Беларусь «прадае» ў Расію сыр з Сан-Марына, які нават не імпартуе?

Расія ўжо другі раз пераносіць дату ўвядзення санкцый у дачыненні да беларускіх вытворцаў і пастаўшчыкоў малочнай прадукцыі. Цяпер абмежаванні павінныя набыць моц толькі з 15 сакавіка.
Расійскі бок абвінавачвае тры беларускія кампаніі ў пастаўках забароненай малочнай прадукцыі з Украіны і Еўрасаюза пад выглядам тавараў з краін, якія не трапілі пад забарону (Іран, Македонія, Сан-Марына і Кітай). Па інфармацыі Рассельгаснагляду, гаворка ідзе пра 150 тысяч тон забароненых малочных прадуктаў.

Падставай для звароту стала затрыманне на беларуска-расійскай мяжы партыі «сыру з Сан-Марына». На маркіровачных этыкетках было пазначана, што вытворца — «San Marino Formaggi s.r.l.». Ва ўпакоўках аказаўся не якасны італьянскі сыр, а нейкі «прадукт расліннага паходжання бялкова-тлушчавы Фэста».

Сан-Марынская кампанія, якая нібыта з'яўляецца вытворцам гэтых прадуктаў, заявіла Рассельгаснагляду, што ніякай сваёй прадукцыі ў Беларусь ці Расію яны не адгружалі. А азнаёміўшыся з афіцыйным сайтам San Marino Formaggi, немагчыма знайсці «прадуктаў расліннага паходжання бялкова-тлушчавых», толькі класічныя сыры.

Таксама цікава тое, што, паводле афіцыйных дадзеных «Белстата», Беларусь... не імпартавала з Сан-Марына ні сыроў, ні якіх-небудзь прадуктаў расліннага паходжання ў 2017 годзе! Атрымліваецца, што ёсць прадукцыя быццам з Сан-Марына, якую дэманструе Расія ў якасці доказу парушэнняў, а з іншага боку, Беларусь такую прадукцыю не імпартавала. Чыя ж яна? На думку Рассельгаснагляду, гэтыя «бялкова-тлушчавыя прадукты» завезеныя з Украіны.

Беларускі імпарцёр, этыкетку якога дэманстравалі расіяне, — брэсцкі філіял РУП «Белмытнясервіс». Прадстаўнік кампаніі распавёў Еўрарадыё, што яны да гэтых прадуктаў не маюць ніякага дачынення: «Мы не імпартуем сыры або сырападобныя прадукты. Гэта чарговая правакацыя». Патлумачыць, чаму іх прадпрыемства пазначанае як імпарцёр падазроных сыроў, ён не змог.

Атрымліваецца, што альбо прадстаўнікі кампаніі нешта хаваюць, альбо хтосьці нядобрасумленны карыстаецца рэквізітамі беларускіх прадпрыемстваў і правозіць пад іх маркай у Расію забароненую прадукцыю з Украіны і Еўрасаюза.

У Рассельгаснаглядзе ўпэўненыя, што увозам «забароненай» прадукцыі займаюцца тры буйныя беларускія фірмы, у дачыненні да якіх яны патрабуюць правесці праверкі і прыняць адпаведныя меры.

Аднак у прэс-службе Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі нават не змаглі адказаць, ці атрымалі яны зварот і ці будуць праводзіцца праверкі гэтых прадпрыемстваў: «Я не магу сцвярджаць, што цяпер у дачыненні да гэтых прадпрыемстваў праводзяцца нейкія праверкі. Але калі мы атрымліваем звароты, то пачынаем праводзіць сваю праверку».


Паводле euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!