Беларускія актывісты перакрылі рух грузавога транспарту на мяжы з Польшчай і Літвой

8 чэрвеня а 12-й гадзіне па мясцовым часе ўдзельнікі намётавага мітынга на мяжы Польшчы і Беларусі пачалі перакрываць рух грузавога транспарту.


Перад акцыяй Народнае антыкрызіснае ўпраўленне нагадала свае патрабаванні:

  • да Еўрапейскага саюза: паскорыць увядзенне магутных і маштабных санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі;
  • да цяперашняй улады Беларусі: вярнуць грамадзянам магчымасць наземнага выезду з краіны, вызваліць палітвязняў і правесці новыя сумленныя выбары.

Мітынгі як у Польшчы, так і ў Літве ўзгоднены з мясцовымі ўладамі, нагадвае «Радыё Свабода». Перад блакаваннем Павал Латушка яшчэ раз звярнуўся да еўрапейскіх палітыкаў з патрабаваннем як найхутчэй прыняць сапраўды дзейныя санкцыі да афіцыйнага Мінска і выказаў надзею, што да акцыі далучацца і беларусы, якія жывуць у Латвіі.

«Спадзяюся, да нас далучацца людзі і іншыя пункты пропуску як у Польшчы, так і ў Латвіі».

У Баброўніках актывісты пачалі пераходзіць з аднаго боку дарогі на другі. Па стане на 13 гадзін беларускага часу можна казаць пра запавольванне руху, а не яго поўнае блакаванне.


Аналагічную акцыю праводзяць беларускія актывісты і на мяжы з Літвой. Спачатку літоўскія памежнікі выйшлі да іх і заявілі, што яны не дазваляюць перакрыць дарогу на памежным пропуску ў любой форме ў 5-кіламетровай памежнай зоне. Пазней пасля перамоў яны дазволілі на некалькі хвілін правесці на трасе акцыю з патрабаваннем вызвалення палітвязняў, адкрыцця беларускімі ўладамі наземных межаў. Актывісты з плакатамі і сцягамі выйшлі на дарогу на некалькі хвілін.

Наступную акцыю беларускія актывісты ў Літве плануюць на 14 чэрвеня.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: