Бабіч абвергнуў планы па размяшчэнні расійскай ваеннай базы ў Беларусі

Расія не аддзяляе сябе ад Беларусі ў ваенным плане, аднак прапановы аб размяшчэнні ў нашай краіне расійскай ваеннай базы не агучваліся. Пра гэта заявіў журналістам у Мінску 16 лістапада расійскі амбасадар Міхаіл Бабіч.

belvpo.com

«Увесь час ідзе размова, такі доўгі палітычны серыял — размяшчэнне нейкай расійскай ваеннай базы. Гатовы вам у гэтай сувязі адказна заявіць: пачынаючы з 2015 года ніхто ні ў адкрытым рэжыме, ні ў закрытым ніякіх прапаноў аб размяшчэнні расійскай ваеннай базы ў Беларусі нікому не рабіў»,— сказаў дыпламат, паведамляе БелаПАН.

«Сапраўды, у дыяпазоне 2012—2015 гадоў НАТА вяло актыўную палітыку ў гэтай частцы, пачынаючы ад пашырэння на ўсход і заканчваючы размяшчэннем розных ваенных аб'ектаў паблізу межаў Саюзнай дзяржавы. І, сапраўды, тады выпрацоўваліся розныя рашэнні па сіметрычным адказе на гэтыя дзеянні», — падкрэсліў Бабіч.

Ён удакладніў, што гэтыя рашэнні былі прынятыя «ў іншай канфігурацыі з улікам той дыслакацыі ўжо дзеючых расійскіх груповак {на тэрыторыі Беларусі}».

Каментуючы прапанову Польшчы аб размяшчэнні на яе тэрыторыі ваеннай базы ЗША, расійскі амбасадар заявіў: «Мы не можам на кожны чых адкрываць па ваеннай базе. Ну, ці мала, хто там што сказаў?».

Па словах Бабіча, усе планы па ўдарным адказе і іншых дзеяннях у адказ у выпадку нейкі агрэсіі або пагрозы для Саюзнай дзяржавы ўзгодненыя і вывераныя кіраўнікамі дзвюх краін.

«Сённяшні парытэт дазваляе вырашыць любую задачу. Яго самая нязначная змена пацягне вельмі жорсткія дзеянні ў адказ, — сказаў дыпламат. — Мы не падзяляем сябе з Беларуссю ў ваенным плане. Існуючых сіл цалкам дастаткова для таго, каб сёння не проста купіраваць любую пагрозу, а сумесна з Узброенымі сіламі Беларусі нанесці непрымальны ўрон любому суперніку ў любой сітуацыі».

Расійскі амбасадар упэўнены, што гэта «добра вядома нашым так званым партнёрамі па НАТА».

«Усе беларусы павінны быць спакойныя, а тыя, хто выношвае нейкія планы, лепш ім гэтага не рабіць», — падсумаваў Бабіч.

Міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу 24 кастрычніка ў Мінску на сумеснай калегіі ваенных ведамстваў Расіі і Беларусі сказаў, што планы Польшчы па размяшчэнні на сваёй тэрыторыі дывізіі Узброеных сіл ЗША не спрыяюць умацаванню рэгіянальнай бяспекі і вымушаюць прымаць меры ў адказ.

Разам з тым на сустрэчы з амерыканскімі аналітыкамі 6 лістапада Аляксандр Лукашэнка назваў «надуманай праблемай» развагі аб магчымым размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі расійскай ваеннай базы ў адказ на дзеянні Вашынгтона.

«Мы ў ваенна-палітычным саюзе з Расіяй. Будзе тут база ваенная, не будзе — розніцы абсалютна ніякай няма. І мы гэтую базу не размяшчаем тут не таму, што мы хочам вам ці каму-небудзь паказаць, што мы суверэнныя і незалежныя. Мы яе не размяшчаем, таму што яна тут не патрэбна. Мы самі па нашай задуме, ваенным абарончым плане з Расійскай Федэрацыяй, забяспечым тыя функцыі, якія на нас ускладзены», — заявіў ён.

Па словах кіраўніка дзяржавы, калі НАТА будзе працягваць «запалохваць», размяшчаючы базы ў Польшчы альбо яшчэ якім-небудзь чынам, Беларусі будзе трэба больш эфектыўная зброя, перш за ўсё ракетная.

Паводле Аляксея Аляксандрава, naviny.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!