Бабарыка азнаёміўся са сваёй крымінальнай справай. Адвакат: абвінавачанне не даказана

Віктар Бабарыка і яго адвакаты азнаёміліся з матэрыяламі крымінальнай справы. Па словах адваката Дзмітрыя Лаеўскага, у справе ёсць шэраг аб'ектыўных фактаў, якія сведчаць аб тым, што Віктар Бабарыка не здзяйсняў таго, што яму прад'яўлена ў абвінавачванні.

Тэрмін, адведзены абароне Віктара Бабарыкі на азнаямленне з крымінальнай справай, скончыўся 16 студзеня.

— Мы з калегам Наталляй Мацкевіч прачыталі матэрыялы і, абапіраючыся ўжо на ўвесь гэты масіў інфармацыі, прыйшлі да высновы, што ў дачыненні да нашага падабароннага абвінавачванне не даказана. Наадварот, ёсць шэраг аб'ектыўных фактаў, якія сведчаць аб тым, што Віктар Бабарыка не здзяйсняў таго, што яму вылучана ў абвінавачванні. Таму мы зноў заявілі аб неабходнасці спынення крымінальнага пераследу, — распавёў Лаеўскі TUT.BY.

Аб накіраванні справы пракурору адвакаты даведаліся са СМІ, афіцыйна орган следства — КДБ — ім пра гэта не паведамляў.

Акрамя таго, адвакат адзначае, што прыкладна з сярэдзіны снежня па ўчорашні дзень, гэта значыць больш за месяц, абаронцы не дапускаліся для наведвання ў следчы ізалятар, таму Віктар Дзмітрыевіч быў пазбаўлены магчымасці атрымліваць кансультацыі сам-насам і канфідэнцыйна.

— Нам не дазволена капіяваць матэрыялы справы, наш калега па абароне Віктара Бабарыкі, адвакат Аляксандр Пыльчанка пазбавіўся права ажыццяўляць адвакацкую дзейнасць, падставай для гэтага стаў прававы каментар у СМІ, адвакат Віктара Бабарыкі па пытаннях выбарчага права Максім Знак заключаны пад варту ў СІЗА  — у такой абстаноўцы ажыццяўляецца абарона на сённяшні дзень, — падсумаваў Дзмітрый Лаеўскі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: