«Беларусы заслугоўваюць свабоду». Якія краіны не прызналі Лукашэнку легітымным

Пасля таемнага правядзення інаўгурацыі ў Мінску прадстаўнікі шэрагу еўрапейскіх краін заявілі, што не прызнаюць Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзідэнтам Беларусі, піша Свабода.
Літва
Міністр замежных спраў Літвы назваў інаўгурацыю Лукашэнкі фарсам.

«Які фарс, — напісаў Лінас Лінкявічус у Twitter. — Падробленыя выбары. Падробленая інаўгурацыя. Былы прэзідэнт Беларусі не становіцца менш былым. Яго нелегітымнасць — гэта факт з усімі наступствамі, што вынікаюць адсюль».

Крыху пазней з заявай выступіў і прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа. Літва не прызнае Аляксандра Лукашэнку законным прэзідэнтам Беларусі, і арганізаваная ў Мінску цырымонія інаўгурацыі гэтай сітуацыі не зменіць, заявіў Наўседа.

«Літва не прызнае Лукашэнку законным кіраўніком Беларусі. Выбары 9 жніўня ў Беларусі не былі свабоднымі, сумленнымі і дэмакратычнымі. Ні таемныя, ні пампезныя цырымоніі не абвергнуць гэтага неаспрэчнага факту і не створаць ілюзію легітымнасці», — заявіў у сераду прэзідэнт Літвы.

«Мы выказваемся за новыя дэмакратычныя выбары прэзыдэнта з удзелам міжнародных назіральнікаў», — адзначыў Наўседа, каментар якога перадаў агенцтву BNS прэс-сакратар Антанас Бубняліс.

Польшча
Варшава не разглядае Лукашэнку як легальнага прэзідэнта, гаворыцца ў паведамленні МЗС краіны ў​ Твітары.

«Прэзідэнт, абраны на недэмакратычных выбарах, не можа разглядацца як легальна выконваючы ўладу, незалежна ад таго, ці прысяга была сакрэтнай, ці афіцыйнай». – гаворыцца ў заяве знешнепалітычнага ведамства Польшчы.

Славакія
Паводле міністра замежных і еўрапейскіх справаў Славакіі Івана Корчака, Аляксандр Лукашэнка не мае легітымнасці кіраваць Беларуссю. Пра гэта кіраўнік славацкай дыпламатыі заявіў у Twitter.

«Ён нясе адказнасць за прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, якія не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі. Славакія падтрымлівае грамадзянаў Беларусі», — напісаў Корчак.

Эстонія
Кіраўнік МЗС Эстоніі: «Лукашэнка відавочна страціў свой мандат».

Інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі ў якасці прэзідэнта Беларусі нелегітымная і супярэчыць дэмакратычным прынцыпам. Так выказаўся ў сераду кіраўнік МЗС Эстоніі Урмас Рэйнсалу.

«Лукашэнка відавочна страціў свой мандат, — напісаў ён у Twitter. — Мы заклікаем да свабодных і справядлівых выбараў, каб народ Беларусі атрымаў прэзідэнта, якога ён заслугоўвае».

Германія
Германія не прызнала Лукашэнку прэзідэнтам Беларусі

Такую заяву афіцыйнага прадстаўніка нямецкага ўраду Штэфана Зайберта перадае Deutsche Welle.

Латвія
Латвія не лічыць, што адбылася ў Мінску цырымонія інаўгурацыі, якая ўзаконьвае вынікі выбараў і дае паўнамоцтвы Аляксандру Лукашэнку заняць пасаду прэзідэнта Беларусі ў шосты раз. Пра гэта афіцыйна заявіла міністэрства замежных спраў гэтай краіны.

Раней пра непрызнанне Лукашэнкі легітымным прэзідэнтам Беларусі заявіў кіраўнік МЗС Латвіі Эдгарс Рынкевічс.

Паводле каментару прэсавага сакратара міністэрства Яніса Бэкэрыса, Латвія не прызнае вынікі гэтых выбараў і не лічыць Аляксандра Лукашэнку законным прэзідэнтам Беларусі.

Адначасова Латвія «пакіне адкрытымі дыпламатычныя каналы для супрацоўніцтва з Беларуссю на тэхнічным узроўні».

Чэхія
Чэшская рэспубліка не прызнала інаўгурацыю Лукашэнкі легітымнай

«Выбары ў Беларусі не былі ні вольнымі, ні справядлівымі, — напісаў у Twitter міністар замежных справаў Чэхіі Томаш Петршычак. — Таму іх вынік нелегітымны, таму і сённяшняя інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі нелегітымная. Беларуская грамадзянская супольнасць мае поўную падтрымку Чэшскай Рэспублікі. Беларусы заслугоўваюць свабоду».

Данія
Міністр замежных спраў Даніі: «Лукашэнка пацвердзіў брак легітымнасці прызначэннем сакрэтнай інаўгурацыі».

«Беларусі патрэбны вольныя і справядлівыя выбары, дэмакратычна выбраны прэзідэнт, — напісаў у Twitter міністр замежных справаў Даніі Епэ Кофад. — Сфальсіфікаваныя выбары павінны прывесці Лукашэнку не ў прэзідэнцкі палац, а ў санкцыйны спіс Еўразвязу».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: