БХД ідзе на «рэкорд Гінеса» (+фота)

Сёмы (!) устаноўчы з’езд БХД вырашыў зноў падаць дакументы на рэгістрацыю. Ва ўсіх папярэдніх спробах Мінюст адмовіў у рэгістрацыі партыі. Як адзначыў адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі, БХД ідзе на рэкорд Гінеса па адмовах у рэгістрацыі.

«Акрамя гэтага мы яшчэ каля двух дзясяткаў разоў падавалі дакументы на рэгістрацыю грамадскіх арганізацый, маладзёжных, абласных, сацыяльных арганізацый. Адмова, адмова, адмова — заўсёды адмова, — зазначыў сустаршыня БХД Павел Севярынец. — Рэжым баіцца масавай хрысціянскай дэмакратыі, баіцца, што далучацца людзі з цэркваў, баіцца, што далучацца тыя, з кім мы працуем падчас нашых шырокіх кампаній. І таму адмаўляецца нас рэгістраваць. Але мы абавязаны падаваць дакументы на рэгістрацыю, каб не падпасці пад 193 артыкул Крымінальнага кодэкса — дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі».



Сёлета БХД як палітычная партыя адзначыла 100-гадовы юбілей. З’езд БХД быў таксама прымеркаваны і гэтай падзеі. Але, як адзначыў Павел Севярынец, гісторыя беларускай хрысціянскай дэмакратыі значна глыбей. Сама ідэя дэмакратыі на хрысціянскіх прынцыпах разам з беларускай дзяржаўнасцю налічвае ўжо тысячу гадоў. Яна сягае ў часы Полацкага княства і Вялікага княства Літоўскага.

Павел Севярынец

Павел Севярынец

«І агулам хрысціянскія дэмакраты кіравалі Беларуссю 600 гадоў з гэтай тысячы, — сказаў Павел Севярынец. — Я спадзяюся, што мы адновім гэты залаты век Беларусі, калі беларуская хрысціянская дэмакратыя стане кіруючай партыяй у Беларусі».

БХД прыняла арыгінальнае рашэнне па мясцовых выбарах, што адбудуцца ў лютым. А менавіта: падтрымаць і тых сябраў, якія вырашылі браць удзел у выбарчай кампаніі, і тых, хто выступае за байкот ці ігнараванне выбараў. Як адзначаецца ў рашэнні з’езду, партыя падтрымлівае ўсе формы пратэсту супраць несвабодных і несумленных выбараў. БХД падтрымае і тых, хто сваім вылучэннем прадстаўляе альтэрнатыву прызначэнню ўладамі дэпутатаў, і тых, хто выступае супраць самой кампаніі фальсіфікацыяў пад назвай «мясцовыя выбары».

Прадстаўнікоў партыі, якія гатовы выкарыстаць выбарчую кампанію дзеля легальнай агітацыі, плануецца вылучыць на 100 акругах. Акрамя гэтага, сябры партыі будуць удзельнічаць у кампаніі назірання і выкрыцці фальсіфікацыяў.

Вольга Квалькова

Вольга Квалькова

Яшчэ адной падзеяй на з’ездзе стала выпраўленне гендэрнага дысбалансу. У сустаршыні партыі выбралі Вольгу Кавалькову, якая актыўна займаецца сацыяльнымі кампаніямі. А таксама распрацоўкай заканадаўчых прапановаў і камунікацыяй з прадстаўнікамі ўлады і прадстаўнікамі хрысціянскіх супольнасцяў.

«У БХД ёсць вельмі важны прынцып працы — «тут і цяпер»,— зазначыла Вольга Кавалькова. – Гэта азначае, што не важна, калі мы прыйдзем да ўлады. Мы жывем у гэтай краіне цяпер і мы хочам, каб у тых законах, якія прымае сёння ўлада, было ўлічана наша меркаванне. І каб нават не будучы пры ўладзе, але змагаючыся за яе, мы ўплывалі на сённяшнюю палітыку ўлады. На мой погляд, у аснове нашай працы павінны быць два прынцыпы — гэта адкрытасць і прафесіяналізм. Адкрытасць — бо беларуская хрысціянская дэмакратыя, як мы дэкларуем, з’яўляецца народнай партый. І мы павінны быць больш адкрытымі для людзей. Мы павінны не толькі казаць, але і слухаць тое, што хочуць людзі. І што ім патрэбна. Мы не павінны выглядаць нейкай «каляхрысціянскай сектай», мы павінны быць партыяй большасці, якая заснавана на хрысціянска-дэмакратычных прынцыпах. І кожны, хто да нас звяртаецца, павінен адчуваць клопат і абарону нашай партыі. Мы не павінны дзяліць людзей на «сваіх і чужых». Гэта не хрысціянскі падыход».

Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

Удзельнікі з’езду заклікалі ўсе дэмакратычныя сілы Беларусі аб’яднацца дзеля дасягнення галоўнай мэты — правядзення свабодных справядлівых выбараў і дэмакратычных рэформ. І падтрымаць ідэю вылучэння адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года.

«БХД ставіць мэтай яднанне шырокіх дэмакратычных сілаў, вылучэнне адзінага кандыдата, і праз два гады — правядзенне пераможнай прэзідэнцкай кампаніі і дэмакратызацыю нашай краіны», — заявіў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!