Берасцеец, абвінавачаны ў паклёпе на Лукашэнку: «Мне на свабодзе месца няма: вар’ятня або турма»

Журналісту "Радыё Свабода" ўдалося пагаварыць з берасцейцам Міхаілам Лукашэвічам, якога за надпісы на ўласным плоце абвінавацілі ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку. За гэта яму пагражае да 4 гадоў пазбаўлення волі.



«Будавалі камунізм — а атрымаўся крызіс», «Калі нашу ўладу пасадзіць у вар’ятню, то наш народ будзе жыць лепш за ўсіх у свеце», «Хто хлусіць — той лепей усіх жыве. Але нядоўга». Такія, ды іншыя надпісы можна ўбачыць на плоце 63-гадовага берасцейца. Ёсць там і словы пра Аляксандра Лукашэнку.

Лукашэвіч — дысідэнт са стажам. Яшчэ да пачатку перабудовы ён пісаў лісты-скаргі «на Захад». А ў 1984 годзе быў затрыманы ў Маскве каля амбасады Францыі. Кажа, што хацеў перадаць чарговы ліст у ААН. Пасля затрымання Лукашэвіча змясцілі ў савецкую вар’ятню.

Выйшаў ён адтуль толькі тады, калі не стала Савецкага Саюзу.

Спадар Міхаіл зараз вельмі закрыты чалавек і не ідзе на кантакт з журналістамі. Сустрэцца з карэспандэнтам «Радыё Свабода» пагаджаецца не адразу, даводзіцца прыкласці максімум «дыпламатычных» высілкаў.

Хата Міхаіла Лукашэвіча знаходзіцца ў Вычулках, колішняй вёсцы, якая стала часткай Берасця. Побач — аўтобусны прыпынак. Цяпер у гэтым раёне шмат катэджаў бізнэсоўцаў ды чыноўнікаў.

Хаты Міхаіла амаль не бачна з-за больш як двухметровага плоту, на які прымацаваныя дошкі з надпісамі. У двары брэша вялікі непрывязаны сабака, таму не дзіўна, што журналістам цяжка трапіць у госці да гаспадара. Тэлефаную Міхаілу, ён выходзіць насустрач з брамы з кніжкай «Лісты на Свабоду»:

«Вось, нядаўна ад вашага радыё атрымаў, чытаю...»

Міхаіл адразу ладзіць экскурсію каля свайго плоту. Кажа, што не разумее, дзе тут паклёп на прэзідэнта:

«Ну вось надпіс: „Рабілі з мяне дурня, а самі абгадзіліся“. Ну разваліўся ж Савецкі Саюз? Абгадзіліся? Абгадзіліся! Далей: „70 год здзекаў уладаў. Розум, гонар, сумленне, закон — гэта нашай уладзе супрацьпаказана“. Ну што тут не так? Я працаваў, Новалукомльскую ГРЭС будаваў, дзве грыжы зарабіў... І што, з мяне не паздзекаваліся? Далей — „Лукашэнка непасрэдна падначальваецца карнай псіхіятрычнай сістэме камуністычнага рэжыму і не можа выконваць свае непасрэдныя прэзідэнцкія абавязкі“. І што не так? Я звяртаўся да яго ў адміністрацыю, пісьмова звяртаўся. І мяне выгналі фактычна адтуль...» — тлумачыць Міхаіл надпісы на сваім плоце.

Суседзі да палітычнага блогу на плоце Лукашэвіча ставяцца неадназначна. Міхаіл распавёў, што аднойчы ад некага з суседзяў была скарга ў міліцыю, быццам у яго хаце наркотыкі ды зброя. Кажа, прыехалі міліцыянты, выбілі вокны, ладзілі вобшук... Нічога не знайшлі.

«Я ў савецкі час выступаў не супраць камунізму, а за справядлівасць... Я паважаю закон. Я за 63 гады ані ў выцвярэзніку, ані ў турме — нідзе не бываў. 15 сутак толькі меў за тое, што за жанчыну пабіўся быў... Пасля затрымання каля французскай амбасады сядзеў у той жа вар’ятні, дзе Высоцкі... Я хачу, каб мне дазволіла ўлада жыць паводле закону, а не пхала на яго парушэнне», — кажа Міхаіл.

 

Вароты ў двор Лукашэвіча

Вароты ў двор Лукашэвіча

Пасля распаду Савецкага Саюзу жыццё Міхаіла Лукашэвіча не наладзілася. Спрабаваў рэабілітавацца, давесці, што ён не вар’ят. Кажа, што пасля адной з няўдач і распачаў пісаць на плоце. З мінулым «вар’ята» Лукашэвічу цяжка было здабыць працу і доўга на ёй утрымацца.

У выніку, кажа Міхаіл, пакінуў спробы стала працаўладкавацца і пачаў перабівацца часовымі падпрацоўкамі.

«Мне ўсё забаранілі. Жыць забаранілі... За рулём яшчэ ездзіў, але і гэта забаранілі. На свабодзе мне месца няма — мне або вар’ятня, або турма... Але я памру што так, што гэтак, у мяне хваробаў — і хранічных, і ўсялякіх...» — нярадасна апісвае Міхаіл Лукашэвіч свае перспектывы.

 

Пытаюся, як сваякі ставяцца да ягонай сітуацыі.

«Сям’я мая — гэта сабака і я...»

У снежні 2014 года Следчы камітэт Берасця распачаў супраць Міхаіла Лукашэвіча справу паводле ч. 1 артыкула 367 Крымінальнага кодэксу Беларусі — паклёп у дачыненні да прэзідэнта. Следчыя пакуль не разгалошваюць дэталяў справы, бо прызначаны шэраг экспертыз. Абвінавачанне пакуль не выстаўленае. Берасцейскі праваабаронца Уладзімер Малей распавёў, што ў лютым Міхаіл Лукашэвіч на тры дні быў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Дома ў Лукашэвіча адбыўся ператрус — забралі фарбы, і пэндзлі, якімі мужчына быццам бы рабіў надпісы.

Паводле Уладзімера Малея, Лукашэвічу найхутчэй прызначаць псіхіятрычную экспертызу:

«Калі напішуць яму псіхічнае захворванне, то ў сувязі з гэтым суд яго не прыцягне да крымінальнай адказнасці. Могуць накіраваць на прымусовае лячэнне. А калі напішуць, што здаровы, то тады можа быць і лёгкае пакаранне — штраф. А можа быць і пазбаўленне волі да 4 гадоў».

Над плотам – шалі, якія дэманструюць “перавес хабару над законам”

Над плотам — шалі, якія дэманструюць “перавес хабару над законам”

Месца для надпісаў тут шмат, яны час ад часу мяняюцца
Месца для надпісаў тут шмат, яны час ад часу мяняюцца

www.svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!