Беларусь зняла абмежаванне на колькасць дыпламатаў ЗША

Паводле звестак амерыканскага часопісу Foreign Policy, міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей па тэлефоне паведаміў 10 студзеня прадстаўнікам ЗША аб зняцці абмежавання на колькасць амерыканскіх дыпламатаў у Мінску, піша svaboda.org.

У МЗС Свабодзе пакуль не пацвердзілі і не абверглі гэтыя звесткі.

Foreign Policy расцэньвае гэта як «вялікі крок» і «пачатак адлігі» і звязвае крок з канфліктам Аляксандра Лукашэнкі з Расеяй. З 2008 году амбасада ЗША ў Беларусі працуе ў скарочаным складзе і без афіцыйнага амбасадара.

У канцы жніўня 2018 году пачала працу новая кіраўніца амерыканскай амбасады ў Міенску — Джэніфэр Мур не амбасадарка, а павераная, пасады амбасадара ЗША ў Беларусі 10 гадоў няма. Мур сказала Свабодзе:

«Калі я буду рабіць сваю працу добра, у Беларусь вернецца амбасадар ЗША».

У сакавіку 2008 году пад ціскам уладаў Беларусі дыпламатычны штат амбасады ЗША ў Менску быў скарочаны — з 35 да 5 чалавек. Так афіцыйны Менск адрэагаваў на эканамічныя санкцыі Вашынгтону, уведзеныя за парушэнне правоў чалавека ў Беларусі. Крыху пазней кіраўніцтва дыпламатычных прадстаўніцтваў абедзьвюх дзяржаваў таксама на патрабаванне афіцыйнага Мінска было зніжанае з узроўню амбасадара да ўзроўню часовага паверанага. Апошнім амбасадарам ЗША ў Мінску была Карэн Ст’юарт, апошнім амбасадарам Беларусі ў ЗША — Міхаіл Хвастоў.

У чэрвені 2016 году МЗС Беларусі не запярэчыў пашырэнню штату амерыканскай амбасады да сямі чалавек.

4 траўня 2018 году папярэдні павераны ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі выказаў спадзеў, што амерыканская амбасада ў Беларусі зноў будзе мець поўны штат, як да 2008 году, але адзначыў, што «працэс яе аднаўлення вымагае часу, бо ёсць амерыканскія патрабаванні і працэдуры». Акрамя таго, дадаў ён, «у выпадку з Беларуссю ёсць некаторыя працэдуры, якія павінны быць узгодненыя з беларускім бокам, і гэта таксама залежыць ад пазыцыі беларускага боку».

«Мы працуем над тым, каб амбасадары некалі вярнуліся (беларускі — у ЗША, амерыканскі — у Беларусь. — РС), але я не магу сказаць дакладна, калі гэта можа адбыцца», — сказаў павераны ў справах ЗША ў Беларусі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!