Блогера Пятрухіна правярае міліцыя — за «паклёп»

Супраць брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна распачатая міліцэйская праверка паводле артыкулу 188 Крымінальнага кодэксу («Паклёп»), паведамляе Радыё Свабода.
Як патлумачыў Свабодзе сам Сяргей Пятрухін, падставай да абвінавачання стаў выпуск ягонага аўтарскага відэаблогу «Народны рэпарцёр».

У прыватнасці, гаворка пра адзін з эпізодаў серыялу «Пінскі спрут», у якім расказваецца пра факты карупцыі і злоўжыванняў у рэгіянальнай уладзе. Заява на блогера паступіла ад аднаго з міліцыянтаў.

Паводле Пятрухіна, сюжэт выйшаў на пачатку 2020 году, але праверку пачалі толькі цяпер. Ён мяркуе, што была замова зверху на нейтралізацыю тых, хто даводзіць праўдзівую інфармацыю — пачынаючы ад выкрывання парушэнняў на месцах і да пратэстаў супраць акумулятарнага заводу ў Брэсце пад лозунгамі адстаўкі Лукашэнкі. Калега Пятрухіна блогер Аляксандр Кабанаў разам з іншымі актывістамі адбывае 15-дзённы арышт за ўдзел у мітынгу супраць акумулятарнага заводу.

Сам Сяргей Пятрухін знаходзіцца на самаізаляцыі ў вясковым доме, але кажа, што трое сутак за ім сочаць. Ён непакоіцца, што ў яго могуць забраць носьбіты інфармацыі і апаратуру.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна», за апошні тыдзень гэта другі выпадак, датычны рэгіянальнага актывіста, калі міліцыя распачала праверку за паклёп.

23 красавіка праваахоўнікі наведаліся да праваабаронцы са Светлагорску Алены Маслюковай. Жанчына адмовілася даваць тлумачэнні на падставе артыкулу 27 Канстытуцыі. Па выніках агляду ў яе канфіскавалі «на экспертызу» смартфон і ноўтбук.

Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі звязвае праверкі з надыходзячай прэзідэнцкай выбарчай кампаніяй. Адна з мэтаў уладаў — прыціснуць рэгіянальных актывістаў, каб завязаць ім рот, адзначае праваабаронца.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: