Беларусь і Расія адпрацуюць… супраціў Расіі

Варта перавярнуць мапу вучэнняў дагары нагамі і паставіць «Вейшнорeю» на Усход, і… Усё становіцца зразумела. Беларускія і расійскія войскі на гэтых вучэннях будуць адпрацоўваць супрацьдзеянне таму, што Расія ажыццявіла на ўсходзе Украіны.

Беларускае Міністэрства абароны ўрэшце вырашыла збіць панічныя настроі наконт вучэнняў «Захад-2017». У Мінску правёў брыфінг кіраўнік сумеснага стратэгічнага вучэння «Захад-2017» ад беларускага боку, кіраўнік Генеральнага штаба Узброеных сіл — першы намеснік міністра абароны генерал-маёр Алег Белаконеў.

Фармат брыфінгу пытанняў не прадугледжвае, а таму журналісты абышліся толькі афіцыйнай версіяй гэтых вучэнняў.

Падступны Захад

Найперш, спадар Белаконеў назваў «няпростай» ваенна-палітычную абстаноўку ў рэгіёне. На заходніх межах Саюзнай дзяржавы, у краінах Балтыі і Польшчы створаныя перадавыя цэнтры NATO. Колькасць сілаў першачарговага рэагавання Альянса павялічана з 25 да 40 тысяч чалавек. У поўнай аператыўнай гатоўнасці знаходзяцца чатыры шматнацыянальных батальённых тактычных групы. А у Польшчы развернутая танкавая брыгада ЗША.

Кіраўнік беларускага генштабу падкрэсліў пры гэтым, што тое ж NATO рэгулярна праводзіць вайсковыя вучэнні ў нашым рэгіёне, прычым, колькасць іх штогод узрастае. Калі з 2009 па 2014 год было праведзена толькі 41 вучэнне, у 2015-м — ужо 76. У 2016-м — 83. Па плане 2017 года такіх вучэнняў павінна быць 85. Значна павялічваецца і колькасць заходніх войскаў, якія прымаюць удзел у навучаннях. З 2009 па 2013 гады ў іх было задзейнічана 38 тысяч чалавек. У 2014-м — ужо 52 тысячы вайскоўцаў. У 2015-м — 89 410, у 2016-м — 121 700 чалавек, а ў 2017-м плануецца задзейнічаць таксама каля 120 тысяч ваенных.

«Рэспубліка Беларусь не бачыць у гэтым пагрозы нацыянальнай бяспецы, і мы ставімся да гэтага абсалютна адэкватна. Працэс будаўніцтва і развіцця ўзброеных сіл любой дзяржавы — незавершаны працэс, і не маючы канчатку. Апрабацыя новых формаў і спосабаў ажыццяўляецца, канешне ж, на вучэннях», — зазначыў Белаконеў.


У сувязі з гэтым прадстаўнік Геншатаба, ажыятаж вакол «Захаду-2017» назваў «незразумелым». І параўнаў нашы вучэнні з заходнімі — а дакладна, з «Анакондай 2016», найбуйнейшымі вучэннямі NATO у Еўропе з часоў заканчэння халоднай вайны.

Па яго словах, у «Анакондзе» прынялі ўдзел прадстаўнікі 24 дзяржаў, і гэтыя манеўры перавышалі паказчыкі «Захаду-2017» у некалькі разоў. Прынамсі, па колькасці задзейнічаных вайскоўцаў у два разы, па колькасці ўзбраенняў — у чатыры з паловай разы, па колькасці авіяцыі — у паўтары разы. «Змест адпрацаваных пытанняў меў яскравы недружалюбны характар і ўключаў у сябе адпрацоўку сістэмы выведкі, перакідванне войскаў да мяжы Рэспублікі Беларусь адпрацоўку задачаў наступальнай тэматыкі. Між тым, ніякага ажыятажу, як вакол сумесных вучэнняў «Захад-2017», ніхто не падымаў», — адзначыў кіраўнік Генштабу Беларусі.

Напрыканцы «інфармацыйнай накачкі» спадар Белаконеў паведаміў, што аналагічныя вучэнні праводзіліся і праводзяцца ва Украіне. А на час «Захаду 2017», працытуем вайскоўца: «11 —20 верасня у паўночнай частцы Ровенскай вобласці арганізацыя «Правы сектар» плануе размясціць узброеныя атрады агульнай колькасцю да 200 чалавек, з заяўленай мэтай: «Недапушчэнне ўварвання ўзброеных сіл Расіі з боку Беларусі».

Напужаўшы журналістаў, Белаконеў перайшоў да канкрэтна вучэнняў «Захад 2017».

Задума і тактыка

Кіраўнік Генштаба адзначыў, што вучэнні «Захад-2017» носяць выключна абарончы характар. Па іх задуме, зацверджанай у сакавіку, праціўнікі змешчаны ва ўмовах рэальных межаў Беларусі. З аднаго боку — «Паўночныя», то бок Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі, з іншага боку — «Заходнія», «кааліцыя зацікаўленых дзяржаў», дыпламатычна выказаўся Белаконеў.

Умоўная дзяржава «Вейшнорыя» знаходзіцца на паўночным захадзе рэальнай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, за якую і будзе ісці змаганне. Галоўнай прычынай абвастрэння абстаноўкі з’яўляецца імкненне «Заходніх» дэстабілізаваць сітуацыю у рэспубліцы і дамагчыся пагаршэння адносінаў паміж суб’ектамі Саюзнай дзяржавы.


«Па такім сцэнары пачыналіся ўсе ўзброеныя канфлікты ў апошні час» — адзначыў Белаконеў. У сваю чаргу, Беларусь імкнецца не дапусціць развязання ўзброенага канфлікту, дэстабілізацыі становішча ў рэгіёне, а Расійская Федэрацыя, у адпаведнасці з дзейснымі дамовамі, дапамагае палітычна, фінансава, ваенна-тэхнічна і вайскова.

Абставіны на вучэннях будуць створаныя такім чынам, каб задзейнічаць максімальную колькасць органаў ваеннага кіравання. У аснову розыгрышу практычных эпізодаў пакладзеныя варыянты сумесных дзеянняў падраздзяленняў, якія ўваходзяць у склад рэгіянальнай групоўкі войск. Задачы — прыкрыццё ўчасткаў дзяржаўнай мяжы, ахову і абарону ваенных аб’ектаў, блакаванне і ліквідацыя дыверсійна-выведавальных груп і незаконных узброеных фармаванняў, а таксама вядзенне абарончага бою ў выпадку ўварвання на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы групоўкі «Заходніх».

Усё пройдзе па плане

Напрыканцы спадар Белаконеў у чарговы раз засяродзіўся на тых «страшылках», якімі пужаюць інтэрнэты. Так, па яго словах, паніку наконт шматлікасці расійскіх войскаў на «Захадзе-2017» узнялі з апублікаванага Расіяй дзяржзаказу на перавозку войскаў у 4162 вагонах.

Белаконеў, прафесійны вайсковец, адзначыў, што ў гэтую колькасць вагонаў увойдзе толькі паўтары мотастралковыя дывізіі, і «захапіць Беларусь» альбо ўварвацца ва Украіну з такой колькасцю войскаў можа толькі вар’ят.

Да таго ж, тысячы беларускіх вайскоўцаў, у сваю чаргу, прымаюць удзел у аналагічных вучэннях на тэрыторыі Расіі — і ніхто не крычыць пра захоп беларусамі расійскіх рэгіёнаў.

Для адпрацоўкі задачаў вучэнняў будуць выкарыстоўвацца 8 пляцовак, пры гэтым, як адзначыў Белаконеў, яны наўмысна вызначаныя так, каб даставіць менш клопату суседзям, і размешчаныя ў аддаленых ад дзяржаўных межаў раёнах. Назіраць за актыўнай фазай «Захаду-2017» будуць 150 СМІ, а ўвогуле за манёўрамі — 80 назіральнікаў з розных краін.


Па заканчэнні вучэнняў, да 30 верасня, усе войскі, у іх задзейнічаныя, павінны вярнуцца ў месцы дыслакацыі.

І у чарговы раз спадар Белаконеў параіў не слухаць саматужных «вайсковых экспертаў», не раздзьмухаць паніку і займацца ўсім сваімі справамі. Дактарам — лячыць, вайскоўцам — ваяваць, журналістам — пісаць.

Асадачак…

Як ужо казалася, прадстаўнікі прэсы не змаглі задаць свае пытанні прадстаўніку Мінабароны. А таму застаўся ад сустрэчы пэўны «асадачак» у выглядзе пытанняў і заўваг.

Па-першае, наконт вечнага ворага ў выглядзе NATO. Да інфармацыі спадара Белаконя дадаць можна толькі адно: там, ў NATO, таксама сядзяць не дурні. Актывізацыя вучэнняў з 2014 года выкліканая не чым іншым, як уварваннем Расіі на тэрыторыю Украіны. І добра яшчэ, што такая актыўнасць абмяжоўваецца вучэннямі. Вялікабрытанія і ЗША маглі б узгадаць Будапештскі мемарандум не ў выглядзе немагчымасці яго выканання, а як нармальны дакумент — і мы б атрымалі ва Украіне сапраўды вайну NATO і Расіі. Таму не варта было б спасылацца на актыўнасць Альянса: Расія ўварваннем ва Украіну справакавала NATO на адэкватныя дзеянні. А тое, што ля нашых межаў — ніхто не прымушаў нас лезці ў Саюзную дзяржаву. Улезлі — атрымайце.

Па-другое, вельмі насцярожвае згадка з вуснаў такой асобы пра «Правы сектар» і 200 яго байцоў на мяжы з Беларуссю. «Правы сектар» даўно ўжо не ёсць сур’ёзнай арганізацыяй ва Украіне, і заграз ў палітычных сварках, а яго «добрабаты» былі раззброеныя. Калі беларускі Генштаб аперуе паняццямі пра «правасекаў» у Ровеньскай вобласці, то гэта альбо свядомая маніпуляцыя даўно прагнілай «пужалкай», альбо «пракол» выведкі. У апошнім выпадку нашым вайскоўцам не пазайздросціш, бо будаваць вайсковую стратэгію на такой інфармацыі…

І па-трэцяе. Варта перавярнуць мапу вучэнняў дагары нагамі і паставіць «Вейшнорыю» на Усход, і… Усё становіцца зразумела. Беларускія і расійскія войскі на гэтых вучэннях будуць адпрацоўваць супрацьдзеянне таму, што Расія ажыццявіла на ўсходзе Украіны. Там быў захоп часткі дзяржаўнай мяжы, захоп практычна безабаронных вайсковых частак, стварэнне незаконных узброеных фармаванняў і праца дыверсійна-выведавальных групаў. І ўкраінскія памежнікі і ВСУ не змаглі даць той самы «абарончы бой у выніку уварвання праз межы дзяржавы», якому будуць вучыцца зараз беларускія войскі.

Вось і пытанне: ці навучаць рускія беларусаў супрацьстаяць свайму ж «гібрыднаму сцэнару», скарыстанаму ў Данбасе?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: