Блогер Сяргей Ціханоўскі атрымаў яшчэ 15 сутак арышту

Аўтара YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргея Ціханоўскага 18 траўня асудзілі яшчэ на 15 сутак арышту за несанкцыянаваны масавы сход. За якое менавіта мерапрыемства асудзілі Ціханоўскага, у судзе Савецкага раёну Гомеля не ўдакладнілі, піша «Свабода».

Блогер Сяргей Ціханоўскі на судзе, студзень 2020

Ужо 12 дзён Ціханоўскі — у ізалятары часовага ўтрымання ў Гомелі. Адтуль яго прывозілі на судовае пасяджэнне 18 траўня.

Што здарылася?

Пасля двух дзён пераследу 6 траўня міліцыя затрымала Сяргея Ціханоўскага ў Магілёве паводле пастановы суду Савецкага раёну Гомля аб адміністрацыйным арышце. Па дадзеных праваабаронцаў «Вясны», Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 15 сутак яшчэ 10 студзеня 2020 году за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй 20 снежня. Але адбываць гэты 15-суткавы арышт тады яго не адправілі, а адпусцілі на волю пасля 15-суткавага арышту, прысуджанага раней. Пастанова аб арышце блогера ўступіла ў законную сілу 15 студзеня. Па законе ва ўладаў быў год, каб накіраваць Сяргея Ціханоўскага адбываць арышт.

9 траўня Ціханоўскі з падпісчыкамі планаваў правесці ў Бабруйску «АнтыПарад» — акцыю пратэсту супраць параду ў Менску падчас пандэміі каронавірусу.

 

«Дзяцей пазбавілі таты»

«Яго прэсуюць за тое, што рабіў добрую справу. За тое, што адкрываў людзям вочы — а нікому гэта не падабаецца. Так далі месяц арышту, і дзяцей пазбавілі таты», — пракаментавала Свабодзе жонка блогера Святлана Ціханоўская.

 

Святлана Ціханоўская падае дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў Цэнтральную выбарчую камісію, 15 траўня 

Яна дадала, што зранку маці блогера атрымала па пошце пратакол па артыкуле 23.34 КаАП з Бараўлянскага РАУС.

«Мы пачалі тэлефанаваць у суд, пытацца — калі будзе пасяджэнне, нам нічога не казалі, адпраўлялі чытаць сайт суду. У выніку так па-ціхаму пасудзілі яго, і ніхто не трапіў на пасяджэнне. Сяргей, мусіць, засмуціўся, што ніхто не прыйшоў яго падтрымаць. Проста ніхто не змог даведацца пра суд», — патлумачыла Святлана.

15 траўня Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Сяргея Ціханоўскага. Прычына: блогер нібыта няправільна аформіў дакументы, на заяве няма ягонага подпісу. Дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы падавала ягоная жонка Святлана Ціханоўская на падставе даверанасці, атрыманай яшчэ ў студзені гэтага года.

Тады прадстаўнікі ініцыятыўнай групы Ціханоўскага вырашылі зарэгістраваць ініцыятыўную групу для вылучэння кандыдатам у прэзідэнты ягонай жонкі — Святланы Ціханоўскай.

 

Затрыманні падчас акцыі ў Гомелі ў падтрымку Ціханоўскага, 7 траўня

Хто такі Сяргей Ціханоўскі

Відэаблогера Сяргея Ціханоўскага затрымалі 6 траўня пасля двух дзён міліцэйскага пераследу. На наступны дзень на ягоным Youtube-канале выйшла відэа, на якім Ціханоўскі гаворыць пра намер стаць кандыдатам у прэзідэнты Беларусі.

Дзясяткі чалавек у розных гарадах Беларусі затрымалі і асудзілі за акцыі ў падтрымку Сяргея Ціханоўскага. 

www.svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: