Барыс Жаліба: Грошы Расія будзе даваць у абмен на інтэграцыю

Эканаміст Барыс Жаліба патлумачыў, чаму беларускія ўлады просяць грошы ў Кітая.

Як паведаміў міністр фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч, Беларусь плануе ў гэтым годзе атрымаць кітайскі крэдыт на 3,5 мільярда юаняў (каля 500 мільёнаў долараў). Суадносны мемарандум ужо падпісаны.

Барыс Жалібаадзначыў у каментары Радыё Рацыя:

— Як я зразумеў, гэтым разам наша Міністэрства фінансаў просіць у Кітая не звязаны крэдыт (а менавіта такое крэдытаванне і прадастаўляе Кітай апошнім часам), а, як кажуць, наяўнымі грашыма. У выглядзе выключэння.

— Складаная фінансавая сітуацыя?

— Расія спачатку абяцала кампенсаваць падатковы манеўр, але затым адмовілася гэта рабіць. Маўляў, спачатку давайце рухаць інтэграцыйныя працэсы, а ўжо затым атрымаеце пернік. Тое, што пад выглядам інтэграцыі Масква хоча цалкам прывязаць да сябе, а затым і паглынуць Беларусь, зразумела многім, таму беларускія ўлады зараз круцяцца, як вуж на патэльні.

— Здаецца, Расія абяцала міждзяржаўны крэдыт на 600 мільёнаў долараў…

— Так, пра гэта казаў міністр фінансаў Расіі Антон Сілуанаў, які адначасова з’яўляецца віцэ-прэм’ерам. Але затым гэтую заяву дэзавуявалі, а крэдыт таксама прывязалі да інтэграцыі. Маўляў, раніцай — крэслы, вечарам — грошы.

Таму сёння міністру фінансаў Беларусі нічога іншага не застаецца, як шукаць грошы з іншых крыніц. Вось і звярнуліся да Кітая, бо, хутчэй за ўсё, у гэтым годзе краіна нічога не атрымае ад Расіі. Грошы яна будзе даваць у абмен на інтэграцыю.

Трэба яшчэ нагадаць, што апошні крэдыт Еўразійскага банка (каля 200 мільёнаў долараў) таксама пакуль знаходзіцца ў падвешаным стане. Калі не будзе крэдытаў, краіна апынецца ў вельмі складаным фінансавым становішчы, якое нават пагражае дэфолтам. Таму тэрмінова і шукаюць грошы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!