Беларускі баявік, які ваяваў за ДНР, адправіўся ў турму

Учора, 13 верасня, судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суду разглядзела скаргі жыхара Бярозы Вадзіма Шаўчэнка і ягонага адвакату на прысуд Брэсцкага абласнога суду, які прызнаў яго вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч.1 ст.361-3 КК РБ (удзел у вайсковым фарміраванні на тэрыторыі іншаземнай дзяржавы).

Тады Шаўчэнка прысудзілі 2 гады пазбаўлення волі. Учора суд пацвердзіў гэты прысуд.

Па дадзеных следства у 2016-2018 гадах абвінавачаны на баку самаабвешчанай ДНР удзельнічаў ва ўзброеным канфлікце з УС Украіны, быў ранены і ўзнагароджваўся медалямі. Згодна з базай дадзеных украінскага сайту "Міратворац" Шаўчэнка прымаў удзел у баявых дзеяннях у складзе 3-й роты 9-га палка Марской пяхоты ДНР, знаходзіўся ў пасёлках Безыменнае і Новаазоўск і меў пазыўны "Вецерок".

Былы баявік сваю віну цалкам прызнаў і раскайваецца, аднак не згодзен з пакараннем, якое ён прасіў замяніць на абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову (г.зв. "хатняя хімія").

Аднак прадстаўніца генпракуратуры Елена Дземко сказала, што суд абраў такі від пакарання абгрунтавана. Прысуд уступіў у законную сілу.

Нагадаем, Шаўчэнка не першы з грамадзян Беларусі, хто быў прыцягнуты за ўдзел у баявых дзеяннях на баку ДНР. Раней па арт. 361-3 КК РБ асудзілі Аляксея Яршова з Пастаў, Віталя Мітрафанава з Рэчыцы (абодва атрымалі па 2 гады хатняй хіміі), Віталя Катлабая з Гомеля і Івана Яравога з Круглага (атрымалі па 2 гады пазбаўлення волі). Такім чынам, Шаўчэнка ў гэтым спісе ўжо пяты.


Паводле gomel.today

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: