Арганізатары пратэстаў: акцыі будуць працягвацца

Нягледзячы на тое, што пакуль «дармаедскі падатак» спаганяць не будуць, лідары апазіцыі акцыі 15 і 25 сакавіка адмяняць не збіраюцца. Таму што прыпыненне Дэкрэта №3 не вырашае праблемы, і нават не абазначае вырашэнне асноўных праблем.

Аднак завадатары вулічных акцый пратэсту аднагалосна кажуць — іх патрабаванні не выкананыя, і таму спыняцца яны не збіраюцца.


Уладзімір Някляеў

— Не буду казаць пра ўсе астатнія арганізацыі, партыі і рухі, але Беларускі Нацыянальны кангрэс як заклікаў выйсці на пратэст 25 сакавіка, так і будзе заклікаць гэта зрабіць. Таму што рашэнне Лукашэнкі прыпыніць выкананне Дэкрэта №3 не вырашае праблемы, і нават не абазначае вырашэнне асноўных праблем. Гэта як унутраныя праблемы, так і знешнія.

Унутраная праблема — у жабрацкім жыцці, у тым, што за чвэрць стагоддзя нічога не было зроблена для нармальнага жыцця. І знешнепалітычная праблема — пагроза незалежнасці Беларусі.

Хітрыкі Лукашэнкі зразумелыя — дэкрэт не адмяняецца. Але яго выкананне прыпыняецца. Кіраўнік не можа памыляцца, але чынавенская праца, якая вынікае з гэтага дэкрэту, — рабаванне народа, — як бы адмяняецца. Я лічу, што вяртання да гэтага дэкрэту праз год не будзе — яго спусцяць на тармазах. Але гэта не азначае сур’ёзных зменаў у нашым жыцці.

Таму мы не мусім спыняць барацьбу за незалежнасць Беларусі. Па вялікім рахунку, патрабаванні мітынгу, які прайшоў 17 лютага ў Мінску, не выкананыя. Людзі патрабавалі адмены дэкрэта, а не яго «замарозкі». Апроч таго, былі эканамічныя патрабаванні, і людзі патрабавалі дэмакратычных, свабодных і справядлівых выбараў. Апошняе патрабаванне — галоўнае, — не пачутае, рэакцыі на яго не было.

Таму мы не мусім сёння здавальняцца рашэннем кіраўніка дзяржавы. Яно палавінчатае. І сведчыць толькі пра тое, што той сілы, якую раней меў рэжым, няма. Моцныя асобы — альбо моцныя дзяржавы — напалову не вырашаюць. Яны кажуць «быць» або «не быць», «мір» або «вайна». Палавінчатасць рашэння сведчыць пра тое, што рэжым аслабеў. А значыць, зараз мы можам дамагчыся большага, чым дамагаліся раней.

Ну і, канешне, я віншую грамадзянаў з тым, чаго нам так доўга не хапала: з перамогай. Нават з дзвюма перамогамі: зараз, і ў Курапатах.


Павал Севярынец

Насамрэч, тое, што сказаў Лукашэнка, — гэта ад страху. Тое, што трэба рабіць, не адкладаючы — скасоўваць увесь дэкрэт і вяртаць людзям грошы — тым, хто ўжо заплаціў. І ўвогуле, гэта ненармальна — сядзіць на трэцім дзясятку ва ўладзе і распараджаецца: гэта я прыпыню, гэта адкладзем, гэта зробім…

Беларускі народ выразна сказаў яму: «Сыходзь». Таму масавыя акцыі пратэсту будуць у любым разе. Таму што гэта ўжо банкруцтва — не толькі эканамічнае, але і палітычнае, і маральнае.


Анатоль Лябедзька

Якраз сёння адбылося пасяджэнне аргкамітэту кампаніі «Мы — не дармаеды». Мы ўжо валодалі інфармацыяй пра тое, што дэкрэт «замарожаны», і віншуем усіх, хто выходзіў на вуліцы з пратэстам з гэтай маленькай перамогай.

Але нашае патрабаванне — трэба адмяняць дэкрэт. Не часова прыпыняць выкананне дэкрэту, а толькі безумоўная адмена. Заўтра мы павінны атрымаць адказ на сваю заяўку з Мінгарвыканкама наконт «Маршу недармаедаў» і сталіцы 15 сакавіка, з гэтай нагоды правядзем прэс-канферэнцыю.

Аднак мы не будзем адмяняць акцыі, якія запланаваныя як у Мінску, так і ў рэгіёнах. Мы падрыхтавалі праект рэзалюцыі гэтых акцый, які будзе вынесены на абмеркаванне шырокаму грамадству, і ў гэтым праекце тры пункты. Першы — адмена дэкрэту і вяртанне грошай усім, хто гэты збор заплаціў. Другі: пачаць новы эканамічны курс, скіраваны на стварэнне новых працоўных месцаў, — гэта і адмена ўказу №222, які заціснуў прадпрымальнікаў, і іншыя захады. І трэці — вярнуць народу права выбару. Мы пабачылі, што ў крытычнай сітуацыі ў народа няма прадстаўнікоў ва ўладзе, якія б баранілі яго інтарэсы.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: