Беларусь увайшла ў Топ-6 краін па колькасці санкцый

Расійскі Савет па міжнародных справах (РСМД) прааналізаваў прымяненне замежных санкцый у свеце. Беларусь у спісе краін-мэтаў санкцый-паміж Сірыяй і Паўночнай Карэяй.
Для гэтага ў 2020 годзе расейскі савет па міжнародных справах (РСМД) запусціў працу над новай базай дадзеных падзей у галіне палітыкі санкцый («База санкцыйных падзей» - БСП). Адзінкай аналізу з'яўляецца асобная падзея ў галіне санкцый. У іх ліку: увядзенне санкцый, іх адмена або падаўжэнне; выкарыстанне прымусовых мер у тым ці іншым выглядзе; прадастаўленне выключэнняў з рэжымаў санкцый, у тым ліку гуманітарных; дэкларацыі аб неабходнасці выкарыстоўваць санкцыі ці ж іх адмены; далучэнне да рэжымаў санкцый іншых краін і інш.

За перыяд з 5 студзеня 2020 г. па 10 студзеня 2021 г. даследчыкамі было зафіксавана 850 санкцыйных падзей. Сюды ўваходзяць як санкцыі супраць Расеі і расейскіх асоб, так і абмежаванні супраць іншых краін, іх фізічных і юрыдычных асоб. Thinktanks.by асобна разгледзеў міжнароднае прымяненне санкцый.

Краіны-ініцыятары санкцый

Паводле расейскага даследавання, ЗША з'яўляюцца найбольш актыўным ініцыятарам санкцыйных падзей. На іх прыпадае 449 эпізодаў з 850, або 52,8%.

Еўрапейскі саюз таксама можна лічыць актыўным ініцыятарам санкцый. На яго прыходзіцца 110 падзей (12,94%). Аднак у гэты лік не ўваходзяць падзеі, звязаныя з дзеяннямі асобных дзяржаў-членаў ЕС. Яны могуць уводзіць уласныя абмежаванні (напрыклад, краіны Балтыі ўводзілі самастойныя санкцыі супраць Беларусі), а таксама ажыццяўляць меры па імплементацыі санкцый ЕС, выступаць з ініцыятывамі аб увядзенні або адмене санкцый, прымаць тыя ці іншыя судовыя рашэнні і т.п. Так, напрыклад, на Германію прыходзіцца 10 такіх падзей, Францыю – шэсць, Нідэрланды – чатыры, і па адной падзеі на Кіпр, Данію, Эстонію, Фінляндыю, Італію, Латвію, Літву, Люксембург, Мальту, Іспанію. Дзевяць падзей звязана з дзеяннямі адразу некалькіх краін ЕС. Такім чынам, да актыўнасці краін ЕС можна дадаць яшчэ 39 падзей.

Кітай і Расія выкарыстоўваюць санкцыі ў значна меншых маштабах. На КНР прыпадае 12 эпізодаў, а на РФ – 16.

Краіны-мэты санкцый

Што тычыцца мэтаў санкцый, то тут ёсць свае лідары. Супраць Ірана было накіравана 123 падзеі, супраць КНР — 94 падзеі, супраць Расеі — 93 падзеі. На «тройку лідэраў» у суме прыпадае 310 падзей.

У Топ-10 краін-мэтаў міжнародных санкцый таксама ўваходзяць Венесуэла — 44 падзеі і Сірыя — 35.

Беларусь у спісе санкцый знаходзіцца на 6 месцы, маючы 33 санкцыйныя падзеі.

Далей ідуць КНДР — 32, Куба — 23, Лівія — 18, Нікарагуа — 19 падзей.

Падзеі негатыўныя і пазітыўныя

З 850 падзей 514 (60,4%) з'яўляюцца негатыўнымі, то бок характарызуюцца увядзеннем новых санкцый, прадаўжэннем рэжыму дзеючых абмежаванняў, выкарыстаннем прымусовых мер за парушэнне рэжыму санкцый і інш. 205 падзей (24,1%) — нейтральныя і зводзяцца да дэкларацый, заяў, праектаў законаў або дакументаў. Толькі 108 падзей з 850 — станоўчыя (12,7%). Яны звязаны з адменай санкцый, прыпыненнем іх дзейнасці, выдачай ліцэнзій, гуманітарнымі выключэннямі і т. п. (астатнія 23 падзеі ўяўляюць сабой дзеянні асобных асоб істран, якія з'яўляюцца мэтамі санкцый).


Паводле thinktanks.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: