Беларусь — у Еўропу?

Іншым часам, калі прагнозы спраўджваюцца, —пачуццё супярэчлівае. У мінулым годзе, калі Парламенцкая асамблея Савета Еўропы ўзнавіла паўнамоцтвы расійскай дэлегацыі (насуперак здароваму сэнсу, бо яе выключылі праз анексію Крыма, якая нікуды не падзелася), «Новы Час» задаўся пытаннем: «Час на Беларусь?»

Як пісаў тады Алесь Кіркевіч, «застацца за бортам Савета Еўропы, у які нават Расію вярнулі, ужо неяк сорамна. Быццам гэта ў нас “Боінгі” збіваюць ды дасылаюць разліваць “навічок” па ўсім свеце супрацоўнікаў спецслужбаў… Крыўдна».

І вось — пачалося. Дэпутат расійскай Дзярждумы і чалец расійскай дэлегацыі ў ПАСЕ Леанід Слуцкі заявіў, што Беларусь павінна атрымаць статус спецыяльна запрошанай у ПАСЕ. Прычым, гэта ён сказаў падчас абмеркавання справаздачы лорда Дэвіда Бленкатры па выбарах у Бела­русі, якія прайшлі 17 лістапада. Згодна з высновамі еўрапейскіх місій назірання, яны «прайшлі спакойна, але не адпавядалі міжнародным стандартам дэмакратычных выбараў».

У справаздачы канстатуецца, што беларускія ўлады не выканалі рэкамендацыі міжнародных назіральнікаў, дадзеныя пасля выбараў 2016 года. Сярод асноўных недахопаў выбарчай кампаніі еўрапейцы адзначылі звыклыя для нас рэчы — незбалансаванасць складу выбарчых камісій, абмежаванні пры галасаванні, парушэнні правоў кандыдатаў, абмежаванні пры рэгістрацыі кандыдатаў, зняцце кандыдатаў з выбараў па нязначных прычынах, крымінальную адказнасць за паклёп, што вядзе да самацэнзуры СМІ. Дзяржаўныя СМІ не асвятлялі кампаніі ўсіх кандыдатаў, таму выбаршчыкі атрымлівалі недастаткова інфармацыі пра незалежных кандыдатаў, і гэтак далей, далей, далей.

Біргір Торарынсан з Ісландыі ўвогуле заявіў, што «ніколі да гэтага не бачыў такіх выбараў». «Яны былі несвабоднымі, непразрыстымі і недэмакратычнымі. Беларусы — прыязныя, сумленныя і ветлівыя людзі. Яны заслугоўваюць большага», — сказаў ён.

І на фоне гэтага ўзнікла прапанова Слуцкага па вяртанні Беларусі ў ПАСЕ ў якасці «спецыяльна запрошанай». Слуцкі заклікаў зыходзіць з прагрэсу Беларусі, які краіна зрабіла за некалькі гадоў.

Цікава толькі, дзе ён пабачыў той прагрэс, калі ўсе астатнія казалі, наадварот, пра рэгрэс? Прынамсі, зазначалася, што, у адрозненне ад ППНС склікання №6, у ППНС №7 не ўвайшоў ні­вод­ны апазіцыянер. А выбары ад пачатку былі прызначаныя з парушэннем правоў дэпу­татаў ППНС №6, якім па-валюн­тарысцку «абрэзалі» тэрмін паўнамоцтваў амаль на год. Можа гэта, на думку Слуцкага, і ёсць «павелічэнне права­моцтваў Палаты прадстаўнікоў»?

Расію можна зразумець. Ёй адной у ПАСЕ няўтульна. Тым больш, што расійскай дэлегацыі актыўна супрацьстаяць Украіна і краіны Балтыі — аж да таго, што на гэтай сесіі было аспрэчана абранне прадстаўніка Расіі Пятра Талстога віцэ-прэзі­дэнтам ПАСЕ. Каб стаць віцэ-прэ­зідэнтам Асамблеі, яму цяпер давядзецца прай­сці працэдуру таемнага гала­савання. А прадстаўнікі Літвы і Латвіі ўвогуле прапанавалі перагледзець паўнамоцтвы расійскай дэлегацыі. Паводле рэгламенту, для прыняцця прапановы патрабаваліся галасы не менш за 30 дэпутатаў з 5 нацыянальных дэлегацый, і такая падтрымка была атры­маная.

Калі Расія прасуне ў ПАСЕ Беларусь, нават у статусе «спецы­яльна запрошанага», ёй будзе лягчэй. У нас жа не толькі «Саюзная дзяржава», ЕАЭС і АДКБ. У нас існуе і пагадненне паміж Міністэрствамі замежных спраў па каардынацыі дзеянняў у міжнародных арганізацыях. То-бок, беларуская дэлегацыя, згодна з гэтым пагадненнем, проста вымушаная будзе падтрымліваць пазіцыю ра­сійскага боку. Прычым, клю­чавое слова тут — «вы­мушаная».

Але, насамрэч, справа тут больш цікавая. Як вядома, Расія вядзе сваю гульню ў Еўропе. Па меркаванні заходніх аналітыкаў, дзеянні Расіі ў Еўропе заклю­ча­юцца ў «размыванні» еўра­­пейскіх каштоўнасцяў, еўрапейскай ідэнтычнасці, і як вынік — еўрапейскага адзінства. Гэта робіцца праз падтрымку папулістаў-еўрафобаў, умяшанне ў выбары, інфармацыйныя спецаперацыі і «фабрыкі троляў»… Гэтыя захады павінны аслабіць Еўропу, што будзе карысна для Расійскай Федэрацыі.

Прапанова Слуцкага — менавіта ў гэтым: падрыў аўтарытэту ПАСЕ, арганізацыі, якая пакліканая абараняць дэмакратыю і правы чалавека, праз уключэнне ў яе склад віда­вочна аўтарытарнага рэжы­му, які правы чалавека не выконвае і не збіраецца гэта рабіць. Які фальсіфікуе выбары і адзіны ў Еўропе ўжывае смяротнае пакаранне.

Відавочна, што з такім «чаль­цом», нават проста «спецыяльна запрошаным», аўтарытэт ПАСЕ скоціцца ніжэй за плінтус. Што цалкам укладаецца ў стратэгію Расіі ў ЕС.

Пакуль прапанову Слуц­кага, падаецца, пракацілі. Прадстаўнік Літвы Эгідыюс Варэйкіс адзначыў, Беларусь не можа ўваходзіць у ПАСЕ толькі таму, што яна знаходзіцца ў Еўропе. ПАСЕ — не геаграфічная арганізацыя, а арганізацыя, якая абараняе правы чалавека.

Але спробы працягнуцца. І толькі ад ПАСЕ залежыць, ці застанецца яна на каш­тоўнасным падмурку, альбо, як з пытаннем узнаўлення паўнамоцтваў расійскай дэле­гацыі, пераважыць «рэал­палітык».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: