Беларускія праваабаронцы выказваюць пратэст супраць пераследу сваіх азербайджанскіх калег

Падставай для заявы стала затрыманне ў Баку мясцовых праваабаронцаў Лэйлы і Арыфа Юнусаў.



Праваабаронца з Азербайджана Лэйла Юнус


Дырэктар Інстытут міру і дэмакратыі Лэйла Юнус і яе муж былі затрыманыя 30 ліпеня, калі накіроўваліся на мерапрыемства Інстытута свабоды і бяспекі рэпарцёраў, гаворыцца ў заяве беларускага праваабарончага цэнтра «Вясна», які быў зачынены ўладамі і з 2003 года вымушаны працаваць без рэгістрацыі.


У той жа дзень Лэйле Юнус было прад'яўленае абвінавачванне па шэрагу цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса (здрада радзіме, махлярства, ухіленне ад выплаты падаткаў, незаконнае прадпрымальніцтва). У дачыненні да яе ўжытая мера стрымання ўзяцце пад варту тэрмінам на тры месяцы. Яе муж абвінавачваецца ў здрадзе радзіме і махлярстве. Да яго прыменена мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе. Па месцы працы і пражывання праваабаронцаў былі праведзены ператрусы.


«Затрыманне Лэйлы і Арыфа Юнусаў звязана з іх актыўнай праваабарончай дзейнасцю. Лэйла Юнус падрыхтавала спіс дзяржаўных чыноўнікаў Азербайджана, якія маюць дачыненне да парушэння правоў чалавека, каб Еўрапейскім Саюзам і ЗША ў дачыненні да гэтых асоб былі задзейнічаны персанальныя санкцыі», — адзначаецца ў заяве.


Яго аўтары звяртаюць увагу на сістэматычныя парушэнні правоў чалавека ў Азербайджане, палітычна матываваны пераслед дэмакратычных актывістаў, грамадскіх дзеячаў і праваабаронцаў, якія прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці па сфабрыкаваных справах.


Так, каля двух месяцаў таму ў Баку да пяці з паловай гадоў турэмнага зняволення быў асуджаны праваабаронца Анар Мамедлі, кіраўнік Цэнтра маніторынгу выбараў і навучання дэмакратыі, якому «улады помсцяць за выкрыццё фальсіфікацый падчас прэзідэнцкіх выбараў 2013 года».


«Асаблівае абурэнне гэтыя рэпрэсіі ў дачыненні да праваабаронцаў выклікаюць у сувязі з тым, што з мая 2014 Азербайджан пачаў старшынства ў Камітэце міністраў Савета Еўропы», — падкрэсліваюць беларускія праваабаронцы.


Аўтары заявы выказваюць салідарнасць з увязненымі азербайджанскімі калегамі, патрабуюць ад уладаў Азербайджана неадкладнага вызвалення ўсіх без выключэння палітвязняў, а таксама заклікаюць ЕС і ЗША, нягледзячы на эканамічныя кантакты з Азербайджанскай Рэспублікай, «прыняць усе магчымыя меры для аказання ціску на ўрад гэтай краіны».


«Вясна» заклікае прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі далучацца да заявы, тэкст якой апублікаваны на праваабарончым сайце www.spring96.org.


На наступным тыдні заяву плануецца перадаць у амбасаду Азербайджана ў Мінску.

БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: