Аўтара артыкула ў інтэрнэце хочуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за знявагу прэзідэнта і суддзі

Старшыня суда Першамайскага раёна Віцебска Андрэй Андрушэнка звярнуўся ў Следчы камітэт, патрабуючы прыцягнуць да крымінальнай адказнасці аўтара публікацыі на сайце freeregion.info.



Фота з сайта baj.by


Пра гэта гаворыцца ў рэдакцыйным артыкуле на згаданым сайце, а таксама ў лісце, дасланым рэдакцыяй на адрас прэс-службы ГА “БАЖ”.

Нагодай для звароту суддзі ў Следчы камітэт стала публікацыя «Судьи превосходят в беззаконии его творцов», што з’явілася на рэсурсе 12 студзеня.

Паводле freeregion, суддзя Андрушэнка ўбачыў у артыкуле склад адразу некалькіх злачынстваў. Ён хоча, каб аўтара прыцягнулі да адказнасці па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: 368 (публічная знявага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), 369 (публічная знявага прадстаўніка ўлады) і 391 (знявага суддзі ў сувязі з ажыццяўленнем ім правасуддзя).

Пад публікацыяй стаіць імя Пятра Іванова — “старшыні Генеральнага савета па стварэнні міжнароднага грамадскага аб’яднання «За сумленную ўладу»”.

Як інфармуе сайт, 1 лютага Пятра Іванова выклікалі ў Віцебскі гарадскі аддзел Следчага камітэта. Старшы следчы, маёр юстыцыі Сяргей Вільтоўскі гутарыў з ім каля дзвюх гадзін. Пытанні тычыліся функцыянавання “Генеральнага савета”, абставін стварэння спрэчнага артыкула, аргтэхнікі і сродкаў сувязі, якімі карыстаецца аўтар і г.д. Акрамя таго, следчы высвятляў, хто ўладальнік рэсурсу freeregion.info, цікавіўся інтэрпрэтацыяй некаторых ужытых у артыкуле словаў, а таксама ўзаемадачыненнямі аўтара публікацыі з заяўнікам — суддзём Андрушэнкам. Паводле сп-ра Іванова, падпісаць дакумент, складзены па выніках сустрэчы следчым, ён адмовіўся.

Прэс-служба ГА “БАЖ” звязалася са следчым Сяргеем Вільтоўскім, чый нумар мабільнага фігуруе ў артыкуле на сайце. Той па тэлефоне прадастаўляць якія-кольвек звесткі не пажадаў, прапанаваўшы даслаць пытанні ў пісьмовым выглядзе па факсе. Гэта будзе зроблена найбліжэйшым часам.

Публікацыі на сайце freeregion.info не ўпершыню прыцягваюць увагу дзяржаўных органаў. У маі 2015 года рэдакцыя атрымала на электронную скрыню ліст з прапановай перадаць Мінінфармацыі звесткі пра ўладальніка рэсурсу. (Ім з'яўляецца Вадзім Драздоў — грамадскі актывіст, які ўжо некалькі гадоў жыве за мяжой і не хавае свайго дачынення да сайта.) У лісце за подпісам Ліліі Ананіч гаварылася пра выяўленыя на сайце «парушэнні заканадаўства аб СМІ» і нагадвалася пра магчымасць пісьмовага папярэджання ўладальніку ці блакавання рэсурсу.

Адміністрацыя freeregion.info ў адказ напісала, што не бачыць неабходнасці прадастаўляць такую інфармацыю, паколькі “прапанова раскрыць дадзеныя... не заснаваная на заканадаўстве”. Разам з тым, рэдакцыя прасіла міністэрства ўдакладніць, якія менавіта публікацыі парушаюць заканадаўства. З Мінінфармацыі лістоў больш не прыходзіла.

У ліпені 2014 года Наваполацкі ГАУС таксама ладзіў праверку на прадмет наяўнасці ў дзеяннях Вадзіма Драздова складу злачынстваў па арт. 193-1, 369-1 КК («Дзеянні ад імя незарэгістраванай арганізацыі» і «Дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь»), і складу адміністрацыйнага правапарушэння па арт. 23.34 КаАП («парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў»).

baj.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!