Беларусь хоча выдаць таджыцкага футбаліста на радзіму, дзе яму пагражаюць катаванні

Нагодай для пераследу ў Таджыкістане стала абвінавачанне ў "экстрэмісцкай дзейнасці", піша Радыё Свабода.


Праваабарончыя арганізацыі заклікаюць беларускія ўлады не экстрадзіраваць былога таджыцкага футбаліста Парвіза Турсунава ў Таджыкістан. Паводле праваабаронцаў, чый заклік змешчаны на сайце Human Rights Watch, у Таджыкістане ў адносінах да Турсунава могуць быць ужытыя катаванні або ён можа пацярпець ад жорсткага абыходжання.

43-гадовы Парвіз Турсунаў быў абаронцам таджыцкай футбольнай каманды «Хайр» у горадзе Вахдат. Таджыцкія СМІ паведамлялі ў красавіку 2011 году, што галоўны трэнэр «Хайр» запатрабаваў ад Турсунава згаліць бараду, таму што «праваахоўныя органы не хочуць бачыць футбаліста на полі з доўгай барадой, як у мулы». Турсунаў адмовіўся згаліць бараду і быў адлічаны з каманды.

Турсунаў з сям’ёй пазней з'ехалі ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, а потым у Турцыю, дзе яны былі працоўнымі мігрантамі ды займаліся падрыхтоўкай і продажам страў таджыцкай традыцыйнай кухні. У верасні сёлета яны вырашылі праз Беларусь паехаць у Еўропу, дзе меркавалі прасіць прытулку.

Тым часам МУС Таджыкістану ў лютым 2018 года распачала ў дачыненні да Парвіза Турсунава крымінальную справу па артыкуле аб публічных закліках да ажыццяўленьня экстрэмісцкай дзейнасці. Што канкрэтна ставіцца футбалісту ў віну, пакуль невядома.

Пра затрыманьне Парвіза Турсунава ў Мінску 18 верасня паведаміла Свабодзе ягоная жонка Саёра Субхонава па тэлефоне з Кіеву. Паводле яе слоў, у мужа скончыўся тэрмін рэгістрацыі ў Дубаі, і ён не змог своечасова яе працягнуць, таму сям’я вырашыла выехаць у Турэччыну, дзе прабыла тры месяцы. Але і там не ўдалося атрымаць рэгістрацыю, і праз тры месяцы яны прыбылі ва Украіну, а адтуль у Беларусь, каб патрапіць у Еўропу. Але іх падарожжа было перапыненае ў Мінску.

«Мы хацелі з Мінску даехаць на цягніку да Берасця, да беларуска-польскай мяжы, і папрасіць прытулку ў Польшчы, паколькі мой муж знаходзіўся ў вышуку, хоць ён ні ў чым не вінаваты», — сказала Саёра Субхонава.

Паводле Субхонавай, падчас пераходу беларускай мяжы памежнікі праверылі дакументы Парвіза і папрасілі прайсці з імі ў кабінет. Больш яна яго не бачыла. Тры дні жанчына з дзецьмі знаходзілася ў аэрапорце, а пасля яе адправілі ва Украіну.

Генеральны пракурор Беларусі пацвердзіў, што ён чакае дакументацыі па запыце аб выдачы, і што таджыцкія ўлады абвінавацілі Турсунава па артыкуле аб «публічных закліках да правядзення экстрэмісцкай дзейнасці» і «арганізацыі экстрэмісцкай суполнасці».

Праваабаронцы адзначаюць, што ўлады Таджыкістану рэгулярна спасылацца на гэты артыкул у палітычна матываваных справах.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!