Беларуская ладдзя электаральнай роспачы

Выраз пра мышак, які плакалі, ды ўсё ж працягвалі есці кактус, напэўна, знаёмы кожнаму. Так мы звычайна кажам пра людзей, дзеяннi якiх надзвычай упартыя пры ўсёй iх бессэнсоўнасці. Апошнім часам гэты выраз занадта часта круціўся ў маёй галаве, пакуль аднойчы я не зразумела: а, выбарчая кампанія ж пачалася.
Фота nn.by

Фота nn.by

I нашыя палітычныя партыі, як тыя мышкі, з традыцыйным імпэтам ўгрызліся ў звыклыя калючкі: вылучэнне кандыдатаў, назіральнікаў і прадстаўнікоў у камісіі, прэсканферэнцыi, заявы, iнтерв’ю – пры абсалютна ясным усведамленнi, чым усё скончыцца ў чарговы раз. Дарэчы, даступныя ўжо вынiкi фармавання выбарчых камiсiй, куды прадстаўнікі апазіцыі амаль не трапілі, гэта толькi пацвярджаюць.

Выбарчая рыторыка — беларуская звычайная:

Юрый Губарэвіч, Рух «За Свабоду»: «Мусім задакументаваць факты, якія не дазваляюць прызнаць выбары сапраўднымі».
Ігар Барысаў, БСДП(Г): «Мэта нашай кампаніі зафіксаваць і задакументаваць парушэнні».
Рыгор Кастусёў, Партыя БНФ: «Мы ідзем у кампанію, каб паказаць усяму свету, што ў нас сапраўдных выбараў няма».
Віталь Рымашэўскi, БХД: «Наша мэта — дамагчыся сапраўдных выбараў».
Мікалай Казлоў, АГП: «Выкарыстаем выбары для прасоўвання партыйнай праграмы».


Як кажа адзiн мой знаёмы, не тэзiсы, а тосты. Не ведаю, як у вас, але асабiста ў мяне — можа, прычынай таму ўласны партыйны бэкграўнд — узнiкае моцнае адчуванне дежа-ву. Столькi год чую пра «дэманстрацыю адсутнасцi выбараў» ды «прасоўванне партыйных праграм», што i пры ўсiм жаданнi, напэўна, не падлiчу, як доўга. А партыйныя праграмы ўсё нiяк не прасунуцца, а сапраўдных выбараў усё няма. Узнiкае пытанне, цi ставяць перад сабой нашыя палiтыкi менавіта тыя мэты, якiх можна было б дасягнуць удзелам у кампанii? Цi, можа, спосабы дасягнення не тыя?

Беларусь у шмат якiх аспектах мае ўнiкальную палiтычную сiтуацыю. Калi ў iншых краiнах электаральныя кампанii — гэта самы важны перыяд палiтычнага жыцця, самы важны этап iснавання палiтычных суб’ектаў, то у Беларусi менавiта гэты час, я б сказала, найменш значны ў сэнсе палiтычнага уплыву. Так было не заўжды, але апошнiя электаральныя цыклы любая кампанiя — гэта апагей свавольства афiцыйных уладаў i iх поўнай незалежнасцi ад апазiцыi, хаця павiнна быць зусім наадварот. У любы iншы час у жыццi краiны адбываюцца якiя-нiякiя, а ўсё ж змены.

 За апошнiя 4 гады, якiя прайшлi з мiнулай кампанii па выбарах прэзiдэнта, мы адсвяткавалi БНР100 — урачыста, весела, з размахам, неўласцiвым мiнулым юбiлейным датам гэтай падзеi; амаль займелi шыльду, прысвечаную абвяшчэнню БНР у 2018 годзе (яе ўсталяванне — гiсторыя асобная, але кампанiя па збору сродкаў на яе выраб была проста беспрэцэдэнтнай); баранiлi Курапаты – не ва ўсiм паспяхова, але ў нечым перамагалi; выходзiлi на акцыi недармаедаў i дамаглiся перагляду скандальнага дэкрэта; выходзiлi кармiць птушак i амаль дамаглiся закрыцця акумулятарнага заводу ў Брэсце, справа не за гарамi (ды i паўтары гады стабiльнага штотыднёвага вулiчнага супрацьстаяння грамадзян i уладаў — гэта падзея сама па сабе, нават безадносна вынiкаў).

Я пералiчваю тое — далёка не ўсё! — што ўяўляецца мне значным, i ўсё гэта адбывалася пры непасрэдным удзеле палiтычных партый, але абсалютна не ў межах нейкіх выбарчых кампаній. Такое ўражанне, што без распылення ўвагi i рэсурсаў на выбары нашыя апазiцыйныя сiлы праяўляюць нашмат больш эфектыўнасцi i крэатыўнасцi, знаходзяць дзе мяккiя, дзе рэзкiя шляхi паўплываць на ўлады i дамагаюцца свайго.

zen.yandex.ru

zen.yandex.ru



Але надыходзіць момант Х. Палiтыкi, як загiпнатызаваныя, пачынаюць рабiць адныя i тыя ж традыцыйныя дзеяннi, пераважна без усялякага крэатыву i разнастайнасцi. Мне, у прынцыпе, зразумелая гэтая аморфнасць i жыццё ўчорашнiм днём, адарванае ад змянiўшыхся рэалiяў, я i сама прадстаўнiца палiтычнай партыi i ў кампанiях удзельнiчала з 2008 году, у самых розных якасцях: збор подпiсаў у пiкетах i па дамах, агiтацыя, назiранне, давераная асоба, нават спрабавала вылучыцца кандыдатам. Цiкава i карысна рабiць усё па правiлах, разбiрацца ў законах, выконваць юрыдычныя працэдуры, але толькi да таго моманту, пакуль канчаткова не ўсвядомiш: гэта ні халеры не працуе. Нi для адной з заяўленых палiтыкамi мэтаў.

Перагарэла я, напэўна, пасля кампанii 2016 года: у разгар датэрмiновага назiрання даведалася, што па акрузе нашага кандыдата на ўчастках, дзе няма незалежных назiральнiкаў, яўку ў пратаколы запiсваюць у дзесяць разоў большую, чым там, дзе назiральнiкi ёсць. Мой участак тады наведалi назiральнiкi з АБСЕ. Памятаю, як з натхненнем тлумачыла iм гэтую з’яву, распавядала, куды яшчэ iм схадзiць i на што звярнуць увагу, ва ўсiх падрабязнасцях i па-англiйску, каб дзяўчына-перакладчыца нiчога не прапусцiла. I тут раптам адчула, пабачыла гэта ў iх вачах: iм неверагодна нецiкава. Нецiкавыя ўсе гэтыя бясконцыя асаблiвасцi выбарчых фальсiфiкацый апошняй дыктатуры Еўропы, пра якiя я магла б ужо энцыклапедыю скласцi, якiя ўжо страцiлi ўсю сваю экзатычнасць для замежнiкаў. Вось тады ўва мне i паламалася апошняя надзея на працэдурныя моманты.

Дэпутатцтва ўвогуле не варта расцэньваць iнакш, як выключна дадатковую «плюшку», якая можа быць, а можа не быць. Таму асаблiва дзiўнымi падаюцца спаборнiцтвы памiж апазiцыйнымi партыямi ў даўжынi спiсаў вылучаных кандыдатаў. Якая рознiца, 25 цi 30, калi амаль нiхто з iх даўно нават не праводзiць агiтацыйных кампанiй на сваiх акругах? Выстаўце аднаго, але такога яскравага, каб пра яго хацелi напiсаць ўсе запар, ад «Зары над Друццю» да «Блумберга». Вось тады праграма такой партыi будзе сапраўды шырока вядомая. Той безумоўны выпадак, калi колькасць абсалютна не адбiваецца на якасцi, хiба толькi ў кепскi бок — таму што, занятыя пошукам кандыдатаў, партыйныя кiраўнiкi часта ўжо зусiм не маюць сiлаў на добрае планаванне якога-небудзь «ходу канём».

І ўсё гэта адбываецца яшчэ i на тле поўнай няздольнасцi наладзiць эфектыўнасць хаця б уласнага фiнансавага менеджмэнта, калi партыi то офiсы губляюць, а то i кiраўнiкоў. Тым не менш, з кампанii ў кампанiю спаборнiцтва спiсаў паўтараецца. Думаю, па той прычыне, што ў глыбiнi душы занадта многiя ўсё яшчэ спадзяюцца на мандат. Але дэпутат у сённяшняй Беларусi ў сваiх дзеяннях можа быць нашмат болей абмежаваным, чым актыўны грамадзянiн без мандата.

Часам абдрукоўкі адпавядаюць рэчаіснасці больш, чым афіцыйная інфармацыя. Крыніца facebook.com

Часам абдрукоўкі адпавядаюць рэчаіснасці больш, чым афіцыйная інфармацыя. Крыніца facebook.com


То няўжо трэба ўдзельнiчаць у выбарчых кампанiях, запытаюцца прыхiльнiкi байкота, iгнора ды ўсялякага iншага няўдзелу? I я iх не парадую: канешне, трэба! Узаемадзеянне з уладамi — гэта заўжды магчымасць праявiць сябе i свае найлепшыя здольнасцi, мы не цураемся гэтага ўзаемадзеяння ў форме петыцый цi скаргаў, у форме вулiчных пратэстаў, адзiночных пiкетаў, цi сустрэчаў i перамоваў, цi вострых пытанняў на прэс-канферэнцыях. Чаму мы павiнны пагарджаць гэтым узаемадзеянннем пры такой выдатнай нагодзе, як выбарчыя кампанii, з усiм iх пакуль яшчэ iсным антуражам?

Тут мне пачнуць пярэчыць аргументам пра легiтымiзацыю нелегiтымнай улады, i я адкажу, што для тых, хто ўсё яшчэ верыць у гэтую мантру, у мяне кепскiя навiны. Увесь астатнi свет у пытаннi прызнання вынiкаў нашых выбараў даўно кiруецца сваiмi ўласнымi стандартамi, якiя пры любым раскладзе не на нашу карысць. Беларускiя выбары i так не вызнаюць дэмакратычнымi, але справы з намi маюць, дыпламатычныя вiзiты ладзяць, санкцыi паступова здымаюць i вочы на парушэннi заплюшчваюць усё мацней.

Ды й легiтымнасць, нават паводле падручнiкаў палiталогii, гэта далёка не заўжды пытанне вонкавай законнасцi, гэта пытанне рэальнай здольнасцi ўтрымлiваць уладу. Што кiраўнiк краiны чвэрць стагоддзя паспяхова i робiць, як там яно нi выглядае ў замежных вачах. У гэтай сiтуацыi ў нас ёсць толькi мы, i у гэтай сiтуацыi я раю перачытваць Караткевiча: Гервасiй Вылiваха згуляў у шахматы з самой Смерцю, пры ўсiм адчайным усведамленнi подласцi i непераможнасцi супернiка.

То ўсё ж трэба удзельнiчаць у выбарчых кампанiях, адзначаць апазiцыйныя палiтыкi. А я i iх не парадую: трэба, але абсалютна не так, як яны прызвычаiлiся, не з тымi недасягальнымi мэтамi, якія яны агучваюць, i дакладна не з тымi недасягальнымi мэтамi, якiя яны не агучваюць. Iм таксама не зашкодзiць перачытаць Караткевiча: Гервасiй Вылiваха не гуляў са Смерцю па правiлах, ён падмануў, але выйграў. «Рaбi нeчaкaнae, paбi, як нe бывae, paбi, як нe poбiць нixтo». У нашага класiка так, а ў нашай рэчаiснасцi менавiта нечаканага, на жаль, не робiць амаль нiхто.

Мне б так хацелася гэтага нечаканага хаця б ад свайго партыйнага кiраўнiцтва, але я атрымаю толькi «ўзор, як назiральнiку пiсьменна скласцi прапанову да камiсii аб празрыстым i галосным падлiку галасоў». Якую, натуральна, камiсiя не прыме. I тады я атрымаю «ўзор, як назiральнiку пiсьменна скласцi скаргу на камiсiю за непразрысты падлiк галасоў», i тэлефоны вышэйстаячых камiсiй, i ўзор скаргi на непрынятую скаргу… Нэо, ну выйдзi з матрыцы.

Сюрпрызаў не будзе. Не будзе дэпутацкiх мандатаў, а калi раптам здарыцца — не будзе ад iх рэальнай карысцi. Не будзе сотняў тысяч грамадзян на вулiцах, абураных «фальсiфiкацыямi, на якiя мы адкрыем iм вочы». Цi жадаючых запiсацца ў партыi, калi мы «данясем iм альтэрнатыўную пазiцыю». Не будзе астракiзму з боку заходнiх палiтычных элiт у дачыненнi да беларускiх уладаў. Не будзе боскага ўмяшальнiцва ў выглядзе раптам апрытомнеўшых выбарчых камiсiй, якiя сумленна палiчуць галасы. Дык давайце, ведаючы ўсё гэта наперад, хаця б павесялiмся.

Давайце перастанем есцi кактус.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!