Бабарыка: Спачатку — эканамічная незалежнасць, нацыянальныя сімвалы — другаснае

Экс-старшыня праўлення Белгазпрамбанку Віктар Бабарыка зарэгістраваў найбольшую пасля Аляксандра Лукашэнкі ініцыятыўную групу, у ёй 8905 чалавек. Пра што ён распавёў падчас першай прэс-канферэнцыі, перадае «Радыё Свабода».
Віктар Бабарыка

Віктар Бабарыка

Пасля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК Бабарыка публічна зняпраўдзіў падазрэнні, што ён «прарасійскі» прэтэндэнт на ўдзел у выбарах прэзідэнта Беларусі, прызначаных на 9 жніўня 2020 года. Бабарыка назваў сябе «прабеларускім кандыдатам».

Свабода вяла жывую трансляцыю з першай прэсавай канферэнцыі прэтэндэнта на вышэйшую дзяржаўную пасаду пасля яго ўступлення ў кампанію.

Бабарыка падзякаваў удзельнікам ініцыятыўнай групы за хуткую мабілізацыю, а таксама супрацоўнікам ЦВК — за апрацоўку вялікага абʼёму інфармацыі пра сяброў ініцыятыўнай групы, за «абʼектыўны разгляд» заяўкі і рэгістрацыю.

Пра сувязь з Расіяй

Бабарыка сказаў, што ў расійскай дзяржавы і бізнесу няма інтарэсу да ягонай выбарчай кампаніі. Адзіны кантакт з расіянамі за два тыдні кампаніі — звальненне з «Белгазпрамбанку». Паводле Бабарыкі, ягонае кіраўніцтва было шакаванае. Бабарыка падзякаваў, што ў той жа дзень «яго і адпусцілі».

«Пасля гэтага я не меў ніякіх кантактаў з расійскім бізнесам, „Газпромам“ ці яго асноўнымі акцыянерамі», — сказаў Бабарыка.

На пытанне, ці меў ён асабістыя кантакты з расіянамі, Бабарыка не адказаў.

«Нехта, хто працуе ў маім штабе, можа прадстаўляць расійскую кампанію. Але калі мець на ўвазе расійскі інтарэс, праяўлены да маёй кампаніі, я магу сказаць, што ён абсалютна нулявы».

Пра падлік галасоў

«Я лічу, што ЦВК абараняе заканадаўства Рэспублікі Беларусь і яе грамадзян пры галасаванні. Гэта маё абсалютнае перакананне, як бы ні будавалі канспіралагічныя тэорыі. Я не іду на вайну, я іду ўдзельнічаць у выбарах Рэспублікі Беларусь. Я лічу, што фальсіфікаваць волю народу не можа ніхто», — сказаў Бабарыка.

Пра верагоднасць рэпрэсій

«Я лічу міфатворчасцю масавыя рэпрэсіі, якія могуць узнікнуць. Я кажу адкрыта, што хачу, каб мой штаб знаходзіўся ў Камітэце дзяржаўнай бяспекі. У нашым штабе няма сакрэтаў, мы не займаемся супрацьпраўнай дзейнасцю, якая можа выклікаць гвалт да сяброў каманды», — сказаў Бабарыка.

Пры гэтым Бабарыка адзначыў, што любыя незаконныя дзеянні ў дачыненьні да ягонай каманды будуць асвятляцца.

Пасля Бабарыка ўдакладніў, што ён праціўнік затрыманняў па палітычных ці эканамічных справах, калі людзі не правакуюць уладу і не робяць супрацьпраўных дзеянняў.

«Мы не выходзім на вуліцу і не парушаем закон. Натуральна, трэба выпраўляць законы і сістэму, дзеля гэтага я і іду», — сказаў Бабарыка.

Пра зніклых палітыкаў

Бабарыка выказаў спачуванні семʼям зніклых палітыкаў Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі і Анатоля Красоўскага.

«Назавіце мне хоць адно палітычнае забойства ці знікненне пасля 2000 года ў любой краіне Еўропы. Я не думаю, што прайшло 20 гадоў і Беларусь на гэтай мапе будзе першай», — сказаў Бабарыка.

Пра незалежнасць і каштоўнасці Беларусі

Бабарыка сказаў, што лічыць сваёй задачай зрабіць эканамічную незалежнасць Беларусі. Нацыянальныя сімвалы, на яго думку, — пытанне другаснае.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: