Беларусь-Вялікабрытанія: Санкцыі застануцца, візы таксама

Ці паўплывае брэксіт на стасункі Беларусі і Вялікабрытаніі? Чаго чакаць жыхарам абедзьвюх краін? На гэтыя і іншыя пытанні журналістаў адказала амбасадарка Яе Вялікасці Жаклін Перкінс.

Спадарыня Перкінс падкрэсліла, што для Вялікабрытаніі брэксіт — гэта вялікі шанец прадэманстраваць, што “глабальная Брытанія” — гэта новыя магчымасці з партнёрамі ў ЕС і ва ўсім свеце, гэта новыя гандлёвыя дамовы на новых рынках, што пацвердзіць пазіцыю Вялікабрытаніі як ліберальнай і свабоднай гандлёвай нацыі”.

“Мы амбіцыйная нацыя з маштабнымі ідэямі, што мае на мэце не згубіць новыя магчымасці”, — сказала амбасадарка.

Што тычыцца стасункаў з Беларуссю, то брэксіт прынцыпова нічога не зменіць. Як і раней, вялікая ўвага будзе аддавацца развіццю эканамічных адносін, але правы чалавека і тэма смяротнага пакарання таксама застануцца нязменнымі тэмамі ў дыялогу Лондана і Мінска.


"На цяперашні момант я не бачу вялікіх змен паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй пасля яе выхаду з ЕС. За апошнія тры гады нашы адносіны значна пашырыліся. Спадзяемся, што мы будзем цесна супрацоўнічаць з Беларуссю ў пытаннях гандлю. Але мы працягнем абмяркоўваць з кіраўніцтвам Беларусі і пытанне правоў чалавека. Я думаю, што нашы адносіны з Беларуссю дастаткова моцныя, каб абмяркоўваць такія тэмы", — сказала Жаклін Перкінс.

Не будзе зменаў і адносна санкцый да Беларусі, яны застануцца ў тым жа аб’ёме, што і былі. "І як у выпадку з ЕС, рэжым санкцый будзе пераглядацца штогод. Каб нешта змянілася, нам трэба зафіксаваць вялікі прагрэс у сферы правоў чалавека. Мы бачым, што ў беларусаў ужо ёсць пэўны прагрэс у гэтай сферы, і мы будзем заахвочваць яго", — падкрэсліла спадарыня Перкінс.

“Прагрэс” у сферы правоў чалавека, па меркаванні спадарыні Перкінс, у тым, што магчымы дыялог паміж грамадзянскай супольнасцю і ўладамі.


Калі хтосьці спадзяваўся, што зменіцца візавы рэжым паміж нашымі краінамі, то дарэмна. Хаця б таму, што і раней Вялікабрытанія не ўваходзіла ў шэнгенскую зону. Так што, як і раней, беларусам для падарожжа ў гэту краіну патрэбна будзе віза.

Дарэчы, за дзевяць месяцаў мінулага года каля 13 тысяч беларусаў падалі заяўкі на атрыманне брытанскай візы. Не меншая колькасць брытанцаў наведала Беларусь і па бязвізе, і па беларускіх візах.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: