Беларусь-ЕЗ: што тармозіць развіццё адносін?

У бліжэйшыя месяцы можна чакаць, што адносіны Беларусі і ЕЗ працягнуць развівацца ў супярэчлівым кірунку.
Такі прагноз утрымліваецца ў новым выпуску «Мінскага барометра», прэзентаванага экспертнай ініцыятывай «Мінскі дыялог».

Як адзначаюць эксперты, у адносінах Беларусь-ЕЗ з аднаго боку будзе і далей нарастаць інтэнсіўнасць кантактаў і праектнага супрацоўніцтва ў розных галінах. З іншага — у падвешаным стане застаюцца перамовы па палітычна значных пагадненнях, усё больш выразна праглядаюцца супярэчнасці ў галіне гандлю. Такая парадыгма дазволіць рухацца наперад там, дзе ў бакоў няма супярэчнасцяў. Але адначасова будзе ствараць дадатковую нявызначанасць у адносінах у цэлым, негатыўна ўплываць на ўзровень узаемнага даверу.

Эксперты «Мінскага дыялогу» звяртаюць увагу, што ў апошні час працягваюць нарастаць аб’ёмы і інтэнсіўнасць беларускіх кантактаў і сумесных праектаў з інстытутамі і краінамі-членамі ЕЗ, у тым ліку паступова ўзмацняецца ўзаемадзеянне з еўрапейскімі фінансавымі інстытутамі. Пры гэтым неадназначнай дынамікай характарызуюцца гандлёвыя адносіны. З аднаго боку, вынікі ўзаемнага гандлю таварамі у 2018 годзе пазітыўныя для Беларусі. З іншага — Мінск пачаў адкрыта гаварыць пра ўжыванне Бруселем нетарыфных бар’ераў з мэтай абмежаваць магчымасці беларускага экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі.

У той жа час, як лічаць эксперты, распрацаваны ўжо некалькі гадоў праект пагаднення аб прыярытэтах партнёрства пачынае страчваць актуальнасць. Не толькі з-за даўно мінулых тэрмінаў, у якія планавалася падпісаць дакумент, але і з прычыны перакананасці, што новыя саступкі ў дачыненні да выстаўленых Літвой умоў будуць толькі прыводзіць да ўсё новых патрабаванняў з боку Вільнюса.

«А вось заключэнне пагадненняў аб спрашчэнні візавых фармальнасцей і рэадмісіі выглядае досыць рэалістычным у 2019 годзе. Да з’яўлення новай супярэчнасці, звязанай з патрабаваннем Польшчы павялічыць колькасць акрэдытаваных у Беларусі польскіх консулаў, у гэтых перамовах быў дасягнуты прагрэс па пытанні, якое доўга заставалася камнем перапоны. ЕЗ хацеў уключыць у тэкст пагаднення асобны пункт аб яго прыпыненні ў выпадку змены міжнароднай сітуацыі, і, у прыватнасці, у выпадку ўвядзення ў дачыненні да Беларусі новых санкцый. Мінск жа выступаў катэгарычна супраць, бо нічога падобнага няма ў пагадненнях ЕЗ з іншымі суседзямі. Уяўляецца, што і па пытанні колькасці консулаў бакі змогуць развязаць пытанне», — прагназуюць аўтары «Мінскага барометра».

Паводле thinktanks.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!