Беларусь і Расея дамовіліся аб кампенсацыі за брудную нафту

Прадстаўнікі Беларусі і Расеі дамовіліся аб кампенсацыі за брудную нафту з разліку 15 даляраў на барэль, пішуць беларускае БелТА і расейскі ТАСС.
Пра дамоўленасць паведаміў намеснік старшыні канцэрну «Белнафтахім» Уладзімер Сізаў.

«Ідзе праца, накіраваная на ўстанаўленне і пацверджанне тых кампенсацыйных выплат, якія павінны будуць быць сплачаныя Мазырскаму нафтаперапрацоўчаму заводу», – сказаў Сізаў.

Паводле Сізава, гаворка ідзе пра суму «па аналогіі з іншымі бакамі, якія «былі ўцягнутыя ў гісторыю з бруднай нафтай» – гэта контрагенты ў Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Венгрыі.

«З адкрытых крыніц стала вядома, што яны атрымалі кампенсацыю памерам 15 даляраў на барэль пастаўленай нафты за павышаным утрыманнем хлорарганікі», – сказаў Сізаў.

У красавіку 2019 году беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы атрымалі партыю няякаснай нафты з Расеі. Сцвярджалася, што узровень хларыдаў быў перавышаны ў 20 і больш разоў, праз гэта сапсавалася абсталяванне. Таксама беларускі бок заяўляў, што праз вымушанае прыпыненне паставак нафтапрадуктаў на экспарт страціў некалькі сотняў мільёнаў даляраў.

Беларусь летась не змагла зарабіць на нафтапрадуктах? Што Макей сказаў пра нафту. Расшыфроўваем
Расейскі бок прызнаў факт паставак няякаснай нафты, у Расеі завялі крымінальную справу аб забруджванні нафты. Але пра кампенсацыю за брудную нафту дамовіліся толькі праз 10 месяцаў (пра методыку падлікаў і падыходы да кампенсацыі – праз 9) па здарэнні.

Сцвярджалася, што ў Беларусь трапілі 1,2 млн тонаў бруднай нафты. Калі лічыць, што адзін барэль важыць 0,1373 т, то выходзіць, што ў Беларусь трапіла каля 8,74 млн «брудных барэляў», а кампенсацыя мае скласці каля 131,1 млн даляраў. «Белнафтахім» мінулым летам патрабаваў 155 млн даляраў.

Урад Беларусі раней дапускаў, што можа звярнуцца ў суд, калі Расея адмовіцца кампенсаваць выгаду, страчаную праз пастаўкі бруднай нафты.


svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: