Азбука паліталогіі: Народжанае з хаосу ў хаос і вяртаецца

Кожны савецкі школьнік абавязаны быў ведаць аксіяматычнае сцвярджэнне — яно не патрабавала ніякіх доказаў! — пра загніванне Захаду. І кожны школьнік яго ведаў, аднак гэта не перашкаджала савецкім грамадзянам, нібы Элачка-людажэрка, ганяцца за матэрыяльнымі дасягненнямі загніваючай культуры: ад жуйкі да двухкасетнікаў.
Няма нічога дзіўнага ў тым, што чарговы Усебеларускі народны сход гэтую савецкую традыцыю працягнуў. Згадаем словы адзінага палітыка (АП): «Паглядзіце на падзеі за мяжой: лакдаўны, беспарадкі, бітвы вакцын. Пратэстамі, у іх самых радыкальных праявах, ахоплены і так званыя развітыя дэмакратыі — Злучаныя Штаты Амерыкі, краіны Заходняй Еўропы, Польшча, Францыя, Германія і іншыя. Свет палае. Давайце шчыра дадзім ацэнку ўсім гэтым падзеям».

Мароз па скуры. Як жыць далей? Але не спяшайцеся бегчы ў краму за мылам і вяроўкай: «Па сутнасці, наша краіна сёння — гэта, калі хочаце, апошняя сапраўды суверэнная дзяржава ў Еўропе».

З гэтай прычыны і пакутуем.

«Гэта» ў ролі забойцы

Уявім сабе на хвіліну, што культура, як і асобны чалавек, можа ставіць перад сабой мэты і імкнуцца іх дасягаць. Уявілі?

Пры такім дапушчэнні не складзе асаблівай праблемы здагадацца пра тое, што ёсць галоўнай мэтай культуры. Падобна кожнаму з нас (ад акадэміка да цесляра) культура абуджае імкненне... выжываць — або, кажучы навукова, узнаўляць.

Сучаснае грамадства, як мінімум, складаецца з трох пакаленняў: дзядоў, бацькоў і дзяцей. Носьбітамі культуры з’яўляюцца два старэйшыя пакаленні. Як эстафетную палачку, яны перадаюць свае культурныя навыкі моладзі. Гэта і ёсць асноўны механізм узнаўлення культуры. Пакаленні людзей змяняюцца, а культура застаецца.

Перадача эстафетнай палачкі часам суправаджаецца канфліктамі. Таму тэма ўзаемнага непаразумення паміж пакаленнямі «бацькоў» і «дзяцей» займае далёка не апошняе месца ў сусветнай літаратуры.

«Кожны індывід (група, пакаленне), — адзначае класік расійскай сацыялогіі Юрый Лявада. калі ўступае ў сацыяльны свет, абавязаны выбіраць з гатовага набору стэрэатыпаў». Праблема, аднак, палягае ў тым, што са з’яўленнем інтэрнэту магчымасць выбару павялічылася шматкроць. Пры гэтым большасць варыянтаў — да радасці адных і да жалю іншых — дзяржава няздольная кантраляваць.

Дазволю сабе цытату з артыкула «Азбукі паліталогіі» «Рэванш правага паўшар’я», напісанага ў 2015 годзе: «У рамане Віктора Гюго “Сабор Парыжскай Божай Маці” ёсць раздзел “Гэта заб’е тое”. Што такое “гэта”, якое выступае ў ролі забойцы? І што такое “тое”, над якім навісла смяротная пагроза? Звернемся да тэксту рамана: «Гэта быў страх духоўнай асобы перад новай сілай — кнігадрукаваннем. Гэта быў жах і здзіўленне служыцеля алтара перад друкарскім варштатам Гутэнберга, што выпраменьвае святло. Царкоўная кафедра і манускрыпт, вуснае слова і слова рукапіснае білі трывогу ў роспачы перад словам друкаваным... < ... > Гэта азначала, што новая сіла зменіць старую сілу — іншымі словамі, друкарскі варштат заб’е царкву».

Страх духоўнай асобы апраўдаўся. Друкарскі варштат зрабіў даступнай адукацыю не толькі для абраных. Ён паставіў «вытворчасць» рацыянальна думаючых асоб — такіх, што нічога не прымаюць на веру, — на паток. Новы сацыякультурны тып чалавека зрабіў непазбежным тое, што нямецкі філосаф Фрыдрых Ніцшэ назваў «смерцю Бога».

Без кнігадрукавання Еўропа не змагла б увайсці з Сярэднявечча ў Новы Час, і на змену гістарычнай статыцы не прыйшла б дынаміка. Другі раз праяўлю слабасць і працытую сам сябе: «Гэта спачатку слова было ў Бога, і Ён валодаў ім на правах манапаліста. Але пасля вынаходніцтва друкарскага варштата патэнт на права карыстацца словам атрымалі тысячы адукаваных людзей: палітыкаў, пісьменнікаў, журналістаў».

Праблема пастаўленая

Гісторыя паўтараецца. Чарговае «гэта» забівае чарговае «тое»: інтэрнэт падводзіць рысу пад словам друкаваным. Права карыстацца словам на нашых вачах ад прафесіяналаў пераходзіць да хатніх гаспадынь, што наносіць смяротны ўдар па аматарах манапалізаваць уладу, — прамое народаўладдзе. Ці не пра такое марыў правадыр сусветнага пралетарыяту Уладзімір Ленін?

А цяпер самы час звярнуцца да мінулага VI Усебеларускага народнага сходу. Галоўная праблема, з якой сутыкнуліся яго арганізатары і шараговыя ўдзельнікі, не адрозніваецца ад праблемы духоўнай асобы з рамана Віктара Гюго. Адпаведныя доказы раскіданыя па ўсім дакладзе. Пачну з трэцяга абзаца: «Такіх момантаў у гісторыі нашай краіны, калі мы былі ў складзе Савецкага Саюза і незалежнай Беларусі, было няшмат. Сучасны перыяд можна параўнаць з развалам Савецкага Саюза і яго наступствамі. Сучасны перыяд можна параўнаць з першым Усебеларускім народным сходам. Гэта бліжэй. Розніца толькі ў тым, што тады была поўная нявыкрутка. Не было краіны, не было наогул нічога. Пераломны момант, хаос у розумах людзей».

Праблема пастаўленая. Гэта праблема хаосу ў людскіх розумах. Звяртаюся да Вікіпедыі: «Хаос у міфалогіі — першапачатковы стан свету да з’яўлення чаго б тое ні было». Беларуская мадэль нарадзілася з хаосу «ліхіх 90-х», з адсутнасці ўсялякай надзеі, і... — зрабіўшы круг, яна можа туды вярнуцца.

Дапусціць гэтага нельга! Нельга! Вы чуеце?! 2021 год невыпадкова абвешчаны ў Беларусі годам народнага адзінства. У адзінстве наша сіла, што і прадэманстравалі дэлегаты VI УНС апладысментамі. Аднак адзінства ў думках і справах недасягальнае без адзінства ў інфармацыйнай прасторы.

Кантраляваць друкарскі варштат умелі і бальшавікі ленінска-сталінскага разліву. Кантраляваць жа інтэрнэт атрымліваецца толькі ў кітайскіх таварышаў: «Малайцы кітайцы, яны выкінулі каля дзесяці мільярдаў долараў і ізаляваліся, стварыўшы свой інтэрнэт».

У Беларусі лішніх мільярдаў няма. Адсюль страх. Пад яго дыктоўку і напісаны тэкст даклада. Учытайцеся: «Мы тут (у пытаннях інфармацыйнай палітыкі. — С.Н.) сур’ёзна прайгралі. Занадта спадзяваліся на нашу моладзь і нашых людзей. Што нас гэтая бяда не закране, мы ж сумленныя і справядлівыя». «Свядомасць людзей — у руках найбуйнейшых гігантаў інтэрнэт-індустрыі, паслугамі якіх не грэбуюць карыстацца спецслужбы асобных дзяржаў. Нам гэта вядома па мінулым годзе».

Імпартазамяшчэнне сацыяльных практык

Чарговае «гэта» забівае чарговае «тое», але гэтым разам з прынцыпова іншай хуткасцю і ў іншым маштабе. Бытавыя і прафесійныя навыкі бацькоў і дзядоў дэвальвуюцца, асвойваць жа тэхнічныя і сацыяльныя прыбамбасы ў неабходным для жыцця аб’ёме старэйшыя пакаленні не ў стане. Таму нікога сёння не здзівяць першакласнікі, якія тлумачаць настаўнікам правілы карыстання сучаснымі тэлефонамі. У выніку адпрацаваныя стагоддзямі і тысячагоддзямі тэхналогіі перадачы культуры губляюць сваю эфектыўнасць.

Інтэрнэт, у адрозненне ад ранейшых тэхнічных вынаходніцтваў, не варта разглядаць вузка функцыянальна. Ён самадастатковы і здольны да самаразвіцця. Культуролаг Андрэй Пеліпенка адзначаў: «Інтэрнэт — адзін з ключавых фактараў сучаснай культурна-антрапалагічнай эвалюцыі. Яго развіццё адлюстроўвае глыбінныя тэктанічныя працэсы ментальнай і гістарычнай эвалюцыі, змест якіх раскрываецца толькі з вялікай часовай дыстанцыі».

***
11–12 лютага мы мелі магчымасць назіраць, як культура, якая страціла здольнасць да ўзнаўлення, спрабуе падоўжыць сваё існаванне ў гісторыі. Пры гэтым яна нават не робіць спроб ускочыць у апошні вагон. У будучыні ёй месца няма. Усё, на што яна яшчэ здольная, — гэта акукліцца з дапамогай імпартазамяшчэння, але не толькі тавараў і паслуг, аднак найперш — сацыяльных практык.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: