Беларусі ўсё болей, Лукашэнкі ўсё меней

Кадры навагодніх зваротаў гавораць, што на працягу апошніх дзесяці гадоў Лукашэнка губляе атрыбуты палітыка на карысць прыватнага чалавека, а Беларусі ў кадры становіцца болей.

За часы кіравання Лукашэнкі назапасілася вялікая колькасць навагодніх зваротаў. Як змяняліся тэлевізійныя кадры гэтых зваротаў – і пра што нам кажуць гэтыя змены?

З 2008 года па 2019 год Лукашэнка паступова губляе пазнакі ўлады, каб наблізіцца да прыватнага чалавека, а Беларусі ў кадры становіцца ўсё болей і болей.


Так, яшчэ да 2012 года ў кадры звароту стала прысутнічае трыбуна – важны атрыбут улады, асабліва шанаваны ў Савецкім Саюзе. Гэта была трыбуна, пастаўленая каля ялінкі, як у 2009 годзе; нейкі трэножнік у цэнтры кадра – што адбылося ў годзе 2010, нарэшце, кіраўнік дзяржавы мог сядзець за сталом перад шафай з кнігамі – як сапраўдны чыноўнік-бюракрат (2008 і 2012 год).

У 2013 годзе трыбуна канчаткова знікла, а шафа з кнігамі адсунулася некуды ўбок, на ўскраіну кадра. “Уладная” кніжная шафа пакіне навагодні кадр у 2015 годзе, каб болей не муляць вочы. Затое ў якасці тла з’явіцца камін (2015 і 2016 год). Сямейныя фатаграфіі дадаліся да атмасферы дэкаратыўна-штучнай утульнасці (2013 і 2014 год).

З іншага боку дзяржаўны чырвона-зялёны сцяг з далёкага закутка пачне высоўвацца на першы план. Спачатку гэты сцяг стаіць дзесьці злева, у глыбіні кадра, побач з шафаю – там, дзе знаходзяцца тыповыя крыніцы мудрае ўлады: кнігі.

Потым ён набліжаецца – і займае пачэснае месца на першым плане справа, побач з кіраўніком краіны. Чырвона-зялёны сцяг актуальны і дзейсны, як і сам ягоны стваральнік.

Затое ў 2019 годзе ў якасці тла, што пазначае панадчасовыя крыніцы ўлады, з’явілася выява, як здаецца, Мірскага замку. Але кампазіцыя тэлевізійнага кадра нейкая нязграбная: за спінай Лукашэнкі – кут, малюнак беларускага гораду – неяк збоку, сцяг – у параўнанні з мінулым годам – асеў, ялінка вытыркаецца.

Карацей, калі паглядзець на апошні зварот, то ў Новым годзе прасторы шмат, толькі куды ісці дый сыходзіць – яшчэ нявядома.

Хаця беларускі горад дае падказку.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!