Беларускія праваабаронцы заклікалі ўлады адмовіцца ад параду 9 траўня

Дзесяць праваабарончых арганізацыяў Беларусі апублікавалі 6 траўня супольны ліст за скасаванне параду на Дзень Перамогі, а таксама яго рэпетыцыяў, праз рызыкі для здароўя ўдзельнікаў і гледачоў, паведамляе Радыё Свабода.
Заяву падпісалі «Беларускі дакументацыйны цэнтр», «Зьвяно», «Ідэнтычнасць і права», «Прававая дапамога насельніцтву», «Прававая ініцыятыва», камітэт «Салідарнасць», «ТаймАкт», Цэнтар прасоўвання правоў жанчынаў «Яе правы», Human Constanta і Lawtrend.

Праваабаронцы спасылаюцца на рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі здароўя і на Канстытуцыю Беларусі. Артыкул 45 Канстытуцыі гарантуе грамадзянам праву на ахову здароўя, а вайсковы парад у час пандэміі каронавірусу, пішуць праваабаронцы, дае «высокую рызыку неналежнага забеспячэння гэтага права».

У заяве таксама адзначаюць з'яўленне публікацыяў пра прымус студэнтаў і дзяржаўных службоўцаў да ўдзелу ў парадзе, што супярэчыць артыкулу 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Праваабаронцы бачаць у парадзе:
  • Рызыку заражэння вайскоўцаў у сувязі з працяглым бессімптомным перыядам COVID-19, у тым ліку рызыку распаўсюду вірусу на рэпетыцыях параду;
  • рызыку заражэння ветэранаў, якія праз узрост і так пад падвышанай пагрозай, а могуць аказацца сярод людзей без належнай дыстанцыі і сродкаў засцярогі;
  • рызыку для ўсіх наведнікаў з прычыны немагчымасці належнай дыстанцыі між імі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: