Азбука паліталогіі. Чаму дыялогу не было, няма і не будзе

Кажуць, у спрэчцы нараджаецца ісціна. Магчыма… Адкуль няўпэўненасць? Яна ад жыцця. Хто і калі апошні раз быў сведкам спрэчкі (дэбатаў, дыскусіі ці нечага падобнага) у СМІ паміж палітычнымі апанентамі?


Мы маем дзве інфармацыйныя рэальнасці, якія практычна ніяк не сутыкаюцца. У адной рэальнасці Беларусь прэзентуюць як донара еўрапейскай стабільнасці, якой зайздросцяць блізкія і далёкія суседзі. У іншай — адзіны палітык у краіне (АП) не можа расслабіцца нават у выходныя. Пра гэта ён прызнаўся ў інтэрв’ю расійскай журналістцы Наіле Аскер-задэ: «Ну, ты ж ведаеш. У нас пратэстуны хадзілі па вуліцах па выходных, таму і выходных не было, калі ўжо так адкрыта казаць».

Вавёрка, якая скапыцілася

Калі няма спрэчак — адпаведна, няма і ісціны. У выніку краіна ў геаграфічным цэнтры Еўропы ўсё больш пачынае нагадваць «Востраў няўдач», дзе ў жыхароў перыядычна ўзнікалі праблемы з адловам кракадзілаў і зборам какосаў (з ростам ВУП і сярэдняй зарплаты ў доларавым эквіваленце).

Адсутнасць спрэчак шчодра кампенсуецца ў афіцыйнай інфармацыйнай рэальнасці размовамі пра агульнанацыянальны дыялог, які вядзецца на так званых «дыялогавых пляцоўках». Па-за межамі ж такіх пляцовак, як паказвае практыка, дыялог паміж прыхільнікамі і апанентамі ўлады прыняў форму допыту.

Пляцоўкі для такога кшталту дыялогаў, як правіла, арганізуюцца ў СІЗА. Вось як свой удзел у дыялогу апісаў АП: «Я ўбачыў людзей (ну, вы ж мяне ў Расіі да гэтага часу падштурхоўваеце — давайце з апазіцыяй, асабліва ваша ліберальнае крыло). Ну вось я і пагаварыў. Я ўбачыў людзей, якія хацелі быць ва ўладзе, імкнуліся прыйсці да ўлады. Я іх выслухаў. Я зразумеў, якая была б Беларусь, калі б яны прыйшлі да ўлады. Ну і многае-многае іншае. Я тым самым прадэманстраваў, што мы можам весці дыялог з кім заўгодна, калі гэтага хтосьці хоча».

Крыху статыстыкі. Паводле звестак праваабаронцаў, на 22 лістапада колькасць затрыманняў удзельнікаў пратэстаў перавысіла 30 тысяч, на палітычных апанентаў улады было заведзена больш за 900 крымінальных спраў. Не даводзіцца сумнявацца, што кожнай крымінальнай справе папярэднічаў допыт.

Адкрыем Вікіпедыю: «Допыт — следча-судовая працэдура, у рамках якой праводзіцца атрыманне ад дапытанага вядомай яму інфармацыі, што трапляе пад вызначэнне прадмета даказвання. Допыт можа ажыццяўляцца толькі ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам у рамках падатковага, крымінальнага і грамадзянскага (арбітражнага) працэсаў».

У мяне няма падстаў сумнявацца ў тым, што ўсе дыялогі «пратэстуноў» са следчымі ажыццяўляліся толькі і выключна ў поўнай адпаведнасці з законам ды толькі і выключна ў рамках. Вось і сцвярджай пасля гэтага, што ў беларускай дзяржавы не наладжана зваротная сувязь з народам! Наадварот: самая што ні на ёсць прамая сувязь. З яе дапамогай на вяршыню ўладнай вертыкалі паступае інфармацыя — заўсёды свежая і ўвесь час з першых рук.

Ох, нялёгкая гэта работа — штодня апрацоўваць такі аб’ём аператыўнай інфармацыі. Адсюль — вобраз вавёркі ў коле, няздольнай спыніцца: «Вось кола круціцца — ты бяжыш, бяжыш, бяжыш. Напэўна, пакуль, як у народзе кажуць, не скапыцішся, не павалішся».

Артыкул 83, пункт 6

Аднак пакінем вавёрку сам-насам з яе колам і ўявім сабе на хвіліну, што дыялогавыя пляцоўкі з СІЗА перанясуць у тэлестудыі. Ці многае пры гэтым змяніцца? Сумняваюся. Змены, калі і здарацца, то зусім не ў збліжэнні пазіцый удзельнікаў дыскусій.

Згадаю словы палітолага Дзмітрыя Някрасава: «Досвед паказвае, што абмен процілеглымі пунктамі гледжання, як правіла, не вядзе да выпрацоўкі кансенсусу, а толькі да палярызацыі меркаванняў. Чальцы групы з першапачаткова нязначнымі разыходжаннямі ў ацэнцы пэўнага пытання пасля працяглай спрэчкі мяняюць сваё меркаванне на больш радыкальнае — і пасля абмеркавання разыходзяцца ў поглядах значна мацней, чым да яго пачатку. У рамках гэтай мадэлі — чым больш жорсткія аргументы процілеглага боку, тым мацней ты ўмацоўваешся ў сваім першапачатковым пункце гледжання».

Для таго, каб у спрэчцы нарадзілася ісціна, мэтай абмеркавання павінен стаць... пошук ісціны. Але сярод родных бяроз і асін тыя, хто спрачаецца, як правіла, занятыя доказам сваёй праваты. Ісціну яны не шукаюць. Яна ім вядомая яшчэ да пачатку спрэчкі. Таму ўсю сваю энергію накіроўваюць на абвяржэнне аргументаў апанентаў. Тут не да выпрацоўкі кансенсусу. Як бы ад словаў да рукапрыкладства не перайсці.

Але гэта яшчэ палова бяды. Збліжэнне пазіцый у працэсе спрэчкі магчыма толькі пры ўмове знаходжання пункту адліку, з якога пачынаецца разыходжанне. Для палітычных спрэчак у Беларусі такім пунктам з’яўляецца стаўленне да рэферэндуму 1996 года.

Прыгадаем хлопцаў у цывільным, якія выкінулі старшыню ЦВК Віктара Ганчара з ягонага кабінета. Чый загад яны выконвалі? Наколькі гэты загад адпавядаў дзейнай на той момант Канстытуцыі?

Адкрываем тэкст Канстытуцыі. У артыкуле 83 «Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь», які апісвае паўнамоцтвы вышэйшага прадстаўнічага і адзінага заканадаўчага органа дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь, знаходзім пункт 6: «утварае Цэнтральную камісію па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў».

Здавалася б, якія тут магчымыя розначытанні? Тым не менш, вынікі рэферэндуму ЦВК падводзіў пад кіраўніцтвам Лідзіі Ярмошынай, а не Віктара Ганчара.

Такая вось карціна свету

Сказаўшы А, варта гаварыць і Б. Калі прызнаць вынікі рэферэндуму законнымі, не варта здзіўляцца, што «ў 2020-м нам фактычна абвясцілі вайну». Такая афіцыйная ацэнка. Нічога дзіўнага, нічога асабістага і нічога арыгінальнага яна не ўтрымлівае — ідэалагема ворага старая як свет.

Прыводжу фрагмент з кнігі трох расійскіх аўтараў: «Калі існуе вайсковая пагроза — рэальная ці імітаваная, але якая адчуваецца як рэальная, калі людзі ўспрымаюць краіну як “крэпасць у аблозе”, а грамадства атамізаванае і пазбаўленае самаарганізацыі, тады першая асоба легітымізуецца як вайсковы правадыр, здольны забяспечыць перамогу, і як выратавальнік, ад якога залежыць выжыванне ўсіх і кожнага».

З сакавіка 2003 года лепшыя дзяржаўныя розумы спрабавалі знайсці стрыжнявую ідэю для дзяржаўнай ідэалогіі. Што толькі ні прапаноўвалася: ад патрыятызму да прэтэнзіі Беларусі на ролю донара еўрапейскай стабільнасці, якая ініцыюе правядзенне «Хельсінкі-2». Але 2020 год усё расставіў на свае месцы. Ён паказаў, што мадэль «імітацыйнай дэмакратыі», мадэль «электаральнага аўтарытарызму» (каму як больш падабацца) — не гумавая.

У любой самабытнасці існуе свая мяжа, за якой у тых, хто хоча гуляць у агульнай пясочніцы, пачынаюць фарміравацца праблемы. Перафразую 16-га прэзідэнта ЗША Аўраама Лінкальна: «Можна падманваць частку заходніх партнёраў увесь час, і ўсіх — пэўны час, але нельга падманваць усіх заходніх партнёраў увесь час».

Няздольнасць упісацца ў сучаснасць патрабуе ідэалагічнага абгрунтавання. Але няма такіх палітычных практык, для якіх не знайшлося б спецыялістаў-інтэлектуалаў, здольных іх апраўдаць. Чаму супраць нас настроіліся? Таму што беларуская дзяржава, «нягледзячы на сціплае месца на карце свету, можа дазволіць сабе праводзіць незалежную знешнюю і ўнутраную палітыку. Менавіта ў гэтым прычына. Калі б мы былі слабымі, з намі б разабраліся без гэтых падзей і без вайны».

Справа не ў нас. Свет так уладкаваны, і так ён быў уладкаваны заўсёды. Прыгадаем байку Івана Крылова «Воўк і ягня». У XXI стагоддзі нічога не змянілася. Любая краіна, якая адважылася на правядзенне незалежнай знешняй і ўнутранай палітыкі, аказваецца косткай у горле для сваіх суседзяў.

***
Такая вось карціна свету. Яна ўсё яшчэ актуальная для мільёнаў беларусаў. Шляхам дыялогу яе не змяніць. Які тады сэнс абмяркоўваць вынікі «выбараў» з тымі, хто верыць у законнасць рэферэндуму 1996 года? У іх сістэме каштоўнасцяў закон ніякай каштоўнасці не ўяўляе. Юрыдычныя фармальнасці, выкананне працэдуры і іншыя дурасці — толькі перашкода на шляху да мэты, якую вызначыў правадыр.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: