Беларусь прапісала «зялёных чалавечкаў» у законе

Сумны прыклад Украіны, якая часова пазбавілася паўвострава Крым у выніку ўзброенай расійскай агрэсіі з выкарыстаннем вайскоўцаў арміі РФ без апазнавальных знакаў, натхніў беларускіх заканадаўцаў на ўнясенне істотных змяненняў у Закон «Аб ваенным становішчы».



Яно можа быць уведзена ў Беларусі і без афіцыйнага абвяшчэння ёй вайны якой-небудзь краінай. Тэкст новага закона, ужо прынятага дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі і падпісанага прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. У сілу закон уступае з 1 лютага 2015 года.

«Зялёныя чалавечкі» (менавіта так называлі расійскіх ваенных без апазнавальных знакаў, якія акупавалі паўвостраў Крым) зараз афіцыйна лічацца ў Беларусі адным з відаў нападу, якi пагражае тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту дзяржавы. Акрамя адкрытай анэксіі беларускай тэрыторыі, ракетна-бомбавых і авіяцыйных удараў з іншай краіны альбо прымянення іншай зброі супраць Беларусі, у абноўленым законе прапісана таксама «засылка іншай дзяржавай узброеных бандаў (груп), ірэгулярных сіл ці падраздзяленняў рэгулярных войскаў».
 
 
Таксама ў законе гранічна ясна апісаны падзеі, якія з гэтага часу будуць афіцыйна лічыцца ваеннай пагрозай, дастатковай для ўвядзення ў Беларусі ваеннага становішча. У прыватнасці, да такой пагрозы залічана канцэнтрацыя ўзброеных сiл iншай дзяржавы ля мяжы Беларусі, калі яна відавочна ўказвае на агрэсіўныя намеры, або правядзення ў іншай дзяржаве мабілізацыі з мэтай нападу на Беларусь.
 
 
Змены ў грамадскім і палітычным жыцці ў выпадку ваеннага становішча агавораны ў законе не менш старанна. У прыватнасці, пры увядзенні ваеннага становішча будзе немагчыма распусціць ні адну з дзвюх палат беларускага парламента, нават калі скончыцца тэрмін іх паўнамоцтваў. Тое ж датычыцца і мандата прэзідэнта: новыя выбары ў перыяд ваеннага становішча немагчымыя, а паўнамоцтвы дзеючага кіраўніка дзяржавы падаўжаюцца да яго адмены. Грамадзянам краіны на гэты час забараняецца збор і распаўсюд любой інфармацыі, якая тычыцца Узброеных сіл і органаў тэрытарыяльнай абароны, удзел у мітынгах, пікетах і дэманстрацыях, а таксама набыццё паляўнічай зброі і боепрыпасаў.
 
 
Акрамя таго, на радавых беларусаў ускладаецца цэлы шэраг абавязкаў: у прыватнасці, усе грамадзяне краіны, якія дасягнулі 16-гадовага ўзросту, могуць прыцягвацца да бясплатных работ у інтарэсах абароны, ліквідацыі наступстваў прымянення зброі, аднаўленні разбураных аб'ектаў і г.д. Прымусіць працаваць не змогуць толькі мужчын, старэйшых за 60 гадоў i жанчын старэйшых за 55. Таксама на грамадзян ускладаецца абавязак прадастаўляць наяўныя ў іх жылыя і нежылыя памяшканні для абаронных патрэб і размяшчэння перасяленцаў (за гэта прадугледжаная грашовая кампенсацыя).
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: