Беларускі ПЭН-цэнтр выступіў супраць затрыманняў удзельнікаў мірных акцый

«Беларускі ПЭН-цэнтр асуджае затрыманні літаратараў, музыкаў і іншых удзельнікаў мірнай акцыі — святкавання «Дня волі» — 101 гадавіны ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі», — гаворыцца ў заяве аб’яднання.

Ілюстрацыйнае фота


«Беларускі ПЭН-цэнтр асуджае затрыманні літаратараў, музыкаў і іншых удзельнікаў мірнай акцыі — святкавання «Дня волі» — 101 гадавіны ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі», — гаворыцца ў заяве аб’яднання.

У ПЭН-цэнтры нагадалі, што ў панядзелак у цэнтры Мінска былі затрыманыя вядомыя беларускія музыкі Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Ігар Варашкевіч, Павел Аракелян. Праз пару гадзін музыкаў вызвалілі, склаўшы на іх пратаколы аб затрыманні і правёўшы «прафілактычную размову».

«Беларускі ПЭН-цэнтр канстатуе, што 25 сакавіка 2019 года ў Мінску было парушана права на свабоду мірных сходаў і свабоду выказвання», — падкрэслена ў заяве.

«У сувязі з гэтым мы заклікаем улады Беларусі спыніць затрыманні ўдзельнікаў мірных акцый і вызваліць іншых затрыманых падчас святкавання «Дня волі», — дадалі там.

Як паведамлялася, 25 сакавіка ў Мінску акрамя музыкаў таксама былі затрыманыя лідары правацэнтрысцкага руху Мікалай Казлоў і Віталь Рымашэўскі, а таксама некалькі актывістаў. Пазней яны таксама былі адпушчаныя. Разам з тым некалькі актывістаў засталіся пад вартай.

Санкцыянаваныя ўладамі мерапрыемствы з нагоды 101-годдзя БНР прайшлі ў мінулую суботу ў Гродне і ў нядзелю — у Мінску.

interfax.by



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!