Беларусь і ЕС падпісалі пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму (відэа)

Сёння Еўрапейскі саюз і Беларусь падпісалі пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму і пагадненне аб рэадмісіі. Якія змены гэта прынясе?
БелТА

БелТА

Пагадненні ўяўляюць сабой важны крок у адносінах ЕС і Беларусі і адкрываюць шлях да большай мабільнасці грамадзян, спрыяюць умацаванню сувязяў паміж ЕС і яго суседзямі, краінамі Усходняга партнёрства, адзначаецца на сайце Прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Мінску.

На сённяшняй цырымоніі Камісар Еўрапейскага саюза па ўнутраных справах Ілва Ёхансан разам з віцэ-прэм'ер-міністрам і міністрам унутраных спраў Харватыі ў якасці старшыні Савета ЕС Даварам Бажынавічам падпісалі пагадненні з боку ЕС, а Беларусь прадстаўляў міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

Еўрапейскі бок паабяцаў паскорыць працэдуры ратыфікацыі пагаднення, каб грамадзяне маглі скарыстацца з выгодаў як мага хутчэй.

Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму спросціць атрыманне беларускімі грамадзянамі кароткатэрміновых віз для ўезду ў Еўрапейскі Саюз. Пасля ўступлення пагаднення ў сілу візавы збор знізіцца да 35 еўра. Акрамя таго сэрвісны збор будзе абмежаваны, а тэрмін прыняцця рашэнняў па заяўках на атрыманне візы будзе скарочаны. Некалькі катэгорый падарожнікаў (напрыклад, журналісты, студэнты і асобы ў складзе афіцыйных дэлегацый) змогуць атрымліваць шматразовыя візы з усё большай працягласцю дзеяння, пры гэтым давядзецца прадастаўляць менш пацвярджальных дакументаў. Раней Беларусь у аднабаковым парадку зрабіла захады для спрашчэння кароткатэрміновых бязвізавых падарожжаў грамадзян ЕС, якія прыбываюць у Мінск.

Асноўная мэта пагаднення аб рэадмісіі паміж ЕС і Беларуссю – стварэнне на аснове ўзаемнасці працэдур для бяспечнага і ўпарадкаванага вяртання асоб, якія незаконна пражываюць у ЕС ці ў Беларусі, пры поўным выкананні іх правоў, прадугледжаных міжнародным заканадаўствам.

Наступныя крокі


Пасля сённяшняга падпісання пагадненні будуць пададзеныя у Еўрапейскі парламент для атрымання яго згоды. Затым Савет зможа афіцыйна завяршыць ратыфікацыю абодвух пагадненняў. Працэдура ратыфікацыі прадугледжаная таксама і з беларускага боку, праз зацвярджэнне Нацыянальным сходам Беларусі. Пагадненні могуць увайсці ў сілу ў чэрвені 2020 года (у першы дзень другога месяца пасля заключэння). Абодва пагадненні ўвойдуць у сілу ў адзін дзень.

Для даведкі


Перамовы пра пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж ЕС і Беларуссю афіцыйна пачаліся ў 2014 годзе. У лютым 2015 года Савет унёс змены ў свае дырэктывы па вядзенні перамоваў, прадугледзеўшы магчымасць вядзення перамоваў пра ўзаемную адмену віз для ўладальнікаў дыпламатычных пашпартоў. На шостым раўндзе перамоў, які адбыўся 26 сакавіка 2019 года, бакі дасягнулі канчатковай дамоўленасці па абодвух тэкстах, якія былі парафіраваны 17 чэрвеня 2019 года.

З 2006 года ЕС заключыў пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму з Албаніяй, Арменіяй, Азербайджанам, Босніяй і Герцагавінай, Каба-Вердэ, Паўночнай Македоніяй, Грузіяй, Малдовай, Чарнагорыяй, Сербіяй, Расіяй і Украінай.

Афіцыйныя пагадненні аб рэадмісіі або практычныя дамоўленасці па вяртанні і рэадмісіі дзейнічаюць з 24 краінамі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: