Ажубаліс: Пасля адмены санкцый ЕС у Беларусі не стала больш дэмакратыі

Адмова ў выдачы віз літоўскім дэпутатам паказвае, што пасля адмены санкцый Еўрасаюза ў Беларусі не стала больш дэмакратыі.
Аўдронюс Ажубаліс. Фота "Радыё Свабода"

Аўдронюс Ажубаліс. Фота "Радыё Свабода"

Такое меркаванне выказаў дэпутат літоўскага сейма, былы міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс, выступаючы па відэасувязі з Вільнюса на дыскусіі "Рэгіянальная бяспека і вучэнні "Захад-2017": погляд з Вільнюса, Кіева і Мінска", што праходзіць 11 верасня ў беларускай сталіцы.

8 верасня стала вядома, што пасольства Беларусі ў Літве адмовіла ў выдачы віз Ажубалісу і яшчэ пяці літоўскім парламентарыям: Лаўрынасу Кашчунасу (член камітэта сейма па нацыянальнай бяспецы і абароне), Расе Юкнявічэне (былы міністр абароны), Гінтарасу Сцяпонавічусу, Эгідыюсу Варэйкісу і Рыманце Шалашавічутэ. Яны планавалі ўдзельнічаць у сённяшняй дыскусіі ў Мінску.

"Апошні інцыдэнт з візамі паказвае, што з 2004 года, калі я пяць гадоў з'яўляўся неўязным у Беларусь, у краіне нічога не змянілася", — сказаў Ажубаліс. Кашчунас выказаў здагадку, што беларускія ўлады "чагосьці баяцца".

Як растлумачыў у канцы мінулага тыдня прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык, літоўскім парламентарыям адмоўлена ў выдачы дыпламатычных віз, бо мэта іх візіту ў Беларусь не мае ніякага дачынення да дыпламатыі. "Разам з тым ніхто не перашкаджае дэпутатам скарыстацца ўведзеным Беларуссю ў аднабаковым парадку для грамадзян Літвы і яшчэ некалькіх дзясяткаў краін бязвізавым уездам у нашу краіну па агульнаграмадзянскіх пашпартах на тэрмін да пяці дзён цераз нацыянальны аэрапорт сталіцы Беларусі", — дадаў Мірончык.

"Гэта відавочна палітычнае рашэнне, якое мае на мэце так ці інакш сарваць дыскусію па праблеме рэгіянальнай бяспекі вызначаным складам удзельнікаў, — заявіў БелаПАН старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. — Іншага тлумачэння я не бачу. Ніхто з дэпутатаў сейма не быў заўважаны ў нейкім радыкалізме. Яны раней прыязджалі ў Беларусь. Не разумею, на якім узроўні прымалася гэтае рашэнне, але скандал выходзіць за межы Беларусі і Літвы, бо дэпутаты ўваходзяць у дэлегацыі розных міжнародных арганізацый, напрыклад у парламенцкія асамблеі АБСЕ і НАТА. Падобныя дзеянні знаходзяцца ў кантрасце з заявамі беларускіх уладаў аб дыялогу з еўрапейцамі".

Сяргей Каралевіч, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць