Азбука паліталогіі. Двое на полюсе праўды

Колькасць мярзотнікаў, якая расце па экспаненце, — выдатная нагода, каб «збірацца ў кучу», або хаця б у зграю, табун ці статак.

«За намі праўда». Гэта цытата з выступу адзінага палітыка (АП) у Брэсце 22 чэрвеня. Хто б сумняваўся. Ёсць такая ўласцівасць у праўды: яна заўсёды ідзе за намі. У гэтым лепшым з сусветаў ёй больш няма за кім ісці.
У гады супрацьстаяння дзвюх сістэмаў праўда была на нашым баку. А як жа інакш? Не магла ж яна быць на баку купкі капіталістаў, што тлусцелі на эксплуатацыі ўласных народаў і народаў краін трэцяга свету.

Капіталістаў — купка. Эксплуатаваных — большасць. А дзе большасць — там і праўда. Але ў 1974 годзе ў выніку «Красавіцкай рэвалюцыі» была зрынутая дыктатура ў Партугаліі — і панеслася... тое, што на бытавай мове прынята называць «эфектам даміно», на мове паліталогіі атрымала назву «трэцяй хвалі дэмакратызацыі 1974–1991».

Фінальным акордам трэцяй хвалі стала крушэнне таталітарнай камуністычнай сістэмы і яе флагмана — СССР, што дазволіла амерыканскаму палітолагу Фрэнсісу Фукуяму абвясціць пра канец гісторыі.

Гэта была не першая спроба такога кшталту. У Фукуямы быў папярэднік — Маркс. Нагадаю фінал «Маніфеста камуністычнай партыі»: «Пралетарам няма чаго губляць, акрамя сваіх ланцугоў. Набудуць жа яны ўвесь свет».

Свету пралетарыяў, свету, у якім адсутнічаў бы падзел людзей на класы эксплуататараў і эксплуатаваных, не атрымалася. Але спробы пабудаваць такі свет рабіліся неаднаразова. Яны абышліся чалавецтву амаль у 100 мільёнаў жыццяў. Па агульнай колькасці ахвяр па-за канкурэнцыяй аказаліся кітайскія таварышы — 65 мільёнаў, а па эфектыўнасці (у суадносінах колькасці знішчаных да агульнай колькасці насельніцтва) — чырвоныя кхмеры ў Кампучыі.

Але якой бы колькасцю ахвяр ні вымяраліся поспехі камуністаў на шляху да бяскласавага грамадства, праўда нязменна была на іх баку.

Канец гісторыі Фукуяма звязваў з паўсюдным распаўсюджваннем ліберальнай дэмакратыі заходняга ўзору, што павінна было сведчыць пра канчатковы пункт сацыякультурнай эвалюцыі чалавецтва і фарміраванне канчатковай формы ўрада.

Што тычыцца формы, прадказанне амерыканскага палітолага спраўдзілася. Прынамсі, адразу і не прыгадаеш краіну, у Канстытуцыі якой не абвяшчаўся б прынцып падзелу ўладаў, а адзінай крыніцай улады не абвяшчаўся б народ.

Што ў сухім астатку?

Расійскі палітолаг Кацярына Шульман любіць нагадваць, што прадметам паліталогіі з’яўляюцца трансфармацыі («яна цікавіцца тым, што мяняецца»). Адсюль — нелюбоў паважанага мной аўтара да гістарычных паралеляў. У кнізе «Практычная паліталогія. Дапаможнік па кантакце з рэальнасцю» чытаем: «Час перастаць разумець літаральна тое, як Маркс жартаваў з Гегеля: гісторыя не паўтараецца ні як трагедыя, ні як фарс. Паколькі колькасць гістарычных фактаў бясконцая, вялікая верагоднасць, што надзвычайнае падабенства мінулага з сучаснасцю заснаванае альбо на магіі лічбаў (1914/2014), альбо на высвечванні адных з’яў і ігнараванні іншых».

Шульман моршчыцца пры слове «каляіна». Мне ж яно падабаецца. Гістарычны працэс без каляіны — як шлюбная ноч без нявесты. Тым не менш абсалютызаваць каляіну не варта. «Усё цячэ, усё мяняецца», — сцвярджаў старажытнагрэчаскі філосаф Геракліт (554–483 да н.э.). Мяняецца з часам і каляіна.
Савецкі Саюз распаўся ў 1991 годзе на 15 незалежных рэспублік, але ні адна з іх, калі атрымала свабоду выбару, не здолела вырвацца з цывілізацыйнай каляіны.

Сталі часткай Еўрасаюза Літва, Латвія і Эстонія — гэта значыць, рэспублікі, чые народы на працягу стагоддзяў мелі магчымасць асвойваць культурныя інавацыі Захаду. Дзякуй Балтыйскаму мору! Нядзіўна, што ўключэнне ў склад СССР у 1939–1940 гадах большасць літоўцаў, латышоў і эстонцаў успрынялі як акупацыю.

У шасці мусульманскіх рэспубліках усталяваліся палітычныя рэжымы, якія можна смела аднесці да сучасных султанатаў. Зразумела, не без нацыянальных асаблівасцяў, але ні адна з іх не выходзіць за цывілізацыйныя межы.

Што ў сухім астатку? У сухім астатку шэсць праваслаўных рэспублік. Усе яны на перабудовачнай хвалі эйфарыі заявілі пра сваё жаданне стаць часткай Вялікай Еўропы. Аднак час усё расставіў на свае месцы. За тры дзесяцігоддзі нікому змяніць сваю цывілізацыйную ідэнтычнасць так і не атрымалася, што не выключыла расколу ўнутры таварышаў па няшчасці: у той час, як у Арменіі, Грузіі, Малдове і Украіне праеўрапейскія настроі ўзмацняюцца, у Беларусі і Расіі (у першую чаргу ў палітычных элітах) ідзе адваротны працэс.

Адчайвацца не варта

Мабыць, і не прыгадаць, калі ў апошні раз выступ АП рабіў на мяне такое ўражанне. Цытата: «На рэалізацыю “каляровага бліцкрыгу” былі кінуты велізарныя фінансавыя рэсурсы. За апошні год мы зведалі на сабе дзеянне самых сучасных тэхналогій гібрыднай вайны. Беларусы ўсё часцей пытаюцца: дык што, ваяваць будзем? Беларусы, мы ўжо даўно ваюем. Проста вайна набыла іншыя формы. Ужо не будзе тых войнаў, ужо ў гэтыя вароты (Брэсцкай крэпасці. — Заўвага) яны не папруць тысячамі салдат. Вайна пачнецца і заўсёды пачынаецца ў сучасных умовах знутры дзяржавы» (22.06.2021).

Дзе бацькаўскі шынель, дзе шынель майго дзеда? А дзе шынель майго прапрадзеда, які ваяваў з аб’яднанай Еўропай у Севастопалі?

Ім было прасцей: на гэтым беразе — свае, на тым — ворагі. Але сучасныя войны пачынаюцца знутры дзяржавы, і год народнага адзінства — вайне не перашкода. Як выявіць у адзіным і згуртаваным народзе ворагаў? Жонка падказвае: па чырвонай палосцы на белых шкарпэтках. Сур’ёзны аргумент. Шкарпэткі ідэалагічна чужой расфарбоўкі — элемент гібрыднай вайны. Далёка не другасны элемент, між іншым.
Але чырвоную палоску на шкарпэтках лёгка зафарбаваць, замазаць або заляпіць. Урэшце яе можна схаваць пры дапамозе другіх шкарпэтак — ідэалагічна нейтральнай расфарбоўкі.

Мае рацыю АП — «свет змяніўся, ашалеў». Але адчайвацца не варта. Шлях да выратавання ўказаны: «у такой сітуацыі разумныя людзі аб’ядноўваюцца вакол нейкага чалавека, нейкай групы людзей. Збіраюцца ў кучу і стараюцца выстаяць, выжыць» (09.04.2021).

Але куча — гэта, як правіла, нагрувашчанне вялікай колькасці неадушаўлёных аб’ектаў. У нашым выпадку лепш казаць пра зграю або статак як сукупнасць жывых істотаў, якія дэманструюць каардынаваныя паводзіны.
Расійскі палітолаг і філосаф Рыгор Юдзін са мною б паспрачаўся. Сумнеўнае з эстэтычнага пункту гледжання нагрувашчванне неадушаўлёных прадметаў ён прапануе замяніць акуратна падабранымі адзін да аднаго каласкамі або галінкамі, абхопленымі кольцам. У італьянскай мове для падобнай канструкцыі маецца адмысловае слова — фашына. Гэтае слова і вытворныя ад яго нескладана адшукаць і ў славянскіх мовах.

Расслабляцца рана

«Мы даўно ваюем». Але мы — гэта хто? З чаго вынікае, што і ў аўтара «Азбукі паліталогіі» маецца падстава прылічваць сябе да ліку абраных, аб’яднаных у кучу, зграю, статак, рой, табун і пазначаных для сцісласці займеннікам першай асобы множнага ліку «мы»? Можа ён, заклапочаны пошукам шынялю, дарэмна марнуе час?

Не, не дарэмна! Залогам таму з’яўляецца праўда. Здрадзіць можа сябар, жонка, сяброўка жонкі, але праўда — заўсёды за намі. І ўсё роўна, у большасці мы ці або безназоўнай вышыні нас засталося толькі двое — Беларусь і Расія. Гэта і раздражняе тых, хто сёння ў большасці.

22 чэрвеня 2021 года свет канчаткова падзяліўся на тых і на гэтых: на «мярзотнікаў па той бок мяжы» і носьбітаў праўды, чыя роля ў гісторыі на бліжэйшыя гады звядзецца да дэманстрацыі бяссілля «іх санкцый».

Маштаб задачы складана пераацаніць: уклад у сусветны ВУП толькі ЗША і Еўрасаюза перавышае 50%, а Беларусі і Расіі — не дацягвае і да 2%. Здавалася б, слон і моська. Але час панавання вульгарнага матэрыялізму з яго скрупулёзнымі падлікамі матэрыяльных рэсурсаў застаўся ў мінулым. На баку аб’яднанай моські сёння праўда, памножаная на духоўнасць, і 135-е месца Расіі ў індэксе карупцыі.

Зразумела, расслабляцца рана. Нашы перспектывы акрамя падкопаў з боку мярзотнікаў упіраюцца і ў дысцыпліну. Нягледзячы на наяўнасць кадраў, якія авалодалі ўсімі тэхналогіямі, безгаспадарчасць часам здзіўляе. А не дай бог вайна? «Чаму цяпер, у адносна мірны час мы не хочам папрацаваць? Усё ж у дысцыпліне. Толькі дысцыпліна» (24.06.2021).

Ці здольныя разумныя людзі, аб’яднаныя вакол нейкага чалавека, у сітуацыі, якая склалася, наладзіць дысцыпліну? Я б даў на гэта пытанне, што паўтараецца з года на год, сцвярджальны адказ. Мой аптымізм заснаваны на колькасці мярзотнікаў, якая расце па экспаненце. Бо нішто так не мабілізуе ўнутраныя рэзервы, як наяўнасць мярзотнікаў ля знешніх межаў. Яны для таго і плодзяцца. Іх для таго і плодзяць.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: