Беларусы не могуць вярнуцца праз мяжу дадому. Што адбываецца?

Грамадзян Беларусі не пускаюць у краіну беларускія памежнікі, аніякіх тлумачэнняў на мяжы пакуль не даюць, паведамляе «Свабода».

У другой палове дня 29 кастрычніка ў сацсетках з’явілася інфармацыя аб закрыцці мяжы з Польшчай, Літвой і Украінай — беларусы масава скардзяцца, што не могуць вярнуцца на радзіму.


«На жаль, сапраўды, мяжа цяпер закрыта, — распавёў Onliner аператыўны дзяжурны аднаго з пунктаў пропуску Гродзенскай памежнай службы. — Для многіх гэта было нечаканасцю, у тым ліку для нас. Ніхто не чакаў. Не хвалюйцеся, гэта ніякае не ваеннае становішча. Прычына ў COVID-19. Які бок стаў ініцыятарам, не магу сказаць».

Пазней на сайце Дзяржаўнага памежнага камітэта з’явілася абвестка, што «шэраг сумежных пунктаў пропуску ва ўмовах COVID-19 не функцыянуе».

Раней беларускія ўлады называлі каронавірус «псіхозам» і ніякіх захадаў на абмежаванне ў трансгранічным перасоўванні не рабілі.

«Грамадзянаў Беларусі не пускаюць беларускія памежнікі, аніякіх тлумачэнняў. Літоўцы выпусцілі, а беларусы не пускаюць. Стаю тут з 12-й гадзіны», — паведаміў Свабодзе чытач, які заехаў на нейтральную зону паміж беларускай і літоўскай мяжой на Каменным Лозе.

Пра аналагічную карціну расказваюць беларусы на мяжы з Польшчай і Латвіяй: далей за нейтральную паласу ў бок Беларусі руху няма. Колькі часу працягнецца абмежаванне на ўезд, памежнікі не каментуюць.

Шмат беларусаў захрасла на мяжы з Украінай. Транзітныя пасажыры з аэрапорту ў Барыспалі расказалі Свабодзе, што сталі стопарам у Новай Гуце, не пускаюць дадому без тлумачэння прычыны. Пры гэтым фуры праязджаюць.


Выглядае, што пакуль для беларусаў адчыненая толькі паветраная мяжа. У Нацыянальным аэрапорце Свабодзе паведамілі, што самалёты прызямляюцца паводле раскладу, ніякіх абмежаванняў для пасажыраў няма.

 

Лукашэнка даручыў умацаваць межы

Раней агенцтва БелТА паведаміла, што Аляксандр Лукашэнка даручыў умацаваць межы з Польшчай, краінамі Балтыі і Ўкраінай, але «не рабіць жалезнай заслонай».

Ён гэта аргументаваў тым, што Беларусі «кінулі выклік».

«Нам трэба сёння яшчэ раз паглядзець, мы многае зрабілі, калі я гаварыў: мы павінны закрыць граніцу. Закрыць граніцу — не зрабіць яе жалезнай заслонай, гэта нікому не патрэбна. Граніца — гэта зона дружбы народаў. Вы бачыце, нам кінулі выклік. Якая тут дружба... Але народы не вінаватыя», — заявіў Лукашэнка.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: