Беларусь прыняла ўльтыматум?

Вынікі галасавання Беларусі на пасяджэнні Генасамблеі ААН адносна мілітарызацыі Расіяй Крыму выглядаюць як спроба залагодзіць «старэйшага брата» пасля ўшчуванняў.


Нагадаем, 17 снежня Генасамблея ААН ухваліла праект украінскай рэзалюцыі аб мілітарызацыі Расіяй Крыму, Чорнага і Азоўскага мораў. У ёй утрымліваецца настойлівы заклік да Масквы вывесці яе ўзброеныя сілы з Крыму і спыніць акупацыю ўкраінскіх тэрыторый, а таксама асуджаецца напад Расіі на ўкраінскія караблі ў Керчанскім праліве. 66 краін прагаласавалі за рэзалюцыю, 19 — супраць, 66 — устрымаліся. Сярод тых, хто падтрымаў дакумент, — ЗША, Вялікабрытанія, Германія, Францыя, Італія, Іспанія, Ізраіль, Турцыя, Польшча, Японія. Супраць выступілі Арменія, Балівія, Беларусь, Бурундзі, Венесуэла, Зімбабвэ, Іран, Камбоджа, Куба, КНДР, Лаос, М’янма, Нікарагуа, Паўднёвы Судан, Расія, Судан, Сірыя, Сербія, Узбекістан.

Як зазначае журналіст Дзяніс Івашын, гэта ўсяго толькі «пазіцыя дзяржаўных службоўцаў аўтарытарнага і антыбеларускага рэжыму. Яна абсалютна не адлюстроўвае погляды і перакананні пераважнай большасці беларусаў». Вось толькі «пераважная большасць беларусаў» зноў трапіла ў сітуацыю, калі робяць «яны», а адбіваецца гэта на ўсіх нас. Таму не варта скідваць з рахункаў сур’ёзнасць таго, што адбылося.

Беларусь раней пазіцыянавала сябе як краіну-міратворца і на афіцыйным узроўні старалася не займаць ніводзін з бакоў расійска-ўкраінскага канфлікту. А вось цяпер, фактычна, выступіла супраць падтрымкі суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і ўхваліла расійскую акупацыю ўкраінскіх земляў. Такі каштоўны для беларускіх уладаў імідж нейтральнага суседа быў разбураны адным націсканнем кнопкі на пульце для галасавання.

Што прымусіла беларускае кіраўніцтва пайсці на такі крок? Па адказ далёка хадзіць не трэба. 13 снежня прэм’ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў, выступаючы ў Брэсце на пасяджэнні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы, недвухсэнсоўна даў зразумець, што Расія гатовая кампенсаваць Беларусі страты ад падатковага манеўру, фактычна, у абмен на нашу незалежнасць. «Расія гатовая і далей прасоўвацца па шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, уключаючы стварэнне адзінага эмісійнага цэнтра, адзінай мытнай службы, суда, падліковай палаты», — заявіў Мядзведзеў.

Што значыць больш шчыльная інтэграцыя з Расіяй, думаю, тлумачыць не трэба: шчыльней толькі адмова ад дзяржаўнага суверэнітэту.

А тут яшчэ расійскі амбасадар Міхаіл Бабіч падліў алею ў агонь, распавёўшы ў інтэрв’ю расійскаму агенцтву ТАСС пра эканамічныя перспектывы расійска-беларускіх адносін.

«Калі ідзе размова пра тое, што цана на газ у Беларусі павінна быць як у Смаленску, трэба разумець, што ў Расіі працуе складаная мадэль перакрыжаванага субсідавання, у якой удзельнічаюць розныя суб’екты прамысловасці, эканомікі, гаспадарання, якія знаходзяцца ў розных геаграфічных зонах. І вось гэтая перакрыжаваная мадэль у межах расійскага заканадаўства фармуе цану ў Смаленску 70 долараў. Але гэта не значыць, што такі яе сабекошт. Хіба нашы калегі гэтага не ведаюць? Напэўна, ведаюць, але чамусьці не хочуць улічваць пры падрыхтоўцы сваіх прапаноў», — сказаў Бабіч.

«Калі сённяшні ўзровень кансалідаванай падтрымкі Расіяй эканомікі Рэспублікі Беларусь складае 4,0–4,5 мільярды долараў штогод, то гэты новы пакет, які прадугледжвае патэнцыйнае зніжэнне цаны на газ да ўзроўню Смаленска, кампенсацыю па падатковым манеўры, роўных умоў падтрымкі прамысловасці і іншае, можа скласці яшчэ каля 3–4 мільярды долараў. У гэтай сітуацыі аказваць падтрымку па нейкіх паняційных сыравінных мадэлях проста немагчыма. Гэта будзе ў рамках дзеючага прававога поля вельмі сумнеўна і эканамічна неабгрунтавана. Таму прэзідэнты дзвюх краін і закладвалі адпаведныя механізмы ў дагавор, каб гэтую інтэграцыйную мадэль рэалізаваць», — падсумаваў расійскі амбасадар.

Калі вяртацца да вынікаў галасавання Беларусі на пасяджэнні Генасамблеі ААН адносна Крыму, то на гэтым тле яны выглядаюць як спроба залагодзіць «старэйшага брата» пасля ўшчуванняў. І хаця на момант напісання гэтага матэрыялу ніякіх афіцыйных заяў адносна ўшчыльнення інтэграцыйных працэсаў з Расіяй яшчэ не прагучала, галасаванне Беларусі супраць вываду расійскіх войск з акупаванага Крыму можа яскрава сведчыць пра яго пачатак.

Канешне, беларускія ўлады, якія, па ўсім відаць, пакуль яшчэ самі знаходзяцца ў разгубленасці ад прыведзеных вышэй заяў з расійскага боку, будуць выкарыстоўваць усе спосабы, каб выйсці з «няёмкага становішча». Магчыма, пры дапамозе чарговага гандлю, балансавання з усходу на захад і новых абяцанняў на нейкі час удасца захаваць уяўную незалежнасць без павелічэння кошту на газ. Але палітолагі ўжо прадказваюць нашай краіне адзін з некалькіх варыянтаў немінучай новай рэальнасці: альбо без зніжак, альбо без незалежнасці. 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!