Беларуская партыя «Зялёныя» не будзе ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі

Апазіцыйная Беларуская партыя «Зялёныя» абрала новае кіраўніцтва, паведамляе Белсат. У планах партыі больш займацца палітычнымі пытаннямі, але ў прэзідэнцкіх выбарах сёлета яны ўдзельнічаць не плануюць.

Дзмитрый Кучук

Дзмитрый Кучук

Справаздачна-выбарны з’езд беларускіх «Зялёных» адбыўся 19 студзеня. Па яго выніках, новым кіраўніком быў абраны цяпер ужо былы першы намеснік старшыні, 45-гадовы Дзмітрый Кучук.

«Стратэгія партыі – больш рабіцца палітычнай сілай. Мы хочам увайсці ў тройку дэмакратычных палітычных арганізацыяў паводле сваёй структуры, паводле пазнавальнасці, паводле менеджменту. Мы бяром курс на палітыку: будзем выбудоўваць рэгіянальныя структуры, будзем больш высоўваць кандыдатаў у дэпутаты – больш займацца палітыкай, чым пазіцыянаваць сябе як грамадская арганізацыя, як было дагэтуль», – адзначыў палітык.

Паводле яго, менавіта такую стратэгію прадстаўляў ён падчас выбараў партыйнага кіраўніцтва.

Альтэрнатыўны погляд прапаноўвала Ірына Сухій, якая заклікала займацца больш адукацыяй, выдавецкай дзейнасцю і не ўдзельнічаць у выбарчых кампаніях.

Таксама з’езд БПЗ прыняў рашэнне, што партыя не будзе ўдзельнічаць у праймарыз адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкія выбары 2020 года.

«Сёлета ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі для нас не будзе актуальным. Мы больш будзем канцэнтравацца на нарошчванні палітычных мускулаў», – заявіў Кучук.

Беларуская партыя «Зялёныя» была заснаваная ў 1994 годзе. З 2015 года яе ўзначальвала Анастасія Дарафеева. У 2010 годзе БПЗ высунула сваім кандыдатам на прэзідэнцкія выбары намесніка старшыні партыі Юрыя Глушакова, а ў 2015-м падтрымала кандыдата-«дармаеда» Юрыя Шульгана.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: