першы дзень.

Пракурор Максім Сеніў у сваёй прамове палічыў, што віна падсудных цалкам даказаная па ўсіх эпізодах і папрасіў суд прызнаць іх вінаватымі па артыкулах 341, 295-3 і 344 КК РБ, прызначыўшы абодвум — Комару і Емяльянаву, па 7 год пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Звяртае на сябе ўвагу, што Комару быў запрошаны такі ж самы тэрмін, нягледзячы на актыўнае супрацоўніцтва з дасудовым следствам. На некалькіх лістах "аператыўных размоваў" ён не толькі падрабязна расказаў пра свой удзел у акцыях але і пра ўнутраныя "расклады" ў анархісцкім руху. Тым не менш на трэцім паседжанні ён заявіў, што даваў гэтыя паказанні пад ціскам супрацоўнікаў ГУБАЗіК і адмовіўся ад іх, прызнаўшы віну толькі часткова.

Падчас прамовы адвакат Емяльянава Зміцер Лепрэтар звярнуў увагу на недасканаласць экспертызы, праведзенай на месце запалення бутэлькі з гаручай сумессю, а таксама на тое што з матэрыяльнай шкодай на 1 руб. 48 кап. наўрацці можа ісці гаворка аб "апаганьванні гісторыка-культурнай каштоўнасці". Адвакат таксама заўважыў, што ў абвінавачанні ідзе гаворка пра "пашкоджанне фасаду", аднак усе сведкі з ліку міліцыянтаў кажуць, што былі пашкоджаныя толькі дзверы. Акрамя таго, абодва падсудных падкрэслілі, што мелі мэтай выказванне салідарнасці з Змітром Паліенкам, а не пашкоджанне гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Дзмітрый Лепрэтар папрасіў суд апраўдаць Емяльянава па артыкулах 341 і 344, а па 295-3 — спыніць пераслед па малазначнасці ўчынку.

Людміла Казак, адвакатка Івана Комара, прамаўляла доўга, каля сарака хвілін. Яна рабіла ўхіл на недаказанасць першага выпадку з атакай кактэйля Молатава на СІЗА, а па другім прасіла спыніць пераслед за нязначнасцю шкоды.

Апошнія словы абвінавачаных адрозніваліся даволі моцна.

Іван Комар прамаўляў вельмі ціха. Ён сказаў, што не разлічвае на апраўдальны прысуд, але просіць суд не назначаць яму пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі. І дадаў што "матыў абвінавачання відавочны".

Мікіта Емяльянаў сказаў: "У барацьбе за свабоду, справядлівасць і правы чалавека мэты апраўдваюць сродкі. Аднак я лічу шкоду ад сваіх дзеянняў нязначнай, а матэрыяльныя страты ўжо былі пагашаныя".

Агалошванне прысуду адбудзецца заўтра, 12 лютага, у 14.30 у судзе Савецкага раёну Мінска.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: