Балансаванне на мяжы фолу

Уласна замежная палітыка і, адпаведна, дыпламатыя з’явілася ў Беларусі не так даўно, можа з дзясятак гадоў таму. Бо да сярэдзіны 2000-х знешнія стасункі зводзіліся ў асноўным да інтэграцыі з Расіяй. Калі ў замежнай палітыцы толькі адзін вектар — лічыць яе сапраўднай цяжка. Сам Лукашэнка, ацэньваючы той перыяд, сказаў, што доўгі час «мы ляцелі на адным крыле».

Мяжой для пераацэнкі падыходаў афіцыйнага Мінска да замежнай палітыкі ў цэлым, і да Захаду ў прыватнасці, стаў крызіс у стасунках з Расіяй. Адразу ж пасля беларуска-расійскай нафтагазавай вайны на мяжы 2006–2007 гадоў Беларусь прапанавала ЕС дыялог. Рэальна нармалізацыя адносін Беларусі і Еўрасаюза пачалася ў 2008 годзе пасля расійска-грузінскай вайны. Афіцыйны Мінск разлічваў набыць новую кропку апоры. Гэта давала магчымасць гуляць на супярэчнасцях, балансаваць паміж Расіяй і Еўропай, атрымаць эканамічныя і палітычныя дывідэнды з абодвух бакоў. Беларускае кіраўніцтва было зацікаўленае ў заходніх інвестыцыях, крэдытах. За гэта давялося заплаціць вызваленнем палітзняволеных.

Першую спробу нармалізацыі адносінаў з Захадам у 2008–2010 гадах можна лічыць адносна паспяховай. Тады Мінск атрымаў крэдыт МВФ. Аднак пасля падзей 19 снежня 2010 года стасункі Беларусі з Захадам зноў абвастрыліся.

Новы этап дачыненняў афіцыйнага Мінска з ЗША і ЕС пачаўся ў 2014 годзе. І рубіконам сталі падзеі ва Украіне — захоп Крыма, вайна на Данбасе. Беларусь стала цэнтрам урэгулявання ўкраінскага крызісу.

Мінск скарыстаўся момантам і гэтым новым міжнародным іміджам, каб размарозіць адносіны з Захадам. Гэта атрымалася з цэлага шэрагу прычын.

Па-першае, падчас вострага геапалітычнага супрацьстаяння, міжнароднага крызісу, абвастрэння адносін паміж Захадам і Расіяй на першы план у міжнароднай палітыцы выходзяць пытанні геапалітыкі, а пытанні каштоўнасцяў (правоў чалавека, дэмакратыі) адсоўваюцца ўбок. Якраз па найважнейшым геапалітычным пытанні сённяшняга дня — стаўленні да расійска-ўкраінскага канфлікту — Беларусь спрабуе захоўваць нейтралітэт. Што апынулася некалькі нечаканым для Захаду, улічваючы тое, што Беларусь — найбліжэйшы саюзнік Расіі. ЕС і ЗША гэта ацанілі.

Па-другое, змена адносін Захаду да Беларусі адбылася з выключна практычных меркаванняў. З-за расійска-ўкраінскага канфлікту ўзнікае пагроза транзіту газу ў краіны ЕС праз тэрыторыю Украіны. І на гэтым фоне беларуская стабільнасць падвышаецца ў цане для еўрапейцаў, і нават амерыканцаў. Памочнік дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Уэс Мітчэл падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 31 кастрычніка адзначыў, што Злучаныя Штаты высока цэняць «палітычную стабільнасць» у Беларусі.

Па-трэцяе, Лукашэнка на фоне Пуціна стаў ужо не самым «дрэнным хлопцам». Усё пазнаецца ў параўнанні. Да таго ж імкненне Захаду дамагчыся дэмакратычных зменаў у Беларусі праз жорсткі ціск і ізаляцыю не дало выніку. На фоне стомленасці ад бясплённых спробаў дэмакратызаваць Беларусь у краінах ЕС атрымалі верх сілы, якія выступаюць за пераадоленне ізаляцыі нашай краіны, нармалізацыю адносін з ёй.

Па-чацвёртае, беларускае кіраўніцтва зрабіла некаторыя канкрэтныя крокі па шляху лібералізацыі: вызваленне палітычных зняволеных, першыя прыкметы эканамічных рэформаў, больш паблажлівае стаўленне ўладаў да ўдзелу апазіцыі ў выбарчай кампаніі, допуск двух дэмакратычных дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў. У выніку праблема дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі перастала быць перашкодай для дыялогу. Еўрапейскія палітыкі разлічвалі заахвоціць Лукашэнку павольна, крок за крокам, рухацца па шляху лібералізацыі і збліжэння з Захадам. У гэтую канцэпцыю добра ўпісалася праграма ЕС «Усходняе партнёрства», у якую была ўключана Беларусь.

Такім чынам, пачынаючы з 2014 года Беларусь актыўна праводзіць палітыку балансавання, лавіравання паміж Расіяй і Захадам. У сваім травеньскім выступе на форуме «Мінскі дыялог» Лукашэнка казаў: «Мы не з Расіяй супраць Еўропы і не з Еўропай супраць Расіі. Для нас у прынцыпе непрымальнае пытанне, з кім мы».

Улады пачалі фармаваць вобраз краіны-міратворцы, донара бяспекі, беларуская сталіца прэтэндавала на ролю новай Жэневы, Хельсінкі–2. Беларусь вярнулася ў еўрапейскі палітычны парадак дня. Тут сталі рэгулярна праводзіцца міжнародныя форумы.

Апошнімі месяцамі гэтая палітыка балансавання набыла новыя рысы. Пасля прэзідэнцкіх выбараў у Расіі ўвага да Беларусі ў Маскве ўзрасла. Пра гэта сведчыць і прызначэнне пасла Расіі Міхаіла Бабіча з вялікім статусам і паўнамоцтвамі, і той факт, што з 19 чэрвеня па 12 кастрычніка Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы сам-насам чатыры разы. Цяжка ўзгадаць аналагічны перыяд у двухбаковых адносінах з такой інтэнсіўнасцю сустрэчаў.

Але гэты ўхіл у бок Расіі афіцыйны Мінск хутка выправіў. Першым рухам знешнепалітычнага ківача ў процілеглым напрамку стаў нядаўні Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны ў Гомелі, перамовы Аляксандра Лукашэнкі з украінскім прэзідэнтам Пятром Парашэнкам. Наступным крокам у гэты бок стала правядзенне ў Мінску Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы і выступ на ёй кіраўніка Беларусі.

Таксама Лукашэнка сустрэўся з памочнікам дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Уэсам Мітчэлам. Упершыню за 16 гадоў амерыканскі чыноўнік такога ўзроўню наведаў Мінск. Гэта значыць, што нарэшце Беларусь з’явілася на радарах знешняй палітыкі ЗША. «Асабіста я вельмі разлічваю, што гэта будзе сапраўды гістарычны візіт, з якога пачнецца, хай паступовы і павольны, выхад з таго стану, у якім знаходзяцца беларуска-амерыканскія адносіны», — сказаў Лукашэнка.

Калі казаць пра сухую рэшту, то ЕС плануе ў бліжэйшыя тры гады выдаткаваць 112–136 мільёнаў еўра ў выглядзе тэхнічных грантаў для Беларусі. Таксама да 2020 года Беларусь будзе мець доступ да фонду памерам у 283 мільёнаў еўра ў рамках праектаў транспамежнага супрацоўніцтва «Польшча—Беларусь—Украіна» і «Латвія—Літва—Беларусь».

Актыўна супрацоўніча­юць з Беларуссю еўрапейскія фінансавыя інстытуты. Еўрапейскі інвестыцыйны банк пачаў фінансаваць некалькі інфраструктурных праектаў. Ён прадстаўляе 84 мільёны еўра «Мінскводаканалу» для фінансавання рэканструкцыі і мадэрнізацыі цэнтральнай ачышчальнай станцыі сталіцы. Банк фінансуе мадэрнізацыю міжнародных транспартных калідораў. Да прыкладу, ён, сумесна з Сусветным банкам, фінансава дапамагае мадэрнізацыі хуткаснай трасы з Мінска да літоўскай мяжы. Таксама каля 200 малых і сярэдніх прадпрыемстваў скарыстаюцца рэсурсамі двух крэдытаў, прадстаўленых Еўрапейскім інвестыцыйным банкам «Белаграпрамбанку» (50 мільёнаў еўра) і «Беларусбанку» (25 мільёнаў еўра).

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця ў 2016 годзе атрымаў мандат на працу з беларускім дзяржсектарам, прыняў новую краінавую стратэгію, падпісаў рамачнае пагадненне з Беларуссю.

Цяпер на стале ў Лукашэнкі ляжаць запрашэнні наведаць тры еўрапейскія сталіцы: Рыгу, Вену і Мюнхен. Было яшчэ запрашэнне ў Парыж на ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны, але кіраўнік Беларусі яго праігнараваў.

Такім чынам, амплітуда ваганняў ківача ў адносінах паміж сусветнымі цэнтрамі сілы ў дзеяннях і жэстах афіцыйнага Мінска павялічыцца, а заявы Лукашэнкі становяцца ўсё больш супярэчлівымі — у залежнасці ад аўдыторыі.

Напрыклад, падчас саміту СНД 28 верасня Лукашэнка казаў пра «небяспекі і выклікі, якія ўтойваюць у сабе дзеянні заходніх дзяржаў і NATO каля нашых межаў, ля межаў Саюзнай дзяржавы».

А 6 лістапада, падчас сустрэчы з прадстаўнікамі аналітычных цэнтраў ЗША, беларускі кіраўнік заявіў пра зацікаўленасць Беларусі не толькі ў моцнай і адзінай Еўропе, але і ў моцным трансатлантычным партнёрстве. «Гэта асноўная апора нашай планеты, і не дай Бог яе разбурыць. Мы ўпэўненыя, што ад згуртаванасці краін у рэгіёне і захавання ваенна-палітычнай ролі ЗША ў еўрапейскіх справах залежыць бяспека ўсяго кантынента», — сказаў Лукашэнка.

Перакладаючы на зразумелую мову, гэта азначае, што Мінск зацікаўлены ў моцным NATO на чале з ЗША. Такім чынам, Паўночнаатлантычны альянс — гэта ўжо не «страшны монстр», як называў яго Лукашэнка раней, а «асноўная апора нашай планеты». Дзіўныя справы твае, Гасподзь.

Далей яшчэ цікавей. 4 лістапада на сустрэчы з жыхарамі пасёлка Балбасава Аршанскага раёна Лукашэнка адзначыў, што казаў міністру замежных спраў Польшчы: «Не трэба ствараць лішнія базы. У адваротным выпадку мы з расіянам павінны будзем адказваць. Значыць, мы будзем вымушаныя нешта размяшчаць, каб вам процідзейнічаць». Ніяк па-іншаму трактаваць гэтую фразу нельга, як згоду на з’яўленне ў Беларусі расійскай ваеннай базы ў адказ на амерыканскую базу ў Польшчы. Менавіта так зразумелі яе расійскія СМІ.

Аднак праз два дні Лукашэнка ў гутарцы з амерыканскімі экспертамі з непараўнальнай непасрэднасцю катэгарычна абверг магчымасць размяшчэння на тэрыторыі Беларусі расійскай базы. «Яна тут не патрэбная... Мы катэгарычна супраць размяшчэння, тым больш базы ваенна-паветраных сіл», — кажа ён.

Вось такое знешнепалітычнае лавіраванне. Гэта можна назваць як тонкай дыпламатычнай мімікрыяй, так і праставатай сялянскай хітрасцю. Ківач знешнепалітычнага балансавання бесперапынна рухаецца. І не вядома, дзе і калі ён спыніцца. Гэты зварот адначасова да Масквы, Брусэля і Вашынгтона з прапановай: рабіце свае стаўкі, спадары!



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!