Мінінфарм пра забарону «Беларусь 24» ва Украіне: Парушэнне «свабоды слова» і «зачыстка інфармацыйнага поля ад няўгодных СМІ»

Міністэрства інфармацыі Беларусі лічыць выключэнне тэлеканалу «Беларусь 24» са спісу дазволеных для рэтрансляцыі на тэрыторыі Украіны «чарговым недружалюбным жэстам у дачыненні да беларускіх СМІ», паведамляе «Свабода».


«Рашэнне Нацыянальнай рады ў пытаннях тэлевізіі і радыёвяшчання дэманструе перакручанае разуменне ўкраінскім кіраўніцтвам свабоды слова і з’яўляецца працягам разгорнутай кампаніі на зачыстку інфармацыйнага поля ад няўгодных СМІ.

Услед за спыненнем вяшчання трох апазіцыйных украінскіх тэлеканалаў, грунтуючыся на адкрыта надуманых і расплывістых фармулёўках, пад забарону трапіў і тэлеканал „Беларусь 24“, гледачы якога атрымлівалі аб’ектыўную інфармацыю пра падзеі ў Беларусі і вакол яе», — гаворыцца ў заяве на сайце ведамства.

Міністэрства інфармацыі Беларусі таксама піша пра «шматлікія факты цэнзуры, ціску і расправы над апазіцыйнымі медыя» ва Украіне.

Напярэдадні ўлады Украіны забаранілі вяшчанне на сваёй тэрыторыі дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь 24».

Нацыянальная рада Украіны ў пытаннях тэлебачання і радыёвяшчання на пасяджэнні 10 чэрвеня выключыла тэлеканал «Беларусь 24» з пераліку замежных праграмаў, змест якіх адпавядае патрабаванням Еўрапейскай канвенцыі аб трансмежавым тэлебачанні і заканадаўству Украіны.

Падставай стала размяшчэнне ў эфіры беларускага каналу «аўдыёвізуальных твораў, забароненых для дэманстрацыі на тэрыторыі Украіны, фільмаў з удзелам актораў, уключаных у пералік асобаў, якія пагражаюць нацыянальнай бяспецы, а таксама за распаўсюджванне непраўдзівай інфармацыі пра ўкраінскую дзяржаву».

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: