Беларусь і Расія будуць разам процідзейнічаць «фальсіфікацыі гісторыі»

Важным вектарам сумеснай працы Беларусі і Расіі ў міжнародных арганізацыях з'яўляецца супрацьдзеянне «фальсіфікацыі гісторыі». Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, адкрываючы 21 лістапада ў Мінску сумеснае пасяджэнне калегій міністэрстваў замежных спраў дзвюх краін, перадае БелаПАН.

Уладзімір Макей. Фота: БелаПАН

«Мы не ў першы раз актуалізуем падыходы па супрацьдзеянні спробам асобных сіл (назавем іх так) прынізіць уклад Савецкага Саюза ў вызваленне Еўропы і Азіі ад фашызму, падвергнуць рэвізіі вынікі Другой сусветнай вайны і пасляваеннага ўладкавання свету, — сказаў Макей. — Аднак сёння гэтая тэма набывае асаблівае гучанне ў кантэксце маючых адбыцца юбілеяў: у 2019 годзе — 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ў 2020 годзе — 75-годдзя Вялікай Перамогі».

«Усё, што звязана з Вялікай Айчыннай вайной, подзвігам савецкіх салдат, свята і для беларусаў, і для расіян. На гэтай гісторыі мы выхоўваем новае пакаленне патрыётаў. І гэта разгубіць нельга», — падкрэсліў кіраўнік МЗС.

Па словах Макея, Беларусь разлічвае на далейшае паглыбленне ўзаемадзеяння з расійскімі калегамі ў плане пошуку новых форм работы, інавацыйных падыходаў, правядзення сумесных мерапрыемстваў па лініі замежных устаноў Беларусі і Расіі.

У сваю чаргу міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў адзначыў, што Расія і Беларусь з'яўляюцца саюзнікамі і аднадумцамі. Паводле яго слоў, абедзве краіны вялікае значэнне надаюць захаванню памяці аб агульнай гісторыі. Расію і Беларусь турбуюць небяспечныя тэндэнцыі, звязаныя са скажэннем гісторыі Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай вайны, заявіў Лаўроў.

«Трывожыць і тое, што паралельна з фальсіфікацыяй гісторыі набірае абарот русафобія, якая ў некаторых еўрапейскіх дзяржавах узводзіцца ледзь не ў ранг афіцыйнага дыялогу, — заўважыў Лаўроў. — У гэтых умовах наша агульная задача — працягваць мэтанакіраваныя намаганні па процідзеянню гэтым дэструктыўным задумам, выкарыстоўваючы ўвесь даступны палітычны і прававы інструментар».

Кіраўнік расійскага МЗС паведаміў, што Беларусь і Расія будуць разам рыхтаваць мерапрыемствы да 80-годдзя пачатку Другой сусветнай вайны, якія пройдуць у 2019 годзе.

naviny.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: