Бітвы, якія дзяржава прайграла на гэтым тыдні

Дзве маштабныя падзеі адбыліся за апошні тыдзень. Першай, безумоўна, стаў паспяхова праведзены Дзень салідарнасці з Беларуссю, які абвясціла на 7 лютага Святлана Ціханоўская.

Гэты дзень прайшоў даволі маштабна. Асноўныя сусветныя гульцы засведчылі: яны не забываюцца пра Беларусь і пра сітуацыю ў нашай краіне. Еўрасаюз у сумеснай заяве высокага прадстаўніка ЕС Жазэпа Барэля і камісара па палітыцы суседства і пашырэнні Олівера Вархеі заклікаў беларускія ўлады вызваліць палітвязняў, журналістаў і ўсіх адвольна затрыманых асоб, а таксама пачаць «сапраўдны, усёабдымны нацыянальны дыялог».

«Еўрапейскі саюз працягвае цвёрда стаяць на баку народа Беларусі. Улады павінны прыслухацца да настойлівых заклікаў забяспечыць дэмакратычную будучыню і захаванне фундаментальных свабодаў і правоў чалавека. Неабходна неадкладна спыніць гвалт над мірнымі дэманстрантамі. Усе адвольна затрыманыя асобы, у тым ліку палітычныя зняволеныя і журналісты, павінны быць неадкладна і безумоўна вызваленыя. Усе вінаватыя ў парушэннях правоў чалавека павінны быць прыцягнутыя да адказнасці», — гаворыцца ў заяве.

Канцлерка ФРГ Ангела Меркель у сваім відэазвароце выказала салідарнасць з дэманстрантамі ў Беларусі, якія ўжо паўгода выходзяць на акцыі з патрабаваннем дэмакратыі і свабоды, і заклікала палітычнае кіраўніцтва ў Мінску неадкладна спыніць рэпрэсіі і вызваліць палітвязняў. Але аднымі словамі не абмежавалася — урад Германіі прыняў праграму падтрымкі грамадзянскай супольнасці Беларусі, на якую будзе выдзелены да 21 мільёна еўра.

ЗША падтрымалі народ Беларусі ў яго імкненні да дэмакратыі, свабоды і справядлівасці, гаворыцца ў заяве амбасады ЗША ў Мінску. Канада выдаткуе 2,25 мільёна канадскіх долараў на падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці.

Літоўскі еўрадэпутат і былы прэм’ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс плануе дамагчыся ад Еўрасаюза ўключыць у санкцыйны спіс больш чым 250 беларускіх чыноўнікаў. А ў Чэхіі пададзеная першая заява на беларускіх сілавікоў у рамках універсальнай юрысдыкцыі. Нагадаем, што 4 такіх заявы ўжо пададзеныя ў Літве, і па адной літоўская Генпракуратура ўжо завяла крымінальную справу.

Такім чынам, для беларускіх «сілавікоў» паступова зачыняецца «акно ў Еўропу».

Яшчэ адной маштабнай падзеяй можна назваць збор подпісаў пад петыцыяй супраць прызнання бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкай сімволікай. Пракуратура абвясціла, што з заявай аб прызнанні нацыянальнага сцяга экстрэмісцкім выступіла «каля ста грамадзян». За некалькі дзён петыцыю супраць гэтага падпісалі сто тысяч чалавек — а дакладней, яна сабрала 102 591 подпісаў.

Канешне, у сітуацыі прававога бязмежжа ўлады могуць проста праігнараваць гэтыя подпісы. Але гэта і не важна. Важна тое, што бел-чырвона-белы сцяг ужо заняў месца ў сэрцах беларусаў. І адтуль яго ўжо не выб’еш ніякімі абвяшчэннямі «экстрэмісцкім» ці «незарэгістраванай сімволікай».

Карацей, улада прайграла яшчэ адну важную бітву на ідэалагічным фронце.

І навіны «з таго боку», якія гэтаму самаму «таму боку» не надаюць ніякай упэўненасці. Паводле звестак Нацыянальнага банка Беларусі, золатавалютныя рэзервы краіны ў студзені 2021-га ўсохлі яшчэ на $265 мільёнаў — і абнавілі мінімум за апошнія два гады. ЗВР упалі да $7,2 мільярда. Але гэта яшчэ не мяжа. На пачатак 2022 года Нацбанкам запланавана падзенне ЗВР да $6 мільярдаў.

Нагадаем, самага нізкага значэння ў 2020 годзе ЗВР дасягалі 1 кастрычніка, калі апусціліся да $7321,4 мільёна.

Паводле традыцыйных ацэнак эканамістаў, аб’ём ЗВР павінен складаць 3–5 месячных аб’ёмаў імпарту. Паводле аператыўных звестак Белстата, у снежні 2020-га аб’ём імпарту быў $3533 мільёна, што складае 2 сумы ЗВР і не дацягвае да ніжняй мяжы дастатковасці. Яшчэ адзін крытэр ацэнкі ЗВР: іх аб’ём не павінен быць меншы за знешні дзярждоўг краіны. Паводле даных Мінфіна, знешні дзяржаўны доўг Беларусі на 1 студзеня 2021 дасягнуў $18,6 мільярда, што перавышае аб’ём ЗВР у 2,6 разы.

Яшчэ адну цікавую навіну прапануе тэлеграм-канал «Эканоміка». Прадпрыемства «АГАТ — электрамеханічны завод» у канцы 2020 года трапіла пад санкцыі ЕС. Цяпер завод распрадае маёмасць. На продаж выстаўлены «аб’ект нерухомасці» (адным лотам) коштам у 25 мільёнаў 110 тысяч рублёў. Але цікава, не толькі гэта, але і паведамленне, што дадзеная сума (без уліку НДС) складае 34,23% балансавага кошту актываў прадпрыемства. То-бок, усё прадпрыемства «Агат» каштуе 75 мільёнаў беларускіх рублёў, альбо каля 37 мільёнаў долараў.

Пры гэтым «Агат» спецыялізуецца на прадукцыі ВПК і з’яўляецца структурай Дзаржкамваенпраму. Гэта ж да чаго трэба было давесці нават стратэгічнае прадпрыемства, каб яно прадавала свае актывы?

Улады ў чарговы раз заняліся цікавай дзейнасцю, якую нельга назваць ніяк, акрамя як «асваеннем бюджэтных грошай» без якога-кольвек станоўчага выніку. У адпаведнасці з распараджэннем прэм’ер-міністра, створана міжведамасная рабочая група для распрацоўкі дарожнай карты па стварэнні і прасоўванні «брэнда Рэспублікі Беларусь». Прычым, завяршыць сваю працу яна павінна да траўня 2021 года. І, адпаведна, усе гэтыя часы людзі будуць атрымліваць заробкі і прэміі.

«Брэнд Рэспублікі Беларусь» на дадзены момант вядомы: гэта міліцэйская дубінка, аўтазак ды амапавец у балаклаве. Колькі не распрацоўвай дарожных мапаў, ён не зменіцца, пакуль не зменіцца сітуацыя ў краіне.
Праўда, гэта тычыцца толькі афіцыйнай Беларусі. Эксперт па маркетынгавых камунікацыях і сістэмнаму развіццю бізнесу Аляксандр Колб лічыць, што сёння ёсць два абсалютна розныя брэнды: самі беларусы і асобна Рэспубліка Беларусь. «Гэта два розных паняцці. Я думаю, што падзеі з сярэдзіны 2020 — пачатку 2021 года паказалі ўсяму свету, што ў Беларусі ёсць выдатныя людзі, таленавітыя, разумныя, бясстрашныя людзі. І ёсць іншы бок медаля, як інь і янь, белае і чорнае», — адзначае эксперт.

Брэнд «самі беларусы» не патрабуе аніякіх «дарожных мапаў» па яго прасоўванні. А брэнд «Рэспубліка Беларусь» прасоўванню не паддаецца. Увогуле.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: