«Беражы здароў'е — яно спатрэбіцца ў будучай барацьбе»

Сёння Дзень нараджэння ў палітвязня Зміцера Паліенкі. Сваё 24-годззе моладзевы актывіст сустракае ў Бабруйскай калоніі. Былы палітзняволены Мікола Дзядок узгадвае, як сам сустракаў Дні народзінаў за кратамі.


“Зміцеру магу пажадаць цярпення і берагчы здароў’е – яно яшчэ спатрэбіцца ў будучай барацьбе”, – кажа Мікола.

Мікола Дзядок успамінае, што за кратамі Дні нараджэння праходзілі ў залежнасці ад таго, дзе ён знаходзіўся.

“Калі ў “адзіночцы” ці ПКТ, то быў звычайны дзень, – кажа Мікола. – Хіба сам сабе стараўся арганізаваць “свята”- заварваў гарбату з нейкімі прысмакамі. Калі ў “зоне” ці ў “крытай”, то сукамернікі віншавалі, намагаліся таксама знайсці чаго-небудзь смачнага, падпісвалі паштоўку і дарылі. Так прынята. Але ў любым выпадку была велізарная колькасць віншаванняў: лістоў і паштовак з волі. Бывала што і да 20 лістоў на дзень прыходзіла”.

Мікола Дзядок звяртаецца да Зміцера Паліенкі ў гэты дзень з такімі словамі: “Магу пажадаць цярпення і берагчы здароў’е – яно яшчэ спатрэбіцца ў будучай барацьбе”.

***

Зміцер Паліенка – анархіст з Мінска. Нагодай для крымінальнага пераследу стаў ягоны ўдзел у мірным сходзе “Крытычная маса”, які адбываўся 29 красавіка 2016 г. у Мінску і быў гвалтоўна спынены міліцыяй. Відэа затрымання:



12 кастрычніка 2016 года судом Цэнтральнага раёна г. Мінска прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў) і часткай 2 артыкула 343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару). Паводле прысуда, Зміцер быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.

7 красавіка 2017 года судом Заводскага раёна г. Мінска разгледжана прадстаўленне органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага (хутчэй за ўсё, УУС Заводскага раёна), і адменена адтэрміноўка выканання пакарання. У сувязі з гэтым, без права на абскарджванне, актывіст падлягае накіраванню ў папраўчую калонію для адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1,5 гады (з улікам часу ўтрымання пад вартай да суду ў 2016 годзе).

Зміцеру Паліенку можна дасылаць лісты падтрымкі (лепш – замоўныя, бо тады большая верагоднасць, што яны зойдуць) па адрасе: 213800 Магілёўская вобласць, г.Бабруйск, вул.Сікорскага, 1. ПК-2, атрад № 9.

Паводле palitviazni.info


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: