Бабарыка падаў у ЦВК скаргу на Лукашэнку, прапануе адмовіць яму ў рэгістрацыі кандыдатам

Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка 1 чэрвеня падаў у Цэнтральную выбарчую камісію заяву аб парушэнні заканадаўства на выбарах, піша «Свабода».

На сваім сайце ён апублікаваў поўны тэкст звароту.

У звароце Бабарыка адзначае шырокі распаўсюд інфармацыі аб парушэннях на выбарах і дадае, што заканадаўства патрабуе ў трохдзённы тэрмін даць адказ аб прыняцці захадаў па парушэннях, інфармацыя па якіх безумоўна пацверджаная, і не пазней за 11 чэрвеня правесці праверку і прыняць захады па тых парушэннях, якія вымагаюць праверкі.

На што скардзіцца Бабарыка:

  • прымус падпісвацца за вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты (спіс фактаў прымусу ён прыкладае ў дадатках да звароту);

  • пагрозы «неспрыяльнымі» наступствамі або абяцанні «спрыяльных» наступстваў у сувязі з подпісам за вылучэнне Лукашэнкі;
  • удзел адміністрацыі ўстановаў у зборы подпісаў з падначаленых;
  • заявы Лукашэнкі на Мінскім трактарным заводзе 29 траўня, якія «безумоўна з’яўляюцца агітацыяй»;

  • паклёп асабіста на яго з боку Лукашэнкі — заявы пра тое, што ён нібыта распаўсюджваў зманлівыя звесткі, і намёкі на тое, што ён выкарыстоўваў на выбарчую кампанію расійскія грошы;

  • выказванне Лукашэнкі, што ў Беларусі «Канстытуцыя не пад жанчыну».

Ён адзначае, што выкарыстанне службовага становішча ў інтарэсах абрання — падстава для адмовы ў рэгістрацыі чалавека кандыдатам у прэзідэнты, і мяркуе, што пералічаныя ім факты цалкам падпадаюць пад крытэры з Выбарчага кодэксу.

Бабарыка прапануе ЦВК адмовіць Лукашэнку ў рэгістрацыі кандыдатам, калі ў выніку разгляду звароту будуць выяўленыя парушэнні заканадаўства. Пры выяўленні іншых парушэнняў, не згаданых у адпаведным артыкуле, — вынесці Лукашэнку папярэджанне. Таксама ён прапануе прызнаць несапраўднымі падпісныя лісты, подпісы ў якіх сабраныя з парушэннямі. Што да ілжывых звестак адносна сябе самога, Бабарыка лічыць, што яму павінны даць магчымасць публічна выступіць з іх абвяржэннем.

Таксама Бабарыка просіць даць сябрам ягонай ініцыятыўнай групы магчымасць збіраць подпісы «на аналагічных умовах» — у працоўны час і з давядзеннем інфармацыі пра гэта да ўсіх супрацоўнікаў (навучэнцаў).

www.svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: